Справы 1951 г. Страх і нянавісць у Міністэрстве Дзяржаўнай Бяспекі
Гісторыя савецкай Дзяржбяспекі ведае багата карказломных узлётаў і такіх жа неверагодных крахаў. Людзі, якія ўзносіліся да вяршыняў чэкісцкай улады з самага дна, колькі гадоў вырашалі лёсы соцень тысяч суайчыннікаў і, пэўна, лічылі сябе багамі. Аднак па хуткім часе ўсе яны скуголілі ў турэмных камерах і прасілі, каб іх хутчэй расстралялі. Зоркі Генрыха Ягоды, Мікалая Яжова, Ізраіля Леплеўскага, Барыса Бермана і дзясяткаў падобных згаслі раней, чым павысыхаў атрамант на іх прысудах.
Кожнае гучнае выкрыццё чэкісцкага начальніка суправаджалася сярод яго нядаўніх паплечнікаў сапраўднай істэрыкай. Байцы нябачнага фронту плакалі, каяліся, публічна білі сябе ў грудзі і, натуральна, аблівалі брудам усіх, хто не ўгледзіў замаскаванага ворага.
* * *
У 1951 годзе ў савецкай Дзяржбяспецы чарговы раз выкрылі кіраўніка – ворага народа. Гэтым разам такім выявіўся генерал-палкоўнік Віктар Сямёнавіч Абакумаў.
Віктар Сямёнавіч быў чалавекам, абсалютна лаяльным савецкай уладзе. Службу ў НКВД ён пачынаў яшчэ ў трыццатыя – не шкадуючы сілаў, выбіваў з арыштаваных прызнанні ў шпіянажы, трацкізме і тэрарызме. Падчас “Вялікага Тэрору” кар’ера Абакумава імкліва пайшла ўгару: за шэсць гадоў ён з малодшага лейтэнанта стаў генералам.
Падчас вайны Абакумаў узначальваў “Смерш” – вайсковую контрвыведку, якая займалася выкрыццём шпегаў, дызерціраў і панікёраў, а таксама фільтрацыяй вайсковапалонных. Праўда, адсотак сапраўдных шпегаў і дызерціраў, выкрытых “Смершам”, быў мінімальным: большасць арыштоўвалася за “антысавецкія выказванні”, “паклёпы на Савецкую ўладу” ці па аналагічных абвінавачваннях.
Абакумаў адзначыўся і ў пасляваенных дэпартацыях, у тым ліку і з Заходняй Беларусі, і ў фальшаваннях следства, і ў катаваннях, прытым катаваў ён і асабіста. Такі чалавек быў патрэбны савецкай уладзе, і ў 1946 годзе Віктар Сямёнавіч стаў Міністрам Дзяржаўнай Бяспекі.
Аднак у 1951 годзе на Абакумава напісаў данос ягоны ж падначалены – падпалкоўнік Румін. Віктара Сямёнавіча вінавацілі ў недастатковай увазе да антысеміцкай “справы дактароў”. У выніку міністра Дзяржбяспекі знялі з усіх пасадаў, арыштавалі і кінулі ў турму, дзе неўзабаве закатавалі да інваліднасці.
Ва ўсе тэрытарыяльныя органы Дзяржбяспекі прыйшоў Закрыты ліст ЦК “Пра дрэнны стан справаў у МГБ”, абавязковы для абмеркавання.
Першымі з выкрыццём былога міністра на трыбуны кінуліся тыя чэкісты, каго Абакумаў і прасоўваў на кіруючыя пасады…
МИНИСТЕРСТВО ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
Стенограмма совещания руководящего и оперативного состава Министерства Государственной Безопасности (…) по закрытому письму ЦК ВКП (б) от 11 июля 1951 г.
От 1-2 августа 1951 г.
(…)
Из выступления товарища Строилова:
“Кто не понимает из коммунистов-чекистов, что вопросы террора, тем более, когда речь идет о центральном терроре, является одним из первых очередных и наиболее актуальных и неотложных вопросов нашей чекистской работы.
Разве не было известно Абакумову (…), что расследования по делам террора должны производиться в десятидневный срок, и что на малейший сигнал, касающейся террора, надо мобилизовать все чекистское внимание, чтобы своевременно вскрыть его и разоблачить врага.
А поэтому сокрытие Абакумовым от Центрального Комитета нашей партии сигналов, о которых он располагал, нельзя рассматривать иначе, как вражеские действия. Среди отдельных сотрудников Министерства имеются разговоры о том, что Абакумов якобы допустил несознательные ошибки в работе, что его подвели и так далее
Эти разговоры считаю в корне неправильными.
Мы, коммунисты-чекисты, должны дать политическую оценку действиям Абакумова и квалифицировать их, как я уже сказал, вражескими»
Палкоўнік МГБ Уладзімір Нікітыч Страілаў быў даўнім сябрам арыштаванага ворага народа Віктара Сямёнавіча Абакумава яшчэ з часоў “Смерша”, дзе Старілаў пачынаў звычайным оперупаўнаважаным Варонежскага фронта. Былому міністру ён быў забавязаны ўсім: званнямі, пасадамі, узнагародамі і нават тым, што ў 1943 годзе не пайшоў пад суд за службовае злачынства.
Из выступления товарища Козлова:
«Мы, коммунисты-чекисты аппарата Министерства Госбезопасности, единодушно осуждаем преступления Абакумова.
Причина преступления Абакумова коренится в том, что это перерожденец в партии, карьерист, пытался обманывать ЦК ВКП (б), пытался обманывать партию, и тем самым, преследуя личные цели, заботился о личном благополучии, имея стремление оторвать наши органы от партии (…)
Абакумов и его приспешники наложили тяжелое пятно на славные, созданные партией, органы Государственной Безопасности.
Как ни тяжелы последствия вредной практики действий Абакумова, мы уверены, что получим от партии, ЦК ВКП (б) и от любимого товарища Сталина необходимую помощь, чтобы быстрее ликвидировать эти последствия.
Мы единодушно одобряем решение Политбюро ЦК ВКП (б) о предании суда Абакумова, требуем для него самого строгого наказания (…)»
Палкоўнік МГБ Анатоль Сяргеевіч Казлоў таксама быў абакумаўскім пратэжэ з часоў “Смерша”; дзякуючы “перараджэнцу і кар’ерысту Абакумаву” таварыш Казлоў за адзінаццаць гадоў прайшоў шлях ад сержанта Дзяржбяспекі да намесніка начальніка абласнога Упраўлення.
Из выступления товарища Фадеева:
“В постановлении ЦК ВКП (б) партия со всей принципиальностью и остротой, присущей только ей, поставлен вопрос об Абакумове и его приспешниках (…), которые, по сути, узурпировав всю власть в аппарате МГБ СССР, встали на путь грязного обмана и дезинформации, при этом грубо попирая советские законы (…)”
Не варта і казаць, што і палкоўнік МГБ Сямён Фёдаравіч Фадзееў, начальнік Следчай часткі рэспубліканскай Дзяржбяспекі, таксама быў забавязаны сваім узвышэннем менавіта “бруднаму ашуканцу і дэзынфарматару Абакумаву”.
Дарэчы: у той самы момант, калі па ўсіх тэрытарыяльных УМГБ праходзілі сходы супрацоўнікаў, на якіх выкрывалі варожую сутнасць былога міністра Дзяржбяспекі, самаго Віктара Сямёнавіча катавалі ў турме МГБ, прытым больш за ўсіх лютавалі менавіта яго вылучэнцы.
Чаму такое адбывалася?
Усё проста: нядаўнім сябрам, а таксама паплечнікам і вылучэнцам трэба было тэрмінова даводзіць лаяльнасць уладзе і недатычнасць да злачынстваў выкрытага ворага. Таму менавіта яны і дэманстравалі найбольшы спрыт.
А цяпер – пытанне. Калі ў нейкай дзяржаве, галоўны паліцейскі каторай так любіць з’яўляцца на публіцы ў аперэтачнай форме НКВД, пройдзе чыстка апарата на сталінскі манер, і такога паліцэйскага кінуць за краты? Не за рэальныя злачынствы, а для асвяжэння крыві ў карным ведамстве, ці для зніжэння градусу грамадскага абурэння…
Хто першым запатрабуе для яго “самай суворай кары”? А хто будзе катаваць гэтага ворага ў якой “амерыканцы”?
Адказ, сыходзячы са справы Абакумава, відавочны, бо гісторыя звычайна паўтараецца па адных і тых жа лекалах. Прынамсі – у спецслужбах.
[Not a valid template]
* * *
У наступнай перадачы я раскажу, як у савецкіх концлагерах хавалі памерлых і закатаваных зняволеных.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 814
Фотаздымак міністра МГБ СССР В. С. Абакумава падаецца ў якасці ілюстрацыі