Справы 1978-79 г. “Алімпійскія гульні як спосаб вымантачвання грошай для КГБ”



Былы Дзяржсакратар ЗША Генры Кісенджэр неяк заўважыў, што магутнасць дзяржавы вызначаецца двума паказчыкамі: колькасцю атамных боегаловак і колькасцю алімпійскага золата.  Гэта выдатна разумелі і ў СССР. З колькасцю самых мірных у свеце боегаловак у Савецкага Саюза за брэжнеўскім часам было ўсё добра. Як і з колькасцю алімпійскіх медалёў. Не ставала галоўнага: правесці ў “краіне Саветаў” алімпійскія спаборніцтвы.

У 1974 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт абвесціў: гульні ХХІІ Алімпіяды маюць прайсці ў СССР. Крэмль планаваў правесці Маскоўскую алімпіяду як “дэманстрацыю перавагі савецкай сістэмы”, але ж тут надарылася савецкая агрэсія ў Афганістане, і Алімпійскія камітэты ажно 65 краін вырашылі тую Алімпіяду байкатаваць.

Аднак і  падрыхтоўка да Алімпіяды, і яе байкот, і неверагодная колькасць замежнікаў, якія ўсё ж наважыліся прыехаць у СССР, сталі сапраўдным падарункам для Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі…

* * *

Кожны замежнік, які прыязджаў у СССР, быў для чэкістаў патэнцыйным шпегам, ідэалагічным шкоднікам ці як мінімум “агентам уплыву”. Гэта тычылася не толькі гасцей з дзяржаваў, якія ў Савецкім Саюзе называлі “капіталістычнымі”. Пад падазронасць тряплялі і грамадзяне краін “сацыялістычнага лагеру”: у шасцідзесятыя гады – Чэхаславаччыны, у сямідзесятыя і асабліва васьмідзесятыя – Польшчы.

На летнія алімпійскія гульні 1980 года чакаліся госці ажно з васьмідзесяці краін, і ўсе яны, безумоўна, маглі фатаграфаваць абарончыя заводы, падкладаць выбухоўку пад стратэгічныя мосты, распаўсюджваць рэлігійную і парнаграфічную літаратуру, ладзіць падступныя правакацыі і ўвогуле – прапагандаваць шкодныя ідэі…

У чэрвені 1978 г. старшыня КГБ СССР тав. Андропаў напісаў у ЦК КПСС дакладную абсалютна злавеснага зместу:

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ при СОВЕТЕ МИНИСТРОВ СССР

16 июня 1978 г.

«О замыслах западных спецслужб и зарубежных антисоветских организаций в связи с «Олимпиадой-80»

Комитет Госбезопасности при Совете Министров СССР располагает сведениями о том, что спецслужбы капиталистических государств и находящиеся на их содержании зарубежные националистические, сионистские, клерикальные и иные антисоветские организации вынашивают враждебные замыслы в связи с ХХІІ летними Олимпийскими играми 1980 г. в Москве

(…)

Характэрна, што ў дакладной размова ідзе менавіта пра “замыслы”, а не пра канкрэтную падрыхтоўку. Магчыма, у КГБ умелі чытаць варожыя думкі на адлегласці?

Як бы то ні было, але ворагі камуністычнага будаўніцтва і алімпійскіх ідэалаў замыслілі, паводле Юрыя Уладзіміравіча Андропава, наладзіць падчас маскоўскай Алімпіяды сапраўдныя Садом і Гамору:

ИЗ ДОКЛАДНОЙ КГБ СССР

(…)

Одновременно установлено, что западные спецслужбы, зарубежные антисоветские организации и подрывные идеологические центры придают большое значение использованию канала международного туризма для инспирации враждебных проявлений на территорию СССР в период подготовки и проведения Олимпийских игр. Противник планирует использовать этот канал для засылки в нашу страну террористов, эмиссаров и агентов различных враждебных организаций, а также бывших советских граждан, выехавших или выдворенных ранее из Советского Союза. Предполагается их использование в осуществлении террористических актов (…)

Подтверждением этому являются следующие данные:

— от одного из наших источников получены сведения о том, что в ФРГ и ряде капиталистических стран якобы ведется подготовка террористов для засылки в СССР в период Олимпиады для совершения террористических актов (…)

Што за крыніца паведамляе пра магчымыя тэрарыстычныя акты, падрыхтоўку да якіх нібыта плануюць і ў ФРГ, і “іншых капіталістычных краінах”, таварыш Андропаў не пазначае. Але спасылаецца на сродкі масавай інфармацыі тых жа капіталістычных краін, якія дапускаюць тэракты падчас маскоўскай Алімпіяды.

Невядома, як адрэагавалі старыя бальшавікі на андропаўскае папярэджанне, але праз год старшыя КГБ накіраваў у ленінаскае ЦК яшчэ больш жорсткую дакладную:

СЕКРЕТНО

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ при СОВЕТЕ МИНИСТРОВ СССР

30.07. 1979 г.

«О враждебной деятельности противника в связи с Олипиадой-80»

(…)

В Комитет Госбезопасности поступают данные об усилении подрывной деятельности спецслужб противника, зарубежных идеологических диверсионных центров и антисоветских организаций по дискредитации Олимпиады-80 и использованию ХХІІ Олимпийских игр во враждебных СССР целях.

(…)

Противник не останавливается и перед оказанием прямого психологического давления на западную общественность. Примером этому может служить опубликованная недавно в США книга Дж. Паттерсона под названием «Инструкция по совершению террористических актов», в которой обыгрывается провокационная версия о захвате группой террористов во время Московской Олимпиады заложников-спортсменов.

(…)

Тут варта зрабіць удакладненне. Джэймс Патэрсан, імя якога таварыш Андропаў згадвае ў якасці ідэалагічнага шкодніка – адзін з найбольш вядомых амерыканскіх пісьменнікаў (а на сёння яшчэ – і самы высокааплачваемы). Аўтар класічных дэтэктываў, ён ніколі не займаўся напісаннем “тэрарыстычных інструкцый”. Дый на афіцыйным сайце Джэймса Патэрсана кнігі пад назовам, якую прыводзіць таварыш Андропаў, няма.

Магчыма, старшыню КГБ падманулі падначаленыя з Першага Глаўупра ці з рэферэнтуры. Але не выключаецца, што сам Андропаў вырашыў падмануць чальцоў ЦК, прыпісаўшы класіку дэтэктыўнага жанра складанне тэрарыстычнай інструкцыі, якой той стоадсоткава не пісаў…

Напрыканцы дакладной, нарэшце гучыць галоўнае слова…

ИЗ ДОКЛАДНОЙ КГБ

(…)

В последнее время США предприняли ряд шагов по втягиванию НАТО в финансирование деятельности указанных антисоветских центров (…)

Комитет Государственной Безопасности с учетом складывающейся обстановки принимает меры по выявлению и срыву замыслов противника в отношении Олимпиады-80 (…)

Дык якое тут галоўнае слова? Правільна: “фінансаванне”, якое імперыялістычныя вылюдкі выдаткоўваюць на антысавецкія захады. А калі так – то і ленінскі ЦК мусіць адпаведным чынам прафінансаваць Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі…

І такое фінансаванне было атрыманае. Праўда, лічба фінансавання КГБ ў рублях і ў валюце невядомая. Але вядома іншае: яшчэ ў 1977 годзе ў Пятым Глаўупры КГБ быў створаны адмысловы аддзел, які займаўся “аператыўна-чэкісцкімі мерапрыемствамі па зрыве падрыўных акцый праціўніка і варожых элементаў падчас правядзення Алімпіяды-80”. Вядома, што напярэдадні Алімпіяды была значна палепшаная матэрыяльна-тэхнічная база чэкістаў, у тым ліку і КГБ БССР.

Але вядома і іншае. Ані падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды-80, ані падчас яе правядзення не было зафіксавана ніводнай спробы тэрарыстычных актаў. У тым ліку і ў Менску, дзе ўлетку 1980 года праходзілі адборачныя гульні алімпійскага футбольнага спаборніцтва.

[Not a valid template]

* * *

У наступнай перадачы я раскажу пра метады барацьбы  чэкістаў супраць буржуазных нацыяналістаў.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 9.

У якасці ілюстрацыі скарыстаны здымак з газеты “Известия» за 5 траўня 1980 г., “Алімпіяда ў Мінску”.