Справы 1975 г. Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі СССР – спонсар сусветнага тэрарызму



Напачатку сямідзесятых Блізкі Усход, а потым і Заходнюю Еўропу накрыла хваля тэрору: угоны самалётаў, выбухі ў людных месцах, выкраданні і забойствы палітычных дзеячоў… У Ізраілі шчыравалі баевікі “Народнага фронту вызвалення Палестыны”, у Італіі – “Чырвоныя брыгады”, у Нямеччыне – “Фракцыя Чырвонай Арміі”…

Большасць тэрарыстычных арганізацый мела выдатную фінансавую базу, баевікі выглядалі падрыхтаванымі і добра ўзброенымі, а ў планаванні адчуваўся вышкал спецслужбаў. Усё гэта ўскосна сведчыла, што працэс напэўна каардынуецца звонку…

* * *

Упершыню пра мажлівую датычнасць да тэрарызму савецкіх спецслужбаў загаварылі ў сярэдзіне сямідзесятых. Некаторымі фрагментарнымі звесткамі валодалі перабежчыкі з КГБ і дыпламатычнага корпуса, тое-сёе з падачы спецслужб Ізраіля і Заходняй Еўропы трапляла ў медыя…

Але пра маштабы савецкай дапамогі тэрарыстам ведалі толькі ў ЦК КПСС і Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі…

 

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

ОСОБОЙ ВАЖНОСТИ

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ СССР

10 сентября 1975 г.

 (…) в сентябре с. г. в Москву нелегально приезжал Ваддий Хаддад, руководитель службы внешних операций Народного фронта освобождения Палестины.

В Москве с Хаддадом обсуждались вопросы строжайшего консперативного сотрудничества с советской разведкой, направленного на получение политической, военно-стратегической и оперативной информации.

Хаддад с пониманием относится к политике Советского Союза на Ближнем Востоке и видит в его лице единственного надежного союзника Палестинского национально-освободительного движения (…)

 

У сямідзесятых гадах Хадад Вадзей быў ці не самым злавесным персанажам на Блізкім Усходзе. Ідэолаг і арганізатар міжнароднага тэрарызму, ён спецыялізаваўся на ўгонах самалётаў. У 1968 годзе менавіта ён спланаваў захоп авіялайнера Рым – Тэль-Авіў і ўгон яго ў Алжыр, прытым 22 ізраільскіх грамадзяніна ўтрымліваліся баявікамі 39 дзён. Праз два гады тэрарысты з “Народнага фронту вызвалення Палестыны” пад кіраўніцтвам Хадада Вадзея захапілі ажно чатыры самалёты. Яшчэ праз два гады яны ж арганізавалі тэракт у ізраільскім аэрапорце, падчас якога расстралялі 26 чалавек і паранілі больш за 80.

Пасаж пра “супрацу з савецкай выведкай, скіраваную на атрыманне палітычнай, ваенна-стратэгічнай і аператыўнай інфармацыі” выглядае няпэўным, але надалей ён максімальна канкрэтызуецца:

 

Из информационного сообщения КГБ СССР

(…)

В результате оказанного на Хаддада нашего политического влияния, он пришел к выводу о необходимости перенесения центра тяжести проводимых им операций из третьих стран на территорию Израиля и оккупированные арабские земли, обещав при этом воздержаться от проведения неразумных и бессмысленных террористических актов.

В этих целях Хаддад обратился к нам с просьбой оказать ему помощь в приобретении некоторых военно-технических средств и их изготовления из иностранных материалов (…)

 

Такім чынам, чэкісты размяжоўвалі “неразумны і бессэнсоўны тэрарызм” і “аперацыі на тэрыторыі Ізраіля”, то бок “тэрарызм разумны і асэнсаваны”. Аперацыі тыя вымагалі сродкаў і зброі. Але перадаваць тэрарыстам зброю савецкай вытворчасці было неразумна: у разе правалу яна магла засвяціцца, што пазіцыянавала СССР у самым невыгодным святле.

Аднак патрэбную зброю и боепрыпасы можна было закупіць і ў трэціх краінах…

 

ОСОБОЙ ВАЖНОСТИ

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ СССР

 

16 мая 1975 г.

 

В соответствии с решением ЦК КПСС Комитетом Государственной Безопасности 14 мая 1975 года передано В. Хаддаду – руководителю службы внешних операций Народного Фронта Освобождения Палестины партия иностранного оружия и боеприпасов к нему (автоматов 53, пистолетов 50, в том числе 10 с приборами для бесшумной стрельбы, патронов 34 000).

Нелегальная передача оружия осуществлена в нейтральных водах Аденского залива в ночное время, бесконтактным способом, при строгом соблюдении конспирации с использованием разведывательного корабля ВМФ СССР.

Из иностранцев только Хаддаду известно, что указанное оружие передано нами.

 

ПРЕДСЕДАТЕЛЬ КОМИТЕТА ГОСБЕЗОПАСНОСТИ                 АНДРОПОВ

 

Зброю, атрыманую ад савецкіх чэкістаў, палестынскія тэрарысты выкарысталі ўжо праз год: 27 чэрвеня 1976 года баявікі “Народнага фронту вызвалення Палестыны” захапілі самалёт “Тэль-Авіў – Парыж” разам з 260 пасажырамі. Спярша самалёт пасадзілі ў Лівіі, а адтуль перагналі ва Уганду. У выніку спецаперацыі ізраільскія камандас абясшкодзілі тэрарыстаў і вызвалілі закладнікаў. Але тады пра датычнасць КГБ да ўгоншчыкаў ніхто не ведаў… Як не ведалі і пра генерал-палкоўніка КГБ Аляксандра Сахароўскага, якому належыць знакамітая фраза: “Угоны самалётаў – гэта маё ўласнае вынаходніцтва!”

Фінансаванне тэрарыстаў і планаванне тэрактаў не абмяжоўвалася толькі Блізкім Усходам. Яшчэ ў 1971 годзе КГБ распачало аперацыю “Тайфун”, канчатковай мэтай якой была дэстабілізацыя Заходняй Еўропы і раскол НАТА. “Фракцыя Чырвонай Арміі” мэтанакіравана тэрарызавалі грамадзянаў ЗША, а таксама прадстаўнікоў бізнэсовых колаў, правых палітыкаў і журналістаў кансерватыўных медыа. У Італіі аналагічнымі метадамі дзейнічалі “Чырвоныя брыгады”, структуры якіх таксама спансаваліся чэкістамі.

Чым скончылася палітыка савецкага дзяржаўнага тэрарызму – агульнавядома. Напачатку дзевяностых першыя тэрарыстычныя атакі зазнаў спярша СССР, а потым – і Расейская Федэрацыя, правапераемніцу “імперыі ліха”.

Між іншым, у тыя часы ў расейскім ФСК яшчэ працавалі людзі, якія ў свій час і адказвалі за фінансаванне адыёзных баявікоў кшталту Хадада Вадзея. І падчас знаёмства з аператыўнымі зводкамі пра тэрарыстычную небяспеку тым чэкістам напэўна было што згадаць…

 

 

 

* * *

З наступнай перадачы вы дазнаецеся пра тое, як НКВД адсочваў польскае палітычнае жыццё ў міжваенны час, у тым ліку – і паплечнікаў Станіслава Булак-Балаховіча.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны