BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

162 гады бітвы пад Мілавідамі: Васіль Калач пра значэнне і спадчыну падзеі

Хіба 150 кіламетраў аддзяляе Беласток ад Мілавідаў — месца, дзе 3 чэрвеня 1863 года адбыўся адзін з найбольш вядомых баёў паўстання Кастуся Каліноўскага. Каля васьмі соцень паўстанцаў, сярод якіх былі як шляхцічы, так і сяляне, трымалі абарону ў лесе супраць значна пераўзыходзячых сілаў царскай арміі. Сёння на месцы бою — тры помнікі: расейскі, польскі і беларускі. І хоць само паўстанне было жорстка падаўлена, памяць пра яго гераічныя старонкі жыве.

Што значыць бітва пад Мілавідамі для беларускай гістарычнай свядомасці? Якое яе месца сёння, асабліва ў жыцці беларусаў у выгнанні? Што адбывалася тады, у чэрвені 1863-га, і чаму важна памятаць пра ўсіх удзельнікаў паўстання — і пераможцаў, і загінулых? І якой можа быць будучыня гэтага поля памяці — не толькі як гістарычнага месца, але як сэнсавай прасторы беларускага супраціву?

На ўсе гэтыя пытанні адказвае Госць Рацыі — кіраўнік гістарычнага клуба Invictus 1863 Васіль Калач:

РР: Набліжаюцца чарговыя ўгодкі бітвы пад Мілавідамі. Паводле ўспамінаў паўстанцаў, гэта была пераможная бітва, калі паўстанцы змаглі адбіць расейскі ўдар. Ад Беластоку да Мілавідаў вельмі блізка, там ёсць тры помнікі, якія ўвекавечваюць гэтую падзею – паўстанцкі крыж, камень-валун і расейскі крыж. Што мы можам сказаць на сёння пра гэтую падзею і яе значэнне?

Васіль Калач: Насамрэч, значэнне даволі контраверсійнае, таму што нельга сказаць, што гэта была пераможная бітва. Гэта была бітва не прайграная. Хаця ў межах паўстання гэта ўжо было дасягненне. Нягледзячы на тое, што пад Мілавідамі сабралася даволі значная частка паўстанцкіх войскаў, фактычна пяць атрадаў, калі не памыляюся, у тым ліку і атрад Ландара, і там быў Каліноўскі з інспекцыяй. Але рэйд расейцаў быў нечаканы, і фактычна паўстанцы былі не падрыхтаваныя. Гэта было правільна арганізаванае тактычнае адступленне. Былі ўратаваныя жыцці, былі ўратаваныя лёсы многіх паўстанцаў. Але тым не менш гэта хутэй перамога ідэалагічная, чым перамога зброяй.

РР: Калі мы кажам пра адступленне, то адступленне адкуль? І што мы можам сказаць пра тагачасную Мілавіцкую пушчу. Там быў нейкі штаб, ці лагер пастанцаў?

Васіль Калач: Штабы былі ў кожнай пушчы. І штабы не знаходзіліся ўвесь час на адным месцы. Таму што вайна была фактычна партызанская, але не ў разуменні партызанская, як вось нам у школе распавядалі пра савецкіх партызанаў. Гэта была сапраўдная партызанская вайна, то бок вайна малымі сіламі, якія перасоўваліся па тэрыторыі і нечакана наносілі ўдар у розных мясцовасцях. Потым адыходзілі, дзесьці ядналіся.

На жаль, гэта была тактычная перамога, але не стратэгічная, таму што гэтая групоўка паўстанцаў рыхтавалася наносіць удары па цэнтрах канцэнтрацыі расейскіх сілаў, но але пасля гэтай бітвы яна вымушана была разысціся.

РР: То бок гэта была хутчэй абарона сваёй тактычнай кропкі, чым напад на расейскія сілы?

Васіль Калач: Менавіта бітва пад Мілавідамі – гэта была нават не абарона сваёй тактычнай кропкі. Гэта было тактычнае адступленне, каб уратаваць тыя сілы, якія былі назапашаныя. Ужо ў 19-ым стагоддзі вайна – гэта перш за ўсё лагістыка. Калі лагістыка перарвалася, значыць фактычна гэты вайсковы аддзел пераставаў існаваць. Гэта адступленне з бітвы было арганізавана вельмі правільна, некалькімі хвалямі. Былі выкарыстаны прыродныя перашкоды – рэчка, пагоркі, лес. Дзякуючы гэтаму вайна за вызваленне крыху больш пратрывала.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Васіля Калача, planetabelarus.by, barturizm.by.