Уладзіслаў Ахроменка. Прыфронтавы дзённік. Частка 7. “Шаленства ваткі”



У нашым уяўленні сярэднестатыстычны жыхар Данбаса паўстае гэткім пахмурным арангутанам, ахрыплым ад скандавання “Путин, введи войска!..”, і з аўтаматам напагатоў, прытым толькі георгіеўскіх стужак на ім як дзесяць мінімум. Ці, як варыянт – агрэсіўнай вядзьмаркай, гэткай гандляркай семкамі з якога пасёлка Стаханаў, якая глядзіць на навакольны свет прыблізна вось так:

Я этой Украины гребаной… Это бандеровское, это, наверное, в крови матери всосали.  Земли украинской уже нет. Это американское все. Эти Ротшильды, Рокфеллеры, они, наверное, уже все скупили. Я же смотрела все эти передачи, я же никуда не выхожу, показывают, когда это, когда весь этот Майдан. Это же бандиты! Я же все это смотрела! Все, все, от начала до конца! Эти передачи хоть как-то, хоть немножко нас поддерживают! И так хочется быть с народом России!..

Шчасця тут няма, ёсць толькі назва пасёлка

(“Украина сегодня”)

Дык вось: уяўленне пра Луганск і ўвогуле пра Данбас, як пра джунглі “русского мира», населеныя выключна “ватнікамі”, “каларадамі” і іншымі прадстаўнікамі азіяцкай фауны, абсалютна няслушнае і недарэчнае.

Дзірка ў асфальце ад расейскага мінамётнага снарада

Людміла Краўчанка, уцякачка з Луганска:

Калі ў 2014 годзе ўсё пачыналася, было вельмі багата праўкраінскіх мітынгаў. Першы прайшоў збольшага спакойна, на другім у праўкраінскіх актывістаў паляцелі камяні і дымавыя шашкі. А трэці проста брутальна разагналі. Людзей збівалі арматурай і касцетамі, прытым арматуру выдавалі з машын. Міліцыя і СБУ не рэагавалі ніяк. Пры мне аднаго хлопца зацягнулі ў аўтобус і там проста зарэзалі…

Так агрэсіўная прарасейская большасць перамагла талерантную праўкраінскую меншасць. Тых, каму новы парадак не падабалася, часткова павыганялі, часткова пазабівалі.

Шкло тут заклейваюць паперай крыж-накрыж, каб пры выбухах не павыляталі шыбы

Затое гэтая большасць нарэшце атрымала права загінуць за сакральны «русский мир», прытым значная іх частка упэўненая, што армія Луганскай Народнай Рэспублікі ваюе зусім не з Украінай:

Былы баявік ЛНР, пазыўны “Талян”:

Мне затэлефанавалі, сказалі – праца ёсць. Я пайшоў працаваць. Мне далі аўтамат. Мне сказалі, што на тэрыторыю Луганскай вобласці вайшлі амерыканскія войскі. Во — амерыканскі вайсковы кантынгент! Я і пайшоў з імі ваяваць…

…але ў некаторых шыбаў даўно няма, грошай на шкло таксама няма, і таму даводзіцца закладаць вокны такім чынам

 Пахваляецца Баявік ЛНР па мянушцы “Белы”:

Тры месяцы таму былі палякі, якіх мы …нулі. Цяпер там ваююць нігеры. Група Белага вас чакае, думаю, ўчора вы там падарваліся нармалёва, добра вам было…

Але чаму дзясяткі тысяч людзей на Данбасе, якія яшчэ ўчора хадзілі на працу, вучіліся ва ўкраінскіх школах і жылі пад украінскімі сцягамі, так раптоўна ператварыліся ў бяздумныя механізмы, кіруемые тэлевізійным пультам з Масквы?

У прыфронтавым пасёлку працуе супермаркат, асартымент амаль такіж самы, як і ў іншых украінскіх пасёлках

Справа тут не толькі ў геаграфіі і не толькі ў “расейскай прапагандзе”. Слабажаншчына і Сівершчына таксама мяжуюць з Расеяй, прытым расейская прапаганда лілася туды ў тых жа дозах, што і на Данбас.

Людміла Краўчанка, уцякачка з Луганска:

Нашыя землі вельмі доўга былі пад уплывам Расейскай імперыі, потым СССР. Большасць з тых, хто цяпер за ЛНР, упэўненыя, што вось-вось ім адродзяць Савецкі Саюз і што яны зажывуць так, як раней… Гэтыя людзі хацелі, каб дзяржава ім нешта давала, і пры гэтыі нічога не хацелі даваць наўзамен. Нават працаваць як след не хацелі. За часы ўкраінскай незалежнасці яны так і не перафарматавалі свае мазгі, і таму сепаратызм падтрымліваюць, бо пагэтуль вераць, што ім нехта нешта дасць: “ЛНР”, “Расея”, “добры Пуцін”…

А вось матэль непадалёк ад Шчасця ўжо не працуе – яго растралялі з расейскай артылерыі

Аднак ёсць і куды больш радыкальныя думкі пра прычыну росквіту сепаратызма менавіта на Данбасе. Сведчыць баец ВСУ, пазыўны “Вікінг”:

Яшчэ з дзевяностых гадоў там квітнеў сапраўдны феадалізм. З мясцовымі царкамі, бажкамі і князькамі. І мясцовыя жыхары проста баяліся падняць галаву. Затое квітнела крымінальшчына. Узяць хаця б міліцэйскія зводкі: па ўсёй Украіне адно, два, тры забойствы, на Данбасе – сто. За суткі. Ёсць цэлыя вёскі на той жа Лушаншчыне, дзе няма ніводнага чалавека, які б не сядзеў.

І вось рабы, якія атрымалі зброю, папнуліся насаджаць Савецкі Саюз. Але ж Савецкі Саюз, пра які так мараць у ЛНР – гэта не толькі каўбаса па 2-20 і традыцыйнае застолле пасля святочнага парада ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта яшчэ і МГБ, ці, як называюць яго ў Луганску – “падвал”.

 Бензакалонка не працуе па той жа прычыне

Былы баявік ЛНР, пазыўны “Грыб”:

Падвал – гэта такое месца, куды Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі ЛНР кідае ўсіх нязгодных. Яміна пяць на пяць, дзе можа сядзець і трыццаць, і сорак чалавек. Ім на суткі даюць бохан хлеба і паўтары літры вады. Называюць іх у МГБ па-рознаму – і “рабы”, і “палонныя”, і яшчэ інакш. Патапіць туды можа кожны, і за што заўгодна. Ёсць падлеткі, прытым нават бацькі могуць не ведаць, што тыя падлеткі на падвале. Тэрмін там можа быць які заўгодна – як МГБ захоча…

Што тут было да вайны – невядома, але ж гаспадар згодны прадаць гэтыя руіны хоць за якія грошы

Расказваць пра цяперашнія луганскія рэаліі можна да бясконца. Але ж я ніяк не магу забыцца на размову, якая адбылася ў мяне на рынку ў Севераданецку. Цётка, у страхавіднай вязанай шапцы савецкіх часоў і зашмальцаванай балонневай куртцы, прыехала з Луганшчыны па ўкраінскую пенсію, а заадно – закупіцца прадуктамі, бо ў Луганску прадукты дэфіцыт, дый даражэй усё.

Гэта ТЭЦ у пасёлку Шчасце. Працуе яна на антрацыце, які пастаўляюць з ЛНР, і таму электрычнасць часткова дае ў ЛНР. За гэта ўдзячныя сепаратысты колькі разоў спрабавалі яе падарваць.

Пенсіянерка з Луганска:

Жыццё паціху паляпшаецца, усё добра… Але ж банкі зусім не працуюць! І кошты на ўсё шалёныя! Нас кінулі, як нейкае смецце! Хто? Да новая ўлада!

Ужо не пад мікрафон тая цётка брыдка лаялася на Украіну, бандэраўцаў, Захад і шматлікіх ворагаў, з-за якіх у Луганску жыць стала немагчыма.

Здаецца, яна так нічога і не зразумела. Як і дзясяткі тысяч іншых прасавецкіх цётак і дзядзькаў, дзякуючы якім тая пачварная ЛНР існуе і пагэтуль.

Непрызнаная ЛНР пачынаецца за бліжэйшым гаем

* * *

У кожны аўторак і чацьвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:50 і 17:50 (паводле беларускага часу) слухайце перадачы Уладзіслава Ахроменкі, прысведчаныя   падзеям на Усходзе Украіны. У наступнай перадачы ён раскажа, якой зброяй ваююць у ЛНР супраць Украіны і хто тую зброю пастаўляе.

Беларускае Радыё Рацыя