Як Луцкевічы любілі збіраць і гатаваць грыбы
Адным з найбольш вялікіх захапленняў у братоў Луцкевічаў-малодшых быў збор грыбоў. Практычна ў кожным лісце да свайго сябра Уладзіміра Стрыгуцкага ў 1960-я гады віленчукі Юрый і Лявон, калі не пісалі пра тое, як збіралі грыбы ў сезон у беларускіх і літоўскіх лясах, дык апісвалі тое, як паядалі закансерваваныя грыбы падчас застолляў. У сваёй апантанасці “ціхім паляваннем” джэнтэльмены і інтэлектуалы Луцкевічы былі абсалютна тыповымі беларусамі, якія і ў ХХІ стагоддзі ў сацыяльных сетках выхваляюцца сваімі поспехамі ў зборы і кансервацыі грыбоў.
10 кастрычніка 1964 года Юрка Луцкевіч у лісце Уладзіміру Стрыгуцкаму скардзіцца на жыццёвыя абставіны, якія не даюць яму ў поўнай ступені атрымаць асалоду ад улюбёнага хобі — збору грыбоў: “Мінулі прыгожыя дні Аранхуэза (Die Monen Tage von Aranjuez sind vergarden), як некалі пісаў Шылер. Скончыўся адпачынак, скончылася лета, пачалася праца. Ды яшчэ падвойная, бо рашылі нарэшце канчаць будову свайго гаража. А кааператыў наш разваліўся, дык прышлося самім арганізаваць жалезабетонныя панелі і пералажыць цэглу, раствор, транспарт, мехенізмы. Надумалі апрача рамонтнай ямы зрабіць пад гаражом склеп для бульбы, гародніны і фруктаў. Вось і капаем гліну, добра яшчэ, што сусед і аднапалчанін Косцік Шышэя дапамагае. А тут прайшлі дажджы — у лесе поўна грыбоў. І няма калі з’ездзіць!”
У наступным, 1965 годзе, адпачынак Лявона Луцкевіча на ўзбярэжжы Балтыйскага мора не заладзіўся. Пра гэта 28 жніўня коратка піша ягоны брат Юрый: “Лёнька датэрмінова ўцёк з Рыжскае затокі, такая паганая выдалася пагода. Затое, як яго водпуск скончыўся, у другой палове жніўня было цудоўна. Купаліся, гулялі ў валейбол, збіралі грыбы…” Праз месяц, 21 верасня 1965 года, ужо Лявон Луцкевіч паведамляе Яніне Стрыгуцкай пра тое, як ягоны брат засвоіў навуку прыгатавання грыбоў: “Канец лета і пачатак восені ў нас сёлета лепшы, як сярэдзіна лета. Яшчэ ў другой палове жнівеня і першай палове верасня мы з Юркам часта ездзілі па нашых віленскіх ваколіцах на вазёры купацца, або ў лес збіраць грыбы. Мушу прызнаць, што Юрка навучыўся прыгатоўляць грыбы, ды наогул у яго адкрыліся такія кулінарныя здольнасці, што можа зрабіць табе, Яня, паважную канкурэнцыю”.
У 1966 годзе сям’я Луцкевічаў павялічылася. Юрка ажаніўся з жанчынай, з якой ён пазнаёміўся яшчэ на Калыме. Масквічка Ніна Злыгосцева, у якой быў дзіцёнак Сярожка ад першага шлюбу, без вялікіх ваганняў прамяняла жыццё ў сталіцы на Вільню. 31 кастрычніка, праз нейкі час пасля гэтай важнай сямейнай падзеі, Юрый Луцкевіч піша справаздачу Валодзю Стрыгуцкаму. У лісце зноў надаецца вялікая ўвага грыбам. “Атрымалі ізноў, як і раней, нармальнае доўгае паўначное пісьмо. Цешыліся з Вашага бадзёрага настрою, а найбольш з таго, што нядоўга прыдзецца Вам марнець між КАлымскіх сопак, нарэшце пачнеце навечна ўкараняцца ў роднай зямельцы. Ну, гэта прыказка, а цяпер будзе казка. Як пасля вяселля ўсе раз’ехаліся, забралі Сярожку дамоў з лагеру. Аж тут прыехалі бацькі Ніны. Мы знайшлі ім дачу — км 50 ад гораду над вельмі прыгожым возерам Дубінка (вёска Тараканцы). Даўжыня возера — больш за 20 км. І рыба, і грыбы. І гаспадар паляк (вельмі сімпатычны дзядзька). Цяпер нават Сярожка ведае, напрыклад, што такое “патэльня”. А Лёнька атрымаў водпуск і паехаў разам з Багдановічамі боўтацца ў Балтыйскіх хвалях. Калі-ж скончылася гэта эпапея, усё ў нас стала пад знак грыбоў. Ніна вялікі майстар збіраць баравікі. А цешча — “гросмайстар цераз вялікае “Г”. Насушылі, насалілі, намарынавалі… А смачныя.. Пальцы абліжаш! (асабліва мырынаваныя кабылкі пад 43-градусную старку, але аб гэтым пазней)”, — распавядае пра свае прыгоды Юрка.
Восень 1967 года аказалася надзвычай ўраджайнай на грыбы. Але не толькі гэта цешыла Юрыя Луцкевіча. Ён з вялікай радасцю канстатаваў выдатныя гаспадарскія якасці сваёй жонкі, з якой у шлюбе пражыў год. 9 кастрычніка 1967 года: “Працягваю сваю пісаніну. Цешча ўжо выехала, гасціць цесць, але і ён заўтра выязджае. Грыбы растуць, баб’е лета, тэмпература ўдзень +18 у цяню. Ніна аказалася выдатнай гаспадыняй. Мы нарыхтавалі агуркоў і грыбоў гэткую колькасць, што бадай не справіліся з імі да лета. Ды яшчэ і канфітураў нейкіх наварыла…”
Ранняя вясна 1968 года прынесла многа прыемнасцей віленчукам Луцкевічам, якія ў пачатку траўня паспелі і пазагараць, і нават знайсці першыя ў сезоне грыбы. “Выбачайце, што “працягнуў разіну” на цэлы месяц. Асаблівых падзеяў у нас не было, дзеля чаго пачну ад пагоды. Канец красавіка і пачатак траўня ў нас былі цудоўныя. Усё расцвіло не менш як на два тыдні раней, чым звычайна. Даволі сказаць, што 4-га мы з Нінай не толькі загаралі, але і знайшлі першыя грыбы! Праўда гэта былі смарчкі. Затое тыдзень таму назад Ніна знайшла 5 баравікоў і аднаго масляка! Затое ж другая дэкада мая была да нічога, то халодныя дажджы, то замаразкі. У людзей памерзлі памідоры, агуркі, бульба. Зрэшты, такі ж быў і канец месяца — сёння першы пасля гэтага перапынку цёплы дзень”, — піша ў канцы траўня 1968 года Юрый Луцкевіч у Гомель Стрыгуцкім.
Мікола Бянько
паслухаць перадачу можна ў далучаным файле: