Як Юрый Луцкевіч вучыў сябра пісаць раман



Сярод палітычных зняволеных у сталінскіх канцлагерах хапала адукаваных людзей з прадстаўнікоў былых эліт Расейскай імперыі альбо з грамадзянаў далучаных да СССР краін Балтыі, Заходняй Беларусі ці Заходняй Украіны. Многія дысідэнты, якія выходзілі пасля доўгіх турэмных тэрмінаў, узгадвалі, што за гады зняволення яны прайшлі сапраўдныя ўніверсітэты, дзе выкладчыкамі былі іх калегі па няшчасці — былыя прафесары, пісьменнікі, мастакі і аграномы. Зусім не дзіўна, што жыццё маладога журналіста-пачаткоўца Уладзіміра Стрыгуцкага, які апынуўся на Калыме пасля ІІ Сусветнай вайны, змянілася пасля знаёмства з шэрагам выбітных постацяў беларускага нацыянальнага руху. У прыватнасці, на спецпасяленні Матросава Магаданскай вобласці ён пазнаёміўся з дзецьмі прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча Юркам і Лявонам, сяброўства з якімі працягвалася і ў наступныя дзесяцігоддзі. Менавіта Луцкевічы-малодшыя сфармавалі светапогляд Уладзіміра Стрыгуцкага ў нацыянальным рэчышчы.

У прыватным архіве гомельскага антысаветчыка Уладзіміра Стрыгуцкага знаходзяцца напісаныя ад рукі зацемкі пра праблемы авіяцыйнага спалучэння на савецкай Поўначы, таксама ёсць чарнавікі артыкулаў пра інавацыі на залатых прыісках. Словам, нават на Калыме былы вязень канцлагераў не забываўся на свае журналісцкія навыкі, атрыманыя падчас вучобы ў сталіцы БССР у 1940-х. У перапісцы з Луцкевічамі Уладзімір таксама дэталёва фіксаваў навакольную рэчаіснасць, рабіў трапныя назіранні, што адзначалі ягоныя сябры. І зусім не выпадкова, што менавіта Юрка Луцкевіч стаў першым чытачом і рэцэнзентам невядомага літаратурнага твора Уладзіміра Стрыгуцкага, які ён ім даслаў на вычытку ў 1960-х.

У лісце, датаваным 16 чэрвеня 1965 г, Юрка Луцкевіч адгукаецца пра літаратурныя вартасці чарнавіка рамана Уладзіміра Стрыгуцкага: “А цяпер хачу ўсё ж крыху пагаварыць аб тваёй, Валодзя, літаратурнай дзяяльнасці. Мяне вельмі здзівілі сказаныя табой апрыёры словы: “Не звяртайце ўвагі на літаратурныя якасці. Іх няма і не будзе…” Калі б ты пісаў балансавы адчот на рудніку за 2-гі квартал, дык, вядома, ніхто бы ад цябе гэтых якасцяў не вымагаў. Калі ж гэта раман, або няхай сабе дыялог (хаця па форме гэта не зусім дыялог, бо дыялог гэта гутарка двух партнёраў, абавязкова двух з супрацьлеглымі поглядамі), з прыдуманымі табой літаратурнымі героямі, дык літаратурныя якасці тут абсалютна неабходны, без гэтых якасцей і пачынаць не варта, бо літаратурны твор без літ.якасцей — гэта графаманія. А раз так, дык гутарка пойдзе перадусім аб літаратурных вартасцях гэтага эталону тваёй прозы, што ты нам прыслаў. Хачу адзначыць, што твае лісты да нас не пазбаўлены таго, што ты завеш літаратурнымі якасцямі. Калі б іх сабраць у кучу, адпаведна адрэдагаваць, і выдаць гэткі эпісталярны зборнік, я ўпэўнены, што яны прамовілі б не толькі да нас, але і да старонняга чытача. У іх ёсць і цікавыя факты, напісаныя вобразнай мовай і філасофскія разважанні і (гэта вельмі важна) шчырасць, сапраўдная, не фальшаваная. Прычым выразна відаць, што ў цябе ёсць аб чым пісаць і ты сам добра ведаеш, аб чым хочаш пісаць. Дык вось я мушу сказаць, што твае першыя старонкі рамана (бо гэта хутчэй за ўсё хіба пачатак рамана) праігрываюць у параўнанні з тваімі пісьмамі”. Па стылю адказа бачна, што, нягледзячы на блізкае сяброўства з Уладзімірам, Юрка намагаецца пісаць сябру аб’ектыўна і без прыхарошванняў.

Разам з доляй крытыкі, выказанай на адрас літаратурнага дэбютнага твору сябра, Юрка Луцкевіч дае шэраг парадаў: “Вядома, калі акцыя будзе развівацца, будзеш уносіць карэктывы і ў напісаны раней тэкст, але я хацеў бы звярнуць увагу на стыль. Так пісаць можна было тады, калі Колас пачынаў сваю “Палескую глуш”. Каб дабіцца большай лаканічнасці, каб на кожныя 100 словаў дабіцца максімальнай колькасці думак, вобразаў, каб кожнае слова было на месцы (ні дадаць, ні адняць) і мела глыбокі падтэкст, рэкамендую табе два ўзоры, двух аўтараў, якіх табе трэба вывучаць і з якіх трэба браць прыклад. Гэта Хемінгуэй і Салжаніцын. Гэтыя людзі пісалі таксама, як і ты толькі аб тым, што яны добра ведалі і перажылі, але яны былі адначасова і майстрамі мастацкага слова, і ў іх трэба вучыцца, а не ў раманістаў з “Полымя”, бо гэтыя апошнія ўсё-такі з’яўляюцца эпігонамі рускіх класікаў (я маю на ўвазе стыль), а значыць не сучаснымі пісьменнікамі. Ну, але і Полымя таксама трэба чытаць больш уважна і не пісаць “па гораду”, “па лайнеру”, бо па-беларуску ўсё-ж трэба казаць “па горадзе”, “па лайнеры…”

Юрка і Лявон Луцкевічы гадаваліся ў сям’і, дзе з маленства нормай было валоданне некалькімі мовамі. У адным з лістоў Луцкевічы пісалі, што бацька, то бок Антон Луцкевіч-Навіна, размаўляў з малымі па-беларуску, маці — па-расейску, кухарка — па-польску. Аналізуючы змест лістоў Юркі Луцкевіча, можна зрабіць выснову пра тое, што ён таксама валодаў некалькімі еўрапейскімі мовамі (ангельскай і італьянскай). І дасканала ведаў нямецкую, бо чытаў навінкі нямецкай літаратуры на мове арыгінала.

Нядаўна я прачытаў два раманы нямецкіх дэмакратаў: “Прыгоды Вернера Холта” Дытара Ноля і “Мы не пыл на ветры” Макса Шульца. Па сутнасці, раманы не дрэнныя, але я часта сябе лавіў на думцы, што абодва трэба было скараціць напалавіну: такія даўгія і нудныя, такія педантычна нямецкія пападаліся там разважанні. І прыходзіла другая думка: “А як жа змог Салжаніцын у сваім Дзянісавічы выказаць не менш глыбокіх філасофскіх думак, не цытуючы ні Маркса, ні Гегеля, і эканомячы пры гэтым і паперу і друкарскую фарбу?” Не думай, што гэта літаратурны разбор тваіх першых старонак рамана. Залішне малы гэты адрывак і залішне сыры матар’ял, каб яго наагул можна і варта было разбіраць па костачках. Гэта проста думкі, якія ўзніклі ў мяне пры чытанні. А вось падказаць табе, куды накіраваць герояў, як развіваць акцыю далей, пакуль што ніяк не магу. Я бы хацеў ад цябе пачуць, якія ты хочаш крануць праблемы, аб чым ты хочаш падзяліцца з чытачом, які падтэкст твайго “дыялога”, якія слаі грамадства ты хочаш паказваць, якія гістарычныя падзеі, ці перыяды. Ведаючы гэта, вядома, можна будзе параіцца, як гэта зрабіць”, — падсумаваў у лісце Уладзіміру Стрыгуцкаму Юрка Луцкевіч.

Свой раман Уладзімір Стрыгуцкі так і не напісаў. У наступныя дзесяцігоддзі ён актыўна ўдзельнічаў у дэмакратычным руху Гомельшчыны, выступаў перад школьнікамі і дапамагаў ствараць нацыянальныя арганізацыі. Але да літаратурнай дзейнасці так і не вярнуўся.

Мікола Бянько, тэкст напісаны ў межах праграмы “Луцкевічы. Джэнтльмены ў БССР”

слухайце перадачу ў далучаным файле: