Справы 1965 г. Саветчыкі і антысаветчыкі, альбо Чырвоныя дысідэнты



Жылі калісь у СССР грамадзяне, якіх называлі дысідэнтамі, што ў перакладзе з латыні азначае “нязгодны”. Звычайна гэта былі людзі мінімум з адной вышэйшай адукацыяй, пасіянарным характарам і крытычным мысленнем. Дысідэнты непрыязна ставіліся да ўсяго савецкага: палітычнай сістэмы, эканомікі, прапаганды, ідэалогіі і, натуральна, ладу жыцця. У нярускіх рэспубліках дысідэнты-нацыяналісты выказваліся за большую незалежнасць ад Масквы і дэрусіфікацыю. Дысідэнты-яўрэі змагаліся за права выезду ў Ізраіль. Дысідэнты з творчай інтэлігенцыі абураліся цэнзурай і ідэалагічным уціскам.

А ўсе разам яны жадалі, каб тая савецкая сістэма як мага хутчэй развалілася і сканала.

Гэта цяпер, у эпоху ананімных каментараў на інтэрнэт-форумах, а таксама TORа, ананімайзераў і проксі-сервераў быць іншадумцам суадносна бяспечна. У брэжнеўска-андропаўскія часы за “сістэматычныя антысавецкія праявы” людзей кідалі ў лагеры і спецвар’ятні, пазбаўлялі іх працы а, здаралася, і жыцця. Чэкісты дбайна адсочвалі ўсе дысідэнцкія рухі і ў разе патрэбы прымалі пільныя захады.

* * *

У пяцідзесятыя-шасцідзесятыя ў дысідэнцкім руху з’явілася новая хвала, і прытым настолькі нечаканая, што савецкія ідэолагі не адразу зразумелі, як з тымі іншадумцамі змагацца…

Пачыналася ўсё законна, ідэалагічна вытрымана і вельмі ўхвальна. Маладыя людзі, пераважна з гуманітарнай адукацыяй і партыйнымі білетамі, збіраліся пасля працы, каб абмеркаваць “Капітал” Карла Маркса ці “Імперыялізм як вышэйшую стадыю капіталізма” Уладзіміра Леніна. Суседзі паглядалі на такіх, як на вар’ятаў: маўляў, ім мала прапаганды па тэлевізіі, радыё, у газетах і на палітінфармацыях, дык яшчэ таго Леніна і саматужкі вывучаць?

Вывучэнне класікаў марксізма-ленінізма – занятак небяспечны. Хаця б таму, што прымушае задумацца пра адпаведнасць рэвалюцыйных ідэалаў і рэальнага жыцця ў СССР. Неадпаведнасць была навідавоку, што маладыя камуністы і канстатавалі на сходах. А некаторыя нават стваралі падпольныя камуністычныя суполкі з мэтай “змены савецкага ладу на сапраўдны бальшавісцка-ленінскі…

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

10 апреля 1965 г.

СЕКРЕТНО

СПЕЦИАЛЬНОЕ СООБЩЕНИЕ

9 апреля 1965 г. в г. Киеве на центральном почтамте было обнаружено три анонимных письма под заголовком «К президиумам центральных комитетов Коммунистических партий всех стран мира» (…)

В этих письмах, написанных от руки под копировальную бумагу, возводится клевета на политику Коммунистической партии Советского Союза и его руководителей.

Приняты меры к розыску авторов (…)

Тут варта патлумачыць, якім чынам быў знойдзены ананімны ліст. На ўсіх глаўпаштамтах Савецкага Саюза, а таксама пры райцэнтрах існавалі пункты “ПК” – “перлюстрацыі карэспандэнцыі”. “Шосты аддзел КГБ” перлюстраваў абсалютна ўсе лісты, якія ішлі з-за мяжы і за мяжу, а таксама з “закрытых гарадоў”, стратэгічных аб’ектаў, аварыйных зон і дзяржаўных установаў, а таксама ў адваротным накірунку. Перлюстравалася пошта людзей, якія знаходзіліся ў аператыўных распрацоўках, іншаземцаў, навукоўцаў з вайскова-прамысловага комплексу і, выбарачна – усіх астатніх грамадзянаў.

“Зварот”, напісаны відавочна маладымі камуністычнымі дысідэнтамі, і сапраўды выглядаў страшнай крамолай.

К ПРЕЗИДИУМАМ ЦЕНТРАЛЬНЫХ КОМИТЕТОВ КОММУНИСТИЧЕСКИХ ПАРТИЙ ВСЕХ СТРАН МИРА

Дорогие товарищи! Вы видите катастрофу, происходящую в Советском Союзе. Это соответствует Вашим справедливым утверждениям – о перерождении КПСС. Нашу партию поразил авантюризм. Авантюристы вероломно, придя к власти, используют партию, чтобы самим пожить. Хрущев – «Верный ленинец» – в день своего семидесятилетия заявил, что он пожил хорошо: зная о перенесенных им бедствиях народа.

(…)

Обратите внимание на наши праздничные демонстрации (…) Бесстыдный позор нашего Красного знамени! У нас Ленин изображен на боевых знамёнах, так чем же, мол, мы, верные ленинцы, хуже Ленина. Начиная с «руководителей» – секретарей городских и районных партийных организаций, окруживших себя жуликами и ворами, за счет страданий народа – уже живут при коммунизме (…)

Посмотрите на итоги недавних выборов (…)

Посмотрите на «избранных» председателей колхозов, ведь это изверги, феодалы, неограниченно обогащающиеся за счет народа

(…)

“Зварот” напісаны з жарсцю і пафасам, прытым ці не большая яго частка – выкрыццё камуністаў-перараджэнцаў:

(…)

Руководители партии и правительства живут в самых расточительных условиях. Для них не существует никаких ограничений, вплоть до пользования подростками и женщинами. Армия превращена в палачей нашего народа, она слепо расстреливает народ, справедливо требующий улучшений. Вот на чем держатся «верные ленинцы». Коммунисты и честные беспартийные, верные своему многострадальному народу, загнаны в глубокое подполье (…)

Як і мае быць, аўтары ліста просяць “камуністаў усіх краін свету” пра дапамогу. Але просьба гучыць неканкрэтна і наіўна:

(…)

От имени коммунистов, верных идеям коммунизма, просим Вас помочь нашему народу раскрыть и смести всю эту накопившуюся грязь. Вы открыто скажите нашим «верным ленинцам», что они стали на путь авантюризма и открытой фашистской диктатуры (…)

У чэкісцкае справаздачы напісана толькі пра “захады, якія прымаюццца да росшуку аўтара”. Але можна нават не сумнявацца, што аўтар быў знойдзены: чэкісты мелі на гэты конт напрацаваны досвед.

Што тычыцца “чырвоных дысідэнтаў”, то яны, вядома ж, складалі ад колькасці ўсіх іншадумцаў СССР абсалютны мізер. Але з асяродкаў, блізкіх да “камуністаў-іншадумцаў” ужо ў васьмідзесятыя гады выйшлі размаітыя рэфарматары ў галіне ідэалогіі, эканомікі і знешняй палітыкі, якія спрычыніліся спярша да гарбачоўскай “перабудовы”, а потым і да развалу СССР.

* * *

З наступнай перадачы вы дазнаецеся пра тое, як за сталінскім часам колькі соцень чалавек уцякло з Савецкага Саюза.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 950

Фотаздымак “Затрыманне дысідэнта” з архіва В. Церахава пададзены ў якасці ілюстрацыі