Справы 1968 г. “Птушынае малако” з антысавецкім прысмакам. Як у СССР вышуквалі шкодныя знакі
Грамадзяне СССР ад нараджэння і да скону жылі ў сакральнай сістэме камуністычных знакаў, амулетаў і сімвалаў. Галоўнымі і нязменнымі сімваламі, вядома ж, былі серп і молат, чырвоная зорка і савецкі герб, якія ляпіліся паўсюдна: на дзіцячых цацках, школьных сшытках, паркавых скульптурах, у завадскіх цэхах, у плавальных басейнах, у выцвярэзніках, у турмах і нават на могілкавых брамах. А вось партрэты правадыроў, за выключэннем кананічнай выявы Леніна, вядома ж, мяняліся ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры.
Адназначна забаранялася публічнае выкарыстанне “рэлігійнай” і “буржуазна-нацыяналістычнай” сімволікі, а таксама прыраўненая да іх гітлераўская свастыка – акрамя некаторых выключэнняў, абумоўленых кінематаграфічнымі, навуковымі ці іншымі патрэбамі.
Усёй сімволікай, якая не ўпісвалася ў савецкую сістэму каардынат, займаўся Глаўліт – то бок цэнзура. Але, здаралася, што і Галоўнае Упраўленне па справах літаратуры і выдавецтваў дапускала праколы, і тады шкодныя сімвалы траплялі ў поле зроку Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі…
* * *
У 1967 годзе на Бліжнім Усходзе адбылася чарговая вайна, у якой Егіпет, Іарданія, Алжыр, Ірак і Сірыя, хаўрусныя Савецкаму Саюзу, пацярпелі ашаламляльную паразку ад рэакцыйнай сіянісцкая дзяржавы Ізраіль.
Уся сімволіка, якая хоць неяк асацыявалася з Ізраілем і ўвогуле яўрэямі, канчаткова патрапіла пад жорсткую забарону. У адным з маскоўскіх літаратурных часопісаў галоўны рэдактар атрымаў вымову за тое, што друкарскія зорачкі ў яго не з пяццю канцамі, а шасціканцовыя, што было расцэненае, як намёк на “Могендовід”.
Гісторыя, на якую звярнулі ўвагу пільныя таварышы з “органаў”, акурат і надарылася менш чым праз год пасля заканчэння Шасцідзённай вайны. Гісторыя мела відавочна антысавецкі падтэкст і кандытарскі прысмак…
КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ
СЕКРЕТНО
19 марта 1968 г.
ИНФОРМАЦИОННОЕ СООБЩЕНИЕ
К 50-летию Великой Октябрьской социалистической революции львовская кондитерская фирма «Светоч» выпустила и отгрузила в торговую сеть (…) свыше 50 тыс. коробок конфет «Птичье молоко», художественное оформление которых под названием «Святковий салют» в точности воспроизводит рисунок почтовой марки «Салют», выпущенной в 1966 году в Израиле ко дню «независимости» израильского государства.
(…)
Акурат за год да гэтага Старшыня КГБ СССР таварыш Юрый Уладзіміравіч Андропаў прыдумаў новы тэрмін – “ідэалагічныя дыверсіі”, для барацьбы з якімі і быў створаны Пяты Глауўпр.
Ідэалагічная дыверсія на цукерачных скрынях была несумненнай і відавочнай. Капіяванне салюта з паштовай маркі дзяржавы, дзе квітнюць буржуазны нацыяналізм, ваяўнічы мілітарызм, рэлігійнае цемрашальства і іншыя рэакцыйныя праявы, само па сабе было злачынствам. Ідэалагічнае злачынства было наўмысна здзейсненае пад дарагое для кожнага савецкага чалавека свята – юбілей Слаўнага Кастрычніка. У тым, што цукеркі з выявай варожага салюта ўжо разыйшліся па гандлёвай сетцы ўсяго СССР, КГБ угледжвала асаблівы і непрыхаваны цынізм.
Высвятліць усё астатняе было справай тэхнікі.
ИЗ ИНФОРМАЦИОННОГО СООБЩЕНИЯ КГБ
(…)
Принятыми мерами установлено, что рисунок для художественного оформления конфетных коробок сделан художником Львовской горторгрекламы Чекановым Петром Алексеевичем, 1921 г. р., русским, беспартийным.
Будучи приглашенным на беседу в УКГБ в Львовской области, Чеканов пояснил, что его знакомый еврей, проживающий в ПНР, весной 1967 года прислал ему для пополнения коллекции марку «Салют», которую он перерисовал в свой альбом в увеличенном виде для оформления коробки конфет.
По распоряжению главного инженера указанной фирмы в типографии было напечатано 50 тыс. экземпляров этикеток с изображением представленного Чекановым рисунка, которые затем наклеивались на лицевую сторону конфетных коробок.
За свою работу Чеканов получил от фирмы «Салют» вознаграждение в сумме 50 рублей.
По месту работы Чеканов П. А. характеризуется положительно. Израильскую марку перерисовал с целью заработка без всякого умысла.
(…)
Мастаку, які зплагіаціў выяву ізраільскай маркі, пашэнціла: па-першае, ён быў “расейцам”, што ў справаздачы КГБ падкрэсліваецца асобна, па-другое – назваў крыніцу атрымання ідэалагічна шкоднай маркі, па-трэцяе – ніколі раней ў чэкісцкіх справаздачах не фігураваў. Дый эпоха была не такой крыважэрнай, як яшчэ гадоў трыццаць таму. За сталінскім часам такому мастаку напэўна прышылі б “антысавецкую агітацыю”, а то і якое шпегунства і выправілі б у лагер.
Што тычыцца “шкоднай сімволікі” і ўвогуле ўсіх знакаў, якія не ўпісваюцца ў дзяржаўную ідэалогію, то пераслед за такія рэчы захаваўся хіба што ў сучаснай Беларусі.
Паэты і пісьменнікі ведаюць, як пасля іх выступаў ідэолагі выклікаюць “на перавыхаванне” дзяўчатак за падораныя літаратарам букеты з дзвюх белых і адной чырвонай кветак. Патрыятычныя аўтааматары нагадаюць, як ДАІ праводзіць з імі размовы пра недапушчальнасць “Пагоні” на машынах. А футбольныя заўзятары напэўна змогуць распавесці, як АМАП не пускаў іх на трыбуны за шалік падазронай бел-чырвона-белай афарбоўкі.
Хіба што ў КГБ за падобныя сімвалы пакуль не выклікаюць. Як кажуць ветэраны камуністычнага будаўніцтва: “Сталіна на вас няма!..”
* * *
З наступнай перадачы вы дазнаецеся, што такое “братэрскія цэрквы”, а таксама пра тое, як чэкісты кантралявалі вышэйшых іерархаў замежных цэркоўных арганізацый.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 970