Справы 1943 г. ГУЛАГ. Утылізацыя трупаў
Часы Другой сусветнай – ці не самая жудасная эпоха ў савецкіх канцлагерах. Лагерная пайка ад 1941 года значна паменшылася, а нормы выпрацаўкі павялічыліся: Савецкая Радзіма патрабавала ўсё больш калымскага золата, нарыльскага нікеля і сібірскага лесу. Рэжым утрымання стаў куды больш жорсткім нават у параўнанні з 1937 годам; у Крамлі панічна баяліся антысавецкіх паўстанняў.
Як вынік, ва ўстановах Галоўнага Упраўлення Лагераў НКВД СССР у разы павялічылася смяротнасць. На Поўначы і Далёкім Усходзе выміралі цэлыя лагерныя пункты. Нават паводле афіцыйных дадзеных, відавочна заніжаных, ад 1941 па 1945 года сканала як мінімум 20 % усіх зняволеных. Памерлых “ворагаў” трэба было недзе хаваць.
Ці, як гаварылі чэкісты, – “утылізаваць трупы”.
* * *
У дваццатыя гады целы памерлых у савецкіх канцлагерах, здаралася, перадавалі сваякам. Рабілася гэта ці як выключэнне, ці за хабар. Напачатку трыццатых гэтая ганебная для чэкістаў практыка скончылася: савецкі зэ-ка заставаўся зняволеным і пасля смерці, а таму меўся быць пахаваным блізка месца пазбаўлення волі.
У 1943 годзе, акурат на піку лагернай смяротнасці, у Галоўным Упраўленні Лагероў НКВД СССР выйшала інструкцыя, якая нармавала ўсё, што тычылася пахавання зняволеных.
СОВ. СЕКРЕТНО
Начальникам ИТЛ, УИТЛК НКВД (УКНВД)
Настоящим устанавливается нижеследующий порядок погребения заключенных:
- Наряду с захоронением каждого трупа в отдельности разрешить погребение в общих могилах по несколько трупов вместе.
ПРИМЕЧАНИЕ: установленный порядок захоронения категорически исключает практику накопления трупов для их погребения.
- Допустить захороннеие трупов без гробов и без белья
(…)
Гэтыя радкі вымагаюць тлумачэння.
На некаторых зонах памірала па колькі соцень чалавек у суткі, а таму рыць індывідуальныя магілы, асабліва ва ўмовах вечнай мерзлаты, выглядала марнатраўствам. Рацыянальней было выправіць тых далакопаў ў залатыя забоі ці на лесапавал. Труны для “ворагаў народа” выглядалі залішняй раскошай. Вопратка здымалася непасрэдна перад пахаваннем і перадавалася яшчэ жывым зняволеным. Калі паміралі і тыя, вопратка здымалася і перадавалася зноў … Пакуль канчаткова не станавілася анучай.
“Практыка назапашвання трупаў”, якая катэгарычна забаранялася ў лагерных моргах, аргументавалася выключна санітарна-гігіенічнымі нормамі: у концлагеры маглі распачацца эпідэміі, якія напэўна перакінуліся б і на прамысловыя зоны, а гэта магло адмоўна ўплываць на планы па валцы драўніны ці тую ж здабычу золата.
Іншыя нарматывы таксама абумоўліваўлівалася адно санітарнымі правіламі, а не традыцыямі, рэлігіяй ці элементарнай павагай да памерлых.
Из инструкции ГУЛАГ НКВД СОЮЗА ССР
Захоронение должно быть произведено не ранее 24 и не позже 36 часов с момента смерти, за исключением случаев, когда требуется паталого-анатомическое вскрытие
(…)
Глубина могилы должна быть не менее 1, 5 метра. Ширина и длина могилы определяется количеством погребаемых
(…)
Але галоўным у інструкцыі было не глыбіня і шырыня магіл, а таемнасць пахаванняў.
Из инструкции ГУЛАГ НКВД СОЮЗА ССР
(…)
На каждое погребение составляется акт. В акте о погребении умершего заключенного (умерших заключенных) указываются установочные данные, дата погребения, наименование кладбища и номер могилы.
Все случаи смерти заносятся в специальную книгу в хронологическом порядке, с указанием полных установочных данных умершего, причин и времени смерти, наименования кладбища и номера могилы.
(…)
К каждому трупу при погребении прикрепляется дощечка с обозначением фамилии, инициалов заключенного и номера личного дела.
На могиле погребенного (погребенных) устанавливается дощечка с присвоенным ей порядковым номером
(…)
Такім чынам, памерлы ці закатаваны “вораг народа” не меў права нават на пасмяротную памяць – пісаць яго прозвішча, год нараджэння і смерці забаранялася чэкісцкай інструкцыяй. На закінутых прылагерных могілках, якія яшчэ захаваліся ў Сібіры, у Казахстане і на Калыме, стаяць адно слупкі з нумарамі, кшталту “ЕТ-21” ці “ЖЖ-65”. Пад кожным слупком можа быць пахавана ад некалькіх дзясяткаў да колькі соцень чалавек.
Але здаралася, што з нейкіх прычынаў целы загіблых пахаваць было немагчыма – калі лагпункт, напрыклад, стаяў на голай скале. У чэкістаў было назапашана багата варыянтаў “утылізацыі трупаў”. Целы памерлых скідалі ў закінутыя штольні, тапілі ў рэках, проста закідвалі камянямі ў кар’ерах. Калі лагерь знаходзіўся ў якім вялікім горадзе з крэматорыям ці каля яго, гэта кардынальна вырашала задачу: трупы спальваліся на попел, як у Данскім крэматорыі ў Маскве, а попел ссыпалі ў так званую Агульную магілу незапатрабаваных прахаў.
Чаму чэкісты сакрэцілі месцы пахавання?
На магілы рэпрэсаваных маглі прыязджаць іх сваякі, а дэманстрацыя смутку па “ворагах народа” была абсалютна недапушчальнай. Датаго ж, смутак мог абярнуцца антысавецкай праявай і, як след – дадатковым галаўным болем для лагернага начальства.
Але галоўным было іншае: “пазбаўленне памяці” стала дадатковым пакараннем. У разе арышту “ворага народа” са стэндаў, энцыклапедый і падручнікаў знікалі ўсе інфармацыі пра якога “трацкіста” ці “шпега”. Прозвішчы заклейваліся, фотаздымкі выразаліся, а старонкі выдзіраліся; асоба арыштаванага, бы памылка ў школьным сшытку, выціралася гумкай. Так што і пасля смерці “вораг народа” не меў права нават на магільную шыльду з прозвішчам.
Капрызам гісторыі, аднак, уласцівая таемная патрэба ў завершанасці малюнка. У 1953 годзе, падчас чысткі Дзяржбяспекі ад “Берыі і яго банды” была арыштаваная процьма кіраўнікоў МГБ. Большую іх частку разам з Лаўрэнціем Паўлавічам расстралялі, меншую выправілі ў турмы і лагеры, дзе некаторыя з тых “берыеўскіх бандытаў” сканалі. Расстраляных чэкістаў спалілі ў крэматорыі, а прах закапалі ў той жа Агульнай магіле. А памерлых у лагерах пахавалі ў адпаведнасці з інструкцыямі ГУЛАГа, складзенымі ў 1943 годзе…
* * *
З наступнай перадачы вы дазнаецеся, хто і навошта ствараў тэрарыстычныя арганізацыі на Блізкім Усходзе, якія з цягам часу перарадзіліся ў “Аль-Каіду” і “ІГІЛ”.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 9
У якасці ілюстрацыі скарыстаныя здымки ГА “Мемарыял”