Справы 1985-1991 г. Як дэградаваў КГБ СССР



У познім Савецкім Саюзе кепска працавала ўсё ці амаль усё. Савецкія харчы была жахлівай якасці – у тым разе, калі яны былі ў крамах увогуле. Савецкія заводы выраблялі нікому не патрэбную прадукцыю. Савецкія спадарожнікі былі касмічным смеццем, савецкія дарогі нагадвалі палігоны для выпрабоўвання танкаў, савецкія танкі ламаліся ўжо праз колькі гадоў пасля выхаду з заводаў. Пры гэтым савецкай прапагандзе не давалі веры нават парторгі.

А чаму на тле агульнага заняпаду тая ж Дзяржбяспека павінна была працаваць узорна?

* * *

Для людзей, якія нарадзіліся і гадаваліся за часамі СССР, Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі напэўна ўяўляўся гэткам носьбітамі сакральных ведаў, укладальнікам кодаў жыцця і захавальнікам эталонаў шчыта і мяча.

Насамрэч, і ў эпоху Андропава, і ў пазнейшыя часы Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі быў неверагодна забюракратызаванай і коснай арганізацыяй, якая кіравалася найперш догмамі. Кожная спецслужба, якая ставіць догмы наперадзе здаровага глузду, рана ці позна дэградуе, і дэградацыя гэтая пачынаецца менавіта з кадраў…

Традыцыя прызначаць кіраўнікамі КГБ учарашніх камсамольскіх правадыроў пачалася яшчэ за хрушчоўскім часам: спярша Старшынём КГБ прызначылі былога сакратара Ленінскага камсамола Аляксандра Шэлепіна, а потым – такога ж камсамольца Уладзіміра Сямічаснага. Тое ж самае адбывалася і ў саюзных рэспубліках, у тым ліку і ў КГБ пры СМ БССР, прытым – на ўсіх узроўнях. 

Адной з прычынаў такой кадравай палітыкі было ленінскае выказванне: “Кожны камуніст можа быць чэкістам”. “Партыйны” і “камсамольскі” наборы практыкаваліся ў КГБ ажно да развалу СССР.

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СЕКРЕТНО

16 марта 1988 г.

 

«О некоторых вопросах перестройки работы с кадрами в КГБ»

Закрытое письмо

(…)

В настоящее время среди первых руководителей органов и их заместителей 25 ранее находились на ответственной партийной, советской или комсомольской работе и по решению ЦК Компартии в персональном порядке были направлены на руководящие должности в госбезопасность

(…)

На практыцы гэта азначала, што на пасаду, напрыклад, начальніка структуры, якая распрацоўвала тых жа “беларускіх нацыяналістаў”, прызначалі камсамольскага вылучэнца, які не меў ані адпаведнай адукацыі, ані належнага досведу. Спецкурсы ў школах КГБ у Менску, Кіеве, Ленінградзе ці Маскве не заўсёды выхоўвалі з такога камсамольца стоадсоткавага чэкіста. Рана ці позна такі вылучэнец правальваў агентурна-аператыўныя камбінацыі ці ўвогуле завальваў працу – за што, зрэшты, яго можна было толькі падзякаваць…

Камітэтчыкі вучыліся ў тых жа самых вельмі сярэдніх савецкіх школах, што і фігуранты іх справаў, і выпускаліся пераважна з тых жа самых савецкіх інстытутаў – калі не браць пад увагу невялікую элітную праслойку, якая скончвала “вышку”, то бок Вышэйшую Чырвонасцяжную Школу КГБ СССР у Маскве.

А таму агульнаадукацыйны ўзровень людзей з халоднымі галовымі, гарачымі сэрцамі і чыстымі рукамі мала чым адрозніваўся ад сярэднесавецкага – прынамсі, на ўзроўні тэрытарыяльных структур.

 

ИЗ ЗАКРЫТОГО ПИСЬМА КГБ СССР

(…)

Несмотря на проделанную значительную работу по отбору кандидатов на службу в органы КГБ, не всегда обеспечивается их качественное изучение (…) Не в полной мере используются имеющиеся (…) возможности для подбора кандидатов с необходимым профилем подготовки. В ряде УКГБ (…) в числе кандидатов, состоящих в резерве, не имеется юристов, а также лиц со знанием иностранных языков

(…)

Зрэшты, нават камсамольскія сакратары на начальніцкіх пасадах,  няведанне замежных моваў і адсутнасць юрыдычнай адукацыі не былі галоўным паказчыкам дэградацыі Дзяржбяспекі.

Сталінскія чэкісты ў сваёй пераважнае большасці свята верылі, што “падставы”, вярбоўкі, арышты, катаванні і расстрэлы набліжаюць перамогу камунізма. У камітэтчыкаў часоў позняга СССР былі іншыя матывы службы.

Напачатку 1985 г. у Сакратарыят КГБ СССР прыйшла ананімка, напісаная супрацоўнікам адной са структур тэрытарыяльнага КГБ на кіраўніцтва. Ананімка ў стылістыцы камунальнага даноса выкрывала бюракратызм і фармалізм у Дзяржбяспецы:

 

МОСКВА, ПРЕДСЕДАТЕЛЮ КГБ СССР

ЧЕБРИКОВУ

 

В Одессе отчет с 1 октября. Главное написать справки. Все должно быть в тетрадях, и чем больше, тем лучше. Потом рапорта и чем больше, тем лучше. Нач. отделений на 15 листах. Нач. отделов на 20 листах. Не все! Кураторы по го-ро* на 10 листах. В  ро – 5 человек.

Все записывается еще в тетрадях. Все много раз возвращается, переписывается.

Потом итоги будут под-ся нач. управл. в отделах. Потом по Упр-ю.

За то, что мало записей в тетрадях, лишают 13-й зарплаты!!! Не за работу!!!

Пишем, работать некогда. С 17 на 10 дней едет комиссия подводить итоги.

2 месяца все подводят итоги. А когда работать!!!

Это еще не весь формализм.

——-

* “Го-ро” — гарадскі раённы аддзел КГБ

 

З ананімкі, напісанай афіцэрам КГБ, вынікае як мінімум тры моманты, якія і характэрызуюць тагачасную Дзяржбяспеку.

Першае. Ананімшчык відавочна не давярае ані свайму непасрэднаму начальству, ані партыйнай арганізацыі, ані Асобай інспекцыі КГБ СССР (папярэднік “унутранай бяспекі”), бо звяртаецца не да іх, а наўпрост да Старшыні Камітэта.

Другое. Галоўны стымул працы ў КГБ для гэтага афіцэра – не перамога ідэй марксізма-ленінізма ў цэлым свеце, а грошы, тая ж трынаццатая зарплата.

Трэцяе. Ананімка на Лубянку напісаная левай рукой і друкаванымі літарамі, але ж вылічыць аўтара было прасцей за простае: дастаткова было пераглянуць плацёжную ведемасць па УКГБ, скласці спіс тых, хто не атрымаў трынаццатую зарплату і правесці графалагічны і стылістычны аналіз тэкста. Але камітэтчык не цяміў нават такіх элементарных рэчаў, што яскрава сведчыць пра яго прафесіяналізм.

І падобных дакументаў у архівах былога КГБ захаваліся пагонныя кіламетры…

* * *

Напрыканцы васьмідзесятых – пачатку дзевяностых у КГБ з’явіліся адзнакі маштабнай карупцыі: камітэтчыкі “крышавалі” кааператараў, прадавалі дзяржаўныя сакрэты, прысабечвалі дзяржаўную маёмасць і нават здавалі бандытскім структурам уласную агентуру – натуральна, за грошы. 

Савецкі Саюз імкліва каціўся да скону, а разам з ім – і “узброены атрад партыі”. З крахам СССР самыя хітрамудрыя генералы КГБ здолелі скіраваць падкантрольныя ім фінансавыя плыні ў заходнія банкі і з’ехаць за мяжу. Галодныя да “трынаццатых зарплатаў” маёры-падпалкоўнікі, якім для ўцёкаў не хапіла дальнабачнасці і грошай,  папрысвойвалі адзін аднаму генеральскія званні і распачалі дзяльбу таго, што не паспелі скрасці іх папярэднікі. Некаторыя з іх пайшлі ў бізнэс, некаторыя – у ідэолагі, а некаторыя і ў палітыку, прытым адзін такі нават здолеў стаць прэзыдэнтам суседняй з Беларуссю дзяржавы…

* * *

У наступны раз мы зноў прыгадаем змрочныя часы Вялікага Тэрора і дазнаемся, як чэкісты спалучалі ў абвінавачваннях цалкам, здавалася, неспалучальныя рэчы.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўныя справы Фонд 16,  вопіс 1, адзінкі захавання 1226, 1261, 1262