Яшчэ адна акцыя памяці Рамана Бандарэнкі пройдзе ў Вільні ў сераду 12 лістапада. Віленскія беларусы ладзяць яе каля амбасады Беларусі ў тую дату, калі стала вядома пра смерць Рамана.

Ментарка валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” Таццяна Ігнаццева заклікае беларусаў Вільні ўвечары прыйсці на акцыю і ўшанаваць памяць не толькі Рамана Бандарэнкі, але і ўсіх тых, каго забіў лукашэнкаўскі рэжым.
– Гэта будзе ўвечары, сімвалічна, таму што Раман загінуў позна ўвечары. Памёр ён 12 лістапада, раніцай прыйшла гэтая сумная навіна. І каля амбасады мы збяромся для таго, каб запаліць знічы каля яго партрэта. Гэта партрэт адзін з амаль 80-ці партрэтаў людзей, што аддалі свае жыцці за свабоду. Мы шчыра запрашаем усіх далучыцца, таму што гэта важна
Акцыя ля амбасады Беларусі па адрасе Mindaugo g. 13 у Вільні адбудзецца а 19.00. Арганізатары заклікаюць прыносіць лампады, кветкі і партрэты Рамана.
Нагадаем, Раман Бандарэнка быў забіты 12 лістапада 2020 года ў Менску за тое, што абараняў бел-чырвона-белую сімволіку ў сваім двары. Дагэтуль за яго забойства ніхто не прыцягнуты да адказнасці.


Беларускае Радыё Рацыя





