Справы 1988 г. Эколагі як ідэалагічныя дыверсанты супраць савецкай эканомікі



Эканоміка развітога сацыялізму няўлоўна нагадвала гаспадарчы лад качавых плямёнаў.

Гуны, скіфы, вандалы і ім падобныя качавалі ў пошуках новых пашаў для выпасу статкаў; старыя пашы, вытаптаныя конскімі табунамі, на доўгі час станавілся непрыдатнымі для выкарыстання.

Гіганты савецкай нафта- і газаздабычы, а таксама шматлікія камбінаты па перапрацоўцы марганца, нікеля, медзі і іншай сыравіны, шалёнымі тэмпамі спусташалі зямныя нетры, пры гэтым навакольныя землі бязлітасна забруджваліся індустрыяльнымі адкідамі.

Праўда, у адрозненне ад качэўнікаў, савецкім здабытчыкам і перапрацоўшчыкам карысных выкапняў не было куды бегчы. Да таго ж, радовішчам, камбінатам і заводам увесь час нагадвалі пра неабходнасць “выканаць план чарговай пяцігодкі якім заўгодна коштам”. Гэта накладалася на абыякавасць людзей да працы, сістэмны крадзеж усяго, што можна было скрасці і класічны савецкі бардак.

У васьмідзясятыя гады ў СССР надарылася багата тэхнагенных катастрофаў, якія прывялі да незваротных наступстваў. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Савецкі Саюз быў змушаны дапусціць на забруджаныя землі Беларусі і Украіны замежных спецыялістаў па ахове навакольнага асяродку. Так шырокія народныя масы ўпершыню пачулі слова “экалогія”.

* * *

Савецкая ўлада адразу паставілася да эколагаў надзвычай варожа, прытым логіка варожасці была прыблізна такой: калі ваша так званая “экалогія” замінае выкананню планаў, прынятых на апошнім партыйным з’езде, то “экалогія” насамрэч – хітрамудрая ідэалагічная дыверсія, прыдуманая ў ЦРУ і скіраваная на падрыў эканамічнай магутнасці і абароназдольнасці СССР.

Чэкісты неадкладна атрымалі каманду: адсочваць тых эколагаў, асабліва замежных, і пры патрэбе ствараць ім размаітыя “падставы”.

Ужо праз два гады пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у сакратарыяце КГБ нарадзілася аглядная даведка, мова якой нявольна ўваскрашае ў свядомасці дакументы МГБ сталінскай эпохі:

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

6 апреля 1988 г.

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

«Об экологической обстановке и замыслах спецслужб по ее использованию в подрывных целях»

 

Комитет госбезопасности  (…) располагает данными об активизации подрывной деятельности  западных спецслужб и центров идеологических диверсий с использованием экологической обстановки (…)

На Западе делают ставку на «усилившийся после аварии в Чернобыле рост экологического самосознания широких слоев населения», полагают, что «эта тенденция будет приобретать все более отчетливую «политическую окраску».

Перед спецслужбами выдвигаются задачи содействию формированию «экологической оппозиции в СССР» и переключению внимания «зеленых» в капиталистических государствах на ее поддержку (…)

Для реализации своих замыслов противник расширяет масштабы подрывной пропаганды с использованием средств массовой информации

(…)

Насамрэч, людзі нарэшце пачалі задавацца пытаннямі: “якім паветрам мы дыхаем?”, “якую ваду п’ем?” і “па якой зямлі ходзім?” І, відавочна, гэтыя пытанні нашэптвалі ім не падступныя амерыканскіе шпегуны. Здабыць праўдзівую інфармацыю пра той жа Чарнобыль у савецкіх медыях было амаль немажліва, што і прымушала людзей слухаць “варожыя галасы”.

На наступных васьмі старонках “агляднай даведкі КГБ” ідзе дэталёвы пералік тэхнагенных катастроф, аварый на вытворчасці, а таксама нядбайнага стаўлення да наваколля. Вось толькі некаторыя пункты: “прарыў грэблі, у выніку якога ў раку выцекла 4, 5 млн. кубаметраў атрутных хімікатаў”, “парушэнні пра захаванні і транспартыроўцы атрутных рэчываў”, “бактэрыялагічная забруджанасць водазабораў”.

Але гэтыя інфармацыі ніколі не траплялі ў савецкі друк і ў савецкі эфір. Затое людзі, якія спрабавалі высвятліць рэальную сітуацыю, адразу траплялі ў поле зроку чэкістаў.

 

ИЗ ОБЗОРНОЙ СПРАВКИ КГБ

(…)

В последнее время появились самодеятельные общественные объединения экологической направленности (…)

«Лидеры» объединений, стремясь привлечь внимание общественности к экологическим и связанным с ними другими проблемами, используют телевидение, местную печать (…)

6 Управлением КГБ (…) и органами на местах, в условиях быстро меняющейся оперативной обстановки, активизации спецслужб противника в проведении подрывной деятельности против СССР в области экологии (…) принимаются усилия по повышению эффективности функционированию системы мер по борьбе с разведывательно-подрывными устремлениями противника (…)

На местах для оказания помощи со стороны 5 Управления КГБ проводится работа по укреплению оперативных позиций в среде участников самодеятельных общественных объединений экологической направленности.

С целью вскрытия подрывных замыслов противника, направленных в сферу экологии (…) продвижению в его поле зрения наших оперативных источников, 6 Управлением КГБ (…) планируется осуществление разведывательных и контразведывательных мероприятий с учетом выезда в 1988 г. за границу нашей агентуры (…)

 

Як праводзіліся аператыўна-чэкісцкія мерапрыемствы супраць актывістаў экалагічных рухаў, відно з інфармацыйнага паведамлення з УКГБ г. Чаркасы.

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

21 марта 1988 г.

СЕКРЕТНО

(…)

В связи с прибытием в Черкассы группы сотрудников Центрального телевидения («Прожектор перестройки»), 19 марта в 12 часов дня у здания городской музыкальной школы № 1 участниками самодеятельного объединения «Экология» организован митинг, на котором собралось около 1, 5 тыс. человек, с целью привлечения внимания общественности к вопросам защиты окружающей среды.

(…)

УКГБ по Черкасской области осуществляются меры по выяснению происходящих процессов в среде указанных самодеятельных объединений.

 

Аналогіі з сітуацыяй ў сённяшняй Беларусі абсалютна відавочныя. Безумоўна – і пратэстоўцы супраць пабудовы акумулятарнага завода ў Берасці, і ўдзельнікі акцыі “Салігорск за чыстае паветра”, і праціўнікі Астравецкай АЭС напэўна апрацоўваюцца КГБ Рэспублікі Беларусь у такія ж самыя ці ў вельмі падобныя спосабы, як і “удзельнікі самадзейных экалагічных аб’яднанняў” канца васьмідзесятых. Арсенал тых спосабаў добра вядомы: раскладанне рухаў з сярэдзіны з дапамогай агентуры, “падставы” і дыскрэдытацыя актывістаў праз дзяржаўныя СМІ. І, вядома ж, міліцэйскія рэпрэсіі з судамі, штрафамі і пагрозамі.

Толькі вось і самі камітэтчыкі (а таксама міліцыянты, суддзі, пракуроры і дзяржаўныя прапагандысты) і іх дзеці ў разе чарговай экалагічнай катастрофы напэўна будуць дыхаць такім жа забруджаным паветрам, піць такую ж забруджаную ваду і хадзіць па такой жа запаскуджанай зямлі, як і тыя, каго яны цкуюць.

Ці для іх ёсць іншыя паветра, вада і зямля, як у тых качэўнікаў?

* * *

З наступнай перадачы вы дазнаецеся, як савецкія чэкісты цэнзуравалі рэпертуар савецкіх кінатэатраў.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання “1242”

Савецкі прапагандысцкі плакат скарыстаны ў якасці ілюстрацыі