Справы 1923 г. «Атаман Ангел, вялікі і жахлівы»



Знаўцы творчасці савецкага пісьменніка Аляксея Талстога напэўна памятаюць аповесць “Прыгоды Няўзорава, ці Ібікус”, дзе ёсць такія радкі: “На развевающемся с боков телеги персидском ковре стояло золоченое кресло-рококо. В нем сидел, руки упирая в колени, приземистый, широкоскулый человек, лицо коричневое, бритое, как камень. Одет в плюшевый, с разводами, френч, в серую каскетку. Это и был сам атаман Ангел…”

Вобраз знакамітага палескага атамана ў падачы яго Аляксеем Талстым абсалютна ілжывы: Ангел не быў схільны да таннай мішуры і раскошы. Дый знешне ён выглядаў зусім інакш. У паплечнікаў атамана Ангела былі іншыя заганы…

У 1919 годзе пасланцы Ангела прапаноўвалі Станіславу Булак-Балаховічу хаўрус супраць бальшавікоў, але той ім адмовіў. Вывучэнне архіўных дакументаў ЧК дазваляе зрабіць выснову, што Станіслаў Нікадзімавіч адмовіў ім недарма.

Біяграфія Яўгена Пятровіча Ангела тыповая для свайго часу: небагатая сям’я, Першая сусветная, школа прапаршчыкаў…

У 1917 годзе, калі фронт амаль разваліўся, Яўген Пятровіч вярнуўся на Сівершчыну, адкуль паходзіў, і арганізаваў атрад паўстанцаў.

ИЗ ОБЗОРНОЙ СПРАВКИ ЧК

Том 2 дело № 578

(…)

…после убийства известного на Черниговщине повстанца Шекеры, Ангел поднял восстание в Ичне (…) После Ичнянского восстания до прихода Деникина Ангел, имея вооруженных 1000 человек, терроризировал коммунистов и Совработников, грабил поезда и подрывал линии (…)

У атрадзе атамана Ангела былі не толькі ўкраінцы – так, відную ролю адыгрываў Васіль Князевіч з Гомельшчыны, былы падпаручнік царскай арміі, якога Яўген Пятровіч ведаў яшчэ па школе прапаршчыкаў.

Цікавая акалічнасць: у атрадзе было і нямала жанчын, якія са зброяй у руках змагаліся з чырвонымі і белымі нароўні з мужчынамі, што прайшлі Першую сусветную.

І атаман Ангел, і ягоныя паплечнікі былі зацятымі ворагамі і рэстаўрацыі Расейскай імперыі, і савецкай улады. Яны храбра біліся з атрадамі дзянікінцаў і чырвонаармейцаў нават тады, калі ворагаў было значна больш.

Але палітычныя сімпатыі атамана былі надта ўжо непаслядоўнымі. Спярша Яўген Пятровіч падтрымаў гетмана Паўла Скарападскага, аднак неўзабаве перайшоў на бок яго ворагаў — Дырэкторыі. Але Сямён Пятлюра з Уладзімірам Віннічэнкам таксама сталі для Ангела ворагамі.

Справа ў тым, што атаман Ангел разумеў “барацьбу за шчасце працоўнага народа” надта ўжо своеасабліва: змаганне з белымі і чырвонымі арганічна спалучаліся ў яго людзей з рабаваннем таго самага “працоўнага народа”, за шчасце якога ангелаўцы і змагаліся.

ИЗ ПОКАЗАНИЙ ОБВИНЯЕМОЙ СКИДАНОВОЙ

По дороге мне Богдан сказал, что они идут убивать Колю Павленко (…) Спрашивал при всех бандитах моего об этом мнения. Я же в свою очередь сказала, что он бл…дь, так это верно, он не захотел вашей жертвы, а просто хотел поживиться от вас, причем заявила, что если будете так делать, то вы не казаки, а настоящие бандиты и разбойники (…)

ВОПРОС: Скажите, Скиданова, вы видели в день перестрелки Григогия Кныша и с кем он говорил.

ОТВЕТ: В день перестрелки до обеда я и Стрельчиха видели Григория Кныша в лесу, неподалеку от расположения банды. Последний разговаривал с Михаилом Дубинским (…) Подошел к нам Дубинский и попросил 10 млн. рублей (…)

Падобных рэчаў той жа Уладзімір Вінічэнка, які ўзначальваў Дырэкторыю, дараваць не мог, а сам Ангел, які відавочна быў стыхійным анархістам, аніяк не стрымліваў сваіх людзей у сістэматычных рабаваннях. Выбухнуў канфлікт: кіраўніцтва Дырэкторыі падпісала пастанову на арышт свавольнага атамана. Тады Яўген Пятровіч разарваў усе адносіны з Кіевам і пайшоў у “вольнае плаванне”. Ён сапраўды быў таленавітым ваеначальнікам: “Чырвоны курань смерці”, як называлі сваё фармаванне ангелаўцы, зацята білі і белагвардзейцаў, і бальшавікоў. Улюбёнай тактыкай ангелаўцаў сталі партызанскія засады і налёты.

ИЗ ПОКАЗАНИЙ ОБВИНЯЕМОГО ЗОЦА

Наш отряд в районе Ични организовал засаду на Деникинских грабителей. Их было человек пятьдесят, когда нас всего четырнадцать или пятнадцать. Когда они зашли в лес, мы их постреляли, а двух офицеров порубали шашками. Никто не ушел. Мы захватили у них пулемет, винтовки, наганы и много патронов.

Але ж неўзабаве канфлікт распачаўся і ў самім “Чырвоным курані смерці”. Частка ангелаўцаў заявіла пра падтрымку Дырэкторыю, і перайшла на бок кіеўскай улады. Ангел застаўся з 400 коннікамі, але і з такім невялікім атрадам ён паспяхова граміў Чырвоную армію.

Усё гэта выклікала вялікую занепакоенасць старшыні Рэўваенсавета Льва Троцкага: атаман Ангел быў абвешчаны бандытам. У губернскія ЧК паляцелі шыфраваныя арыенціроўкі з патрабаваннем неадкладна знішчыць ангелаўцаў.

Атрад харызматычнага атамана быў ліквідаваны ў снежні 1919 года на Жытоміршчыне. Сам Ангел быў паранены, патрапіў у палон, дзе яго і расстралялі. Але ж ягоныя паплечнікі працягвалі змаганне. Прытым ЧК лавіла іх ажно да сярэдзіны дваццатых гадоў.

ТЕЛЕГРАММА БАНДИТСКАЯ

Киев, уполномоченному представителю ГПУ по Правобережной Украине тов. Евдокимову.

В дополнении к нашей сводки ГОРПУ сообщаем, что по дороге Ичня Киев Скиданова Екатерина задержана, находится в Чернигове в строгой изоляции (…) В ее квартире обнаружены пироксилин и оружие. Ващенко, Лошина-Богучанский, Шалиф Иван (…) первые два расстреляны Киевской ГубЧК, последний бежал из концлагеря, в настоящее время находится в банде Скубана (…)

Справа атамана Ангела сведчыць: галоўнай прычынай паразы ягонага “Чырвонага кураня смерці” стала страта даверу мясцовага насельніцтва з-за рабаванняў сялянаў некаторымі паўстанцамі, а таксама занадта памяркоўная пазіцыя Яўгена Пятровіча па гэтаму пытанню.

Меў, відаць, рацыю Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч, які катэгарычна адмовіўся ўступаць у хаўрус з гэтым здольным камандзірам з прычыны схільнасці яго людзей да анархіі.  

 

Наступным разам вы дазнаецеся гісторыю расейскага праваслаўнага святара, які ў 1942 годзе добраахвотна пайшоў служыць у паліцыю Магілёва.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўныя справы “9137-ОФ”