Справа 1989 г. “Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш: рэабілітацыі не падлягаюць. Чаму?”
І ў савецкую эпоху, і ўжо за часамі суверэннай Беларусі была рэабілітаваная процьма неверагодна адыёзных асобаў. Сярод іх, напрыклад, наркам НКВД БССР Георгій Малчанаў – адзін з самых гнюсных катаў савецкіх спецслужбаў. Старшыні ГПУ БССР Рыгор Рапапорт і Станіслаў Рэдніс, па загадах якіх праводзіліся сістэмныя фальсіфікацыі следстваў, “раскулачванні”, ссылкі, высылкі і масавыя страты. Прытым некаторыя з тых садыстаў, забойцаў і паталагічных мярзотнікаў нават праходзяць у спецыяльных даведніках па графе “бязвінныя ахвяры”.
Але ўсе спробы пасмяротнай рэабілітацыі Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш заканчваюцца вызначэннем: “рэабілітацыі не падлягаюць”.
* * *
Савецкі Саюз зведаў тры хвалі масавай рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій.
Першая, суадносна невялікая, прайшла ў 1938 годзе. Лаўрэнцій Берыя, які змяніў Мікалая Яжова на пасадзе наркама ўнутраных спраў, энергічна ўзяўся за чыстку апарату НКВД ад яжоўскіх кадраў. Для кампраметацыі апошніх і з’явіўся тэрмін “парушэнні сацыялістычнай законнасці”. У выніку тысячы парушальнікаў-чэкістаў пасадзілі і расстралялі, а іх ахвяр давялося выпускаць з турмаў і, адпаведна, рэабілітаваць.
Другая хваля рэабілітацыі, ужо маштабная, адбылася пасля смерці Сталіна і арышту Берыі. Мэта таварыша Хрушчова была відавочнай: абламаць рогі сталінска-берыеўскаму МГБ. А для гэтага трэба было давесці яе злачыннасць праз датычнасць да масавых рэпрэсій. Датаго ж, рабская праца ў лагерах выяўлялася для савецкай эканомікі не толькі неэфектыўнай, але і стратнай. У выніку “банда Берыі” пайшла пад суд, а на волю масава павыходзілі іх ахвяры.
Але самая масавая рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій адбывалася на мяжы дзевяностых гадоў, за часами “перабудовы і галоснасці”, у эпоху нечуваных для савецкага чалавека свабодаў. Грамадская думка вымагала асуджэння злачынстваў камунізма і поўнай рэабілітацыі ўсіх ахвяр.
У КГБ СССР выдатна разумелі – трэба выпусціць пару і знізіць градус напругі. Так з’явіўся дакумент сумеснага аўтарства – Пракуратуры СССР і КГБ СССР:
СЕКРЕТНО
ПРОКУРАТУРА СОЮЗА ССР
КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ СССР
УКАЗАНИЕ
ГЕНЕРАЛЬНОГО ПРОКУРОРА СССР И ПРЕДСЕДАТЕЛЯ КОМИТЕТА ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ СССР
От 4 февраля 1989 г.
О порядке исполнения постановления ЦК КПСС от 5 января 1989 г. и Указа Президиума Верховного Совета СССР от 16 января 1989 г. «О дополнительных мерах по восстановлению справедливости в отношении жертв репрессий, имевших место в 30-40-х и начале 50-х годов»
Работу по отбору уголовных дел на лиц, реабилитированных Указом Президиума Верховного Совета СССР 16 января 1989 г., оформление соответствующих документов, возложить на подразделения прокуратуры, осуществляющие надзор за следствием в органах госбезопасности, следователей и наиболее квалифицированных сотрудников десятых и других подразделений органов КГБ.
Отбору подлежат все уголовные дела с неотмененными к моменту издания Указа Президиума Верховного Совета СССР решениями, вынесенных в период 30-40-х и начала 50-х годов «тройками» НКВД-УНКВД, коллегиями ОГПУ и иными несудебными органами, за исключением уголовных дел на изменников Родины и карателей в период Великой Отечественной войны, нацистских преступников, участников националистических бандформирований и их пособников, работников, занимавшихся фальсификацией уголовных дел, а также на лиц, совершивших умышленные убийства и иные уголовные преступления, кроме отнесенных законодательством того периода к контрреволюционным.
(…)
Генеральный прокурор СССР А. Сухарев
Председатель КГБ СССР В. Крючков
Як гэты дакумент рэалізоўваўся на практыцы?
У архівах КГБ павыграбалі ўсе існыя справы на “трацкістаў”, “зіноўеўцаў”, “антысаветчыкаў”, “сабатажнікаў”, “тэрарыстаў” і нават усялякіх бразільска-японскіх шпегаў, якіх з розных прычынаў не паспелі ці не схацелі рэабілітаваць у пяцідзесятыя-шасцідзесятыя. Паглядзелі прысуды, ацанілі артыкулы Крымінальнага кодэкса і ўклеілі ў канец крымінальных справаў “даведкі пра рэабілітацыю”.
Такім чынам, нерэабілітаванымі засталіся наступныя катэгорыі:
– Здраднікі Радзімі і карнікі часоў Другой сусветнай (абсалютная большасць была пералоўленыя МГБ адразу пасля вайны і сканала ў лагерах, ацалелі адзінкі).
– Былыя супрацоўнікі “органаў” часоў Генрыха Ягоды, Мікалая Яжова і Лаўрэнція Берыі (большасць адседзіла і павярнулася на волю, прытым некаторых нават і рэабілітавалі ў абыход усіх інструкцый).
– Крымінальнікі (з прафесійных злодзеяў эпохі Беламорканала і Калымскіх руднікоў да 1989 года дажылі лічаныя).
– А таксама “удзельнікі нацыяналістычных бандфармаванняў”.
Пад какую катэгорыю нерэбілітаваных падпадаюць Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш? Атрымліваецца – ці то ў “здраднікі Радзімы”, ці то ў “фашысцкія злачынцы”, ці то ў “карнікі”.
Гартаем адмысловы даведнік МГБ, дзе былі сабраныя дадзеныя на абсалютна ўсіх асобаў, якіх “органы” яшчэ падчас вайны расшуквалі па гэтых абвінаванчваннях; на гэбэшным жаргоне гэтыя таўшчэзныя кніжкі называліся “зборнікамі кампраматаў”.
ИЗ АЛФАВИТНОГО СПИСКА ПОДЛЕЖАЩЕГО РОЗЫСКУ АГЕНТОВ КОНТРРАЗВЕДЫВАТЕЛЬНЫХ И ПОЛИЦЕЙСКИХ ОРГАНОВ ПРОТИВНИКА, ИЗМЕННИКОВ РОДИНЫ, ПРЕДАТЕЛЕЙ, СТАВЛЕННИКОВ И ПОСОБНИКОВ ОККУПАНТОВ
МОСКВА, 1944 г.
(…)
АРСЕНЬЕВА (КУШЕЛЬ) НАТАЛЬЯ
Проживала в гор. Минске.
Автор ряда антисоветских стихотворений, помещенных в газете “Белорусская газета”, издававшейся в гор. Минске
(Материал в 4 Управлении НКГБ СССР)
ГЕНИУШ ЛАРИСА
1910 г. р., урож. дер. Жлобовцы, Вовнянской вол., Городенского уезда; поэтесса; ранее проживала в Чехо-Словакии (Прага).
Белорусская националистка. В период оккупации проживала в г. Минске. В период оккупации выпустила сборник а/с националистических произведений.
(Материал в 4 Управлении НКГБ СССР)
Можа, Наталля Арсеннева паліла вёскі з мірнымі жыхарамі, а Ларыса Геніюш уласнаруч страчвала малых дзетак?
Нічога падобнага ў эмгэбэшным “зборніку кампраматаў”, як мы бачым, няма. Арсеннева пісала вершы, то бок займалася тым, чым і мусіць займацца паэтка. На закід – маўляў, “Беларуская газета”, дзе друкавалася паэтка, выходзіла пад акупцыяй, – адказ вельмі просты: нават нацысцкія акупанты куды больш ахвотна дазвалялі беларускае слова, чым гэта рабілі акупанты савецкія. А “антысавецкасць” вершаў паэткі акурат і з’яўляецца падставай для яе рэабілітацыі нават паводле загаду Пракуратуры СССР і КГБ СССР ад 1989 года.
Што да Ларысы Геніюш, то сітуацыя тут аналагічная: паэтка, вершы і публікацыі, якія прызнаныя “антысавецкімі”.
Наталля Арсеннева паспела ўцячы ад Саветаў і дажыла да дзевяноста трох гадоў. А вось Ларысе Геніюш пашэнціла менш: у 1948 годзе яе арыштавалі ў Чэхіі і перадалі Саветам. У Менску паэтку дапытваў міністр МГБ БССР Лаўрэнцій Цанава, але пра што ён пытаўся і якімі былі адказы – невядома. Геніюш атрымала дваццаць пяць гадоў лагероў, але ў 1956 годзе яна была часткова рэабілітаваная, а тэрмін значна зменшаны.
Між іншым: Ларыса Антонаўна была асуджаная па Крымінальнаму кодэксу БССР ад 1928 года па артыкулах “66” (“аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі”) і “76” (“удзел у антысавецкіх арганізацыях”). Ні пра якую “дапамогу нацысцкім акупантам” у прысудзе няма ані слова.
Але, але… У красавіку 2017 года Генпракуратура Рэспублікі Беларусь адмовіла Ларысе Геніюш у пасмяротнай рэабілітацыі. У якасці падставы была прыцягнутая Пастанова Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь 1991 г. “Пра парадак рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20-80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь”. Але ў тае Пастанове ідзе гаворка пра “здзейсненыя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы” – то бок пра тое, у чым Ларысу Геніюш не вінаваціла нават сталінскае МГБ.
Атрымліваецца, што Генпракуратура суверэннай Беларусі фактычна кіруецца законамі СССР – то бок краіны, якай даўно не існуе. А таксама ўказаннем Пракуратуры Саюза ССР і КГБ СССР – структур, якіх не існуе і пагатоў.
У той жа час сумнавядомы міністр МГБ БССР Лаўрэнцій Цанава, які дапытываў Ларысу Геніюш, афіцыйна лічыцца “неасуджаным”, бо памёр ён у турме да суда. Прынамсі, кожны ахвочы можа зайсці на афіцыйны сайт КГБ Рэспублікі Беларусь, у раздзел “Кароткія біяграфія кіраўнікоў” і прачытаць пра Лаўрэнція Цанаву наступнае: “Рашэння па крымінальнай справе няма”.
Што дзіўна.
[Not a valid template]
* * *
З наступнай перадачы вы дазнаецеся, якой у пяцідзесятыя гады бачылася беларуская эміграцыя дзеячам украінскіх нацыяналістаў.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 9, адзінка захавання 370, а таксама Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “364” (Фонд 9), “369” (Фонд 9)