Справы 1936-87 гг. “Як склаліся лёсы катаў НКВД”
У 1988 годзе тагачасны Старшыня КГБ СССР, таварыш Віктар Міхайлавіч Чэбрыкаў у інтэрв’ю газеце “Праўда” паскардзіўся на сталінскія рэпрэсіі ў органах НКВД, падчас якіх, паводле яго словаў, было расстраляна каля дваццаці тысяч сумленных чэкістаў-дзяржынцаў.
Словы гэтыя варта пакінуць на сумленні таварыша Чэбрыкава. Бо, паводле логікі тагачаснага галоўнага камітэтчыка СССР, у “бязвінныя ахвяры свавольства” былі запісаныя і Генрых Ягода разам з камандай расстрэльшчыкаў, і Мікалай Яжоў з яго касталомамі, і кіраўніцтва тэрытарыяльных і армейскіх ГПУ і НКВД – вылучэнцаў абодвух наркамаў, не кажучы ўжо пра сумленнага чэкіста-дзяржынца Лаўрэнція Берыю і ягоных памагатых.
Дый лічба ў “дваццаць тысяч бязвінна расстраляных дзяржынцаў” не можа быць прынятай – аператыўны і кіруючы штат НКВД СССР напрыканцы трыццатых складаў усяго каля дваццаці сямі тысяч чалавек. Але ж у апарат НКВД уваходзілі і Рабоча-Сялянская міліцыя, і пажарная ахова, і безліч ахоўнікаў ГУЛАГа, і памежнікі, і шматлікія вайсковыя часткі. Яны і прынялі на сябе галоўны ўдар рэпрэсій.
Архівы спецслужбаў даюць магчымась прасачыць лёсы тых чэкістаў, хто пазбегнуў чыстак трыццатых.
Логіка сталінскіх чыстак у НКВД была відавочнай. Спярша адну генерацыю чэкістаў выкарыстоўвалі замест бруднай анучы, пасля чаго ад яе пазбаўляліся і замянялі іншай, ад якой з цягам часу таксама пазбаўляліся.
Аднак ад рэпрэсій 30-х пацярпелі пераважна кіраўнікі цэнтральнага апарата і тэрэтарыяльных НКВД, а таксама іх набліжаныя. Значная частка шэраговых выканаўцаў рэпрэсій шчасліва пражыла да сямідзесятых, васьмідзесятых і дзевяностых, а некаторыя, зусім нягеглыя старыя, жывыя і па сёння ў статусе “герояў”.
У 1937 годзе НКВД сфальшавала маштабную справу “Польской Арганізацыі Вайсковай”, у выніку якой быў выкрытая гіганцкая польска-шпегунская змова ў Чырвонай Арміі.
Адным з дбайных выканаўцаў па выкрыццю “польскіх шпегаў” быў Міхаіл Енукавіч Растамашвілі, які ў той час узначальваў Асобы аддзел Харкаўскага НКВД. Ён патрабаваў катаванняў падследных, сярод каторых былі і нашыя землякі – Уладзімір Дрывен, Уладзімір Хілінскі і Уладзіслаў Корчыц, які за часамі ПНР стаў генералам броні Войска Польскага.
СРОЧНОЕ. АРЕСТАНТСКОЕ
Нач. особого отдела Северо-Кавказского военного округа
Прошу ускорить исполнение нашего № 2312641 от 31 августа с. г. об Аболине, Мельникове и других.
Начальник особого отдела НКВД ХВО полковник Ростомашвили
«Ускорить исполнение», на тагачасным жарогне НКВД, можа азначаць і “прыскорыць вызнанне віны”, і “расстрэл”.
Надалей Міхаіл Растамашвілі засвяціўся і ў Катынскім расстрэле, і ў службе ў Асобым аддзеле падчас Другой сусветнай вайны. Праца яго высока ацэненая Савецкай уладай.
ИЗ НАГРАДНОГО ЛИСТА
Тов. Ростомашвили на протяжении всей Отечественной войны (…) сумел обеспечить руководство Особым отделом НКВД (…) В повседневной практической работе передает свой опыт и знание подчиненным оперативным работникам. Требователен к себе и к подчиненным, добиваясь неуклонного исполнения приказа тов. Сталина. Политически образован, идеологически выдержан и партийно принципиален.
Достоин Правительственной награды Союза СССР – «Красное знамя»
Памёр ганаровы чэкіст Міхаіл Растамашвілі ў званні адстаўнога генерала КГБ у 1987 годзе, старшынём ветэранскай арганізацыі.
У той жа справе “Польскай арганізацыі вайсковай” сустракаем Любоў Фролаўну Перапечку, лейтэнанта 1-га спецаддзела НКВД БССР.
НАЧАЛЬНИКУ ОСОБОГО ОТДЕЛА НКВД ХАРЬКОВСКОГО ВОЕННОГО ОКРУГА
При этом препровождается выписка из обвинительного заключения и выписка из протокола заседания Тройки НКВД БССР (…)
Начальник 1-го Спецотдела НКВД БССР лейтенант Госбезопасности Горбачевский
Начальник 4-го отделения лейтенант Перепечко
Тое, што 1-шы спецаддзел НКВД БССР быў улікова-рэгістрацыйным, не павінна ўводзіць у зман: праз гэты аддзел праходзіла плынь даносаў пільных савецкіх грамадзянаў.
Любоў Перапечка была ўзнагароджаная за службу ў “органах” ордэнам Леніна і ордэнам Чырвонага Сцяга і памерла ў званні падпалкоўніка КГБ у 1958 годзе ў Чалябінску.
Магчыма, яе начальнік, палымяны чэкіст Макар Давыдавіч Гарбачэўскі, які ў 1941 годзе даслужыўся да пасады начальніка НКВД Пінскай вобласці і выйшаў у адстаўку палкоўнікам Дзяржбяспекі, кавалерам ордэна Леніна і яшчэ розных высокіх узнагародаў, таксама б жыў да самое смерці у пашане і камфорце. Аднак яму не пашэнціла: у 1961 годзе Берасцейскій гаркам кампартыі Беларусі прызнаў за Гарбачэўскім “шматлікія парушэнні сацыялістычнай законнасці” падчас працы ў НКВД, за што ён і быў выключаны з КПСС. Для чэкіста гэта азначала крах усяго жыцця.
Затое аператыўнік Сяргей Пятровіч Жыдко, які па загаду Растамашвілі ўласнаручна катаваў людзей, не мог скардзіцца на лёс. У 1945 годзе ён браў удзел у дэпартацыі латышоў і эстонцаў, за што і атрымаў Ордэн Айчынай вайны 1-ай ступені. За працу ў Асобым Аддзеле быў узнагароджаны ажно шасцю баявымі ардэнамі.
ИЗ ПРОТОКОЛА ОЧНОЙ СТАВКИ МЕЖДУ ОБВИНЯЕМЫМИ ДРИВЕНЫМ И ХИЛИНСКИМ ОТ 14 ИЮЛЯ 1938 ГОДА, г. ХАРЬКОВ
(…)
Ответы на поставленные вопросы в протокол записаны правильно, протокол нами прочитан.
ХИЛИНСКИЙ, ДРИВЕН
очную ставку производил
Оперуполномоченный НКВД ОО ХВО мл. лейтенант Госбезопасности Жидко
ИЗ НАГРАДНОГО ЛИСТА
Товарищ Жидко, работая в должности начальника 4-го отделения Особого Отдела НКВД, проявил исключительную работоспособность. Умело организовал работу отделения и наладил практическую помощь Особым отделам соединений.
(…)
Достоин ордена «Красная звезда»
Адстаўны палкоўнік Дзяржбяспекі Сяргей Жыдко памёр сямідзесятыя гады “ветэранам Вялікай Айчыннай вайны”, заўсёднікам святочных прэзыдыюмаў і ганаровых піянерскіх лінеек.
Сярод тых, хто катаваў і расстрэльваў “ворагаў народа”, быў і Аўраам Сідаравіч Работа. Напрыканцы 30-х гадоў гэтае прозвішча сустракаецца ў штаце Чарнігаўскага УНКВД, дзе было асуджана да доўгіх тэрмінаў знявольвання і да смяротнага пакарання багата і нашых землякоў.
ИЗ ДОПОЛНИТЕЛЬНОГО ДОПРОСА
обвиняемой Харитоновой П. С. уроженки села Перекрестье бывшей Минской губернии Пинского уезда от 8. 10. 1937 г.
ВОПРОС: Вы являетесь шпионом польской контрразведки и работаете в СССР в пользу Польши. Расскажите, когда, кем и при каких обстоятельствах вы были завербованы.
ОТВЕТ: Я никогда не была шпионом польской контрразведки, никогда меня никто не вербовал для шпионской работы в СССР в пользу Польши.
(…)
ВОПРОС: Вы продолжаете следствию говорить неправду. Вы хотите следствие завести в заблуждение. Вам это не удастся (…) Следствие требует от вас по этому делу справедливые показания!
ОТВЕТ: Я никогда не работала по шпионажу…
Аўраам Сідаравіч Работа прайшоў цяжкі чэкісцкі шлях ад шэраговага раённага аператыўніка і да падпалкоўніка Дзяржбяспекі, і за цяжкую працу па планавым выкрыцці “ворагаў народа” у Асобым аддзеле 69-ай Арміі, атрымаў ажно чатыры баявыя ордэны.
Напэўна, чэкіст уласнаручна падбіваў танкі нацыстаў і кідаўся грудзямі на амбразуру?
Чытаем прадстаўленне да ордэна “Чырвонай зоркі”:
ИЗ НАГРАДНОГО ЛИСТА
Работая в отделе контрразведки, тов. Работа смелой и напористой работой провел большую работу по налаживанию работы подчиненных отделов «Смерш» (…) Тов. Работа является парторгом парторганизации, большую работу провел среди коммунистов-чекистов в налаживании дисциплины, правильно нацеливает коммунистов на борьбу со шпионами и контрреволюционными элементами, пробравшимися в ряды Красной Армии
Памёр таварыш Работа таксама ў пашане, камфорте, дастатку і, як і мае быць – ў ветэранскім статусе.
І падобных біяграфій чэкістаў, якія ўласнаручна катавалі і расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, можна прывесці тысячы…
* * *
Усім нам хочацца верыць у непазбежнасць пакарання за злачынствы. Таму мы з радасцю хапаемся за падкінутыя яшчэ з савецкага КГБ фэйкі пра “дваццаць тысяч чэкістаў-дзяржынцаў, якія пацярпелі за сваю прынцыповасць”. Але ж рассакрэчаныя дакументы спецслужбаў сведчаць, што абсалютная большасць катаў НКВД не толькі не была асуджаная, але і да самое смерці пачувалася героямі.
А некаторыя з тых катаў, і жывыя, і мёртвыя, пазіцыянуюцца ў геройскім статусе і па сёння. Прынамсі, у нас, у Беларусі.
* * *
У наступнай перадачы я раскажу тое, як нават скаргі на голад прыраўніваліся ў 1941 годзе да “антысавецкай агітацыі”.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўнуя справы “П-7495”, “П-409” “П-10496”
Пры падрыхтоўцы матэрыяла былі выкарастаныя дакументы Міжнароднага таварыства “Мематыял”, базы дадзеных “Подзвіг народа”, фотаздымкі з архіва СБ Украіны і фотаздымак з сайта Мітрафанаўскіх могілак г. Чалябінска