Госць Рацыі – праваабаронца «Вясны» Алена Лапцёнак.
Сёння, 7 траўня, у Беластоку пройдзе прэзентацыя “Турэмнага зборніка” з творамі беларускіх палітвязняў. Яго ўкладальнікам з’яўляецца Алена Лапцёнак. У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты на беларускай і рускай мовах 52-х палітычных зняволеных, напісаныя ў 2020-2023 гадах.
РР: Будзем гаварыць пра сённяшнюю падзею – у Беластоку ўвечары чакаецца прэзентацыя «Турэмнага зборніка» – гэта творы беларускіх палітвязняў. Ці ёсць нейкая асаблівасць гэтай кнігі?
Алена Лапцёнак: Асаблівасць толькі такая, што гэта зборнік, у які ўключаны 52 аўтары. Гэта тыя, якія нейкім чынам былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па палітычна матываваных справах. Большасць з іх на сённяшні момант працягваюць знаходзіцца за кратамі. Проста хацелася паказаць маштаб – і не толькі тых рэпрэсій, якія адбываюцца, але і таго творчага патэнцыялу, які ёсць не толькі ў творцаў, што на волі. У стрэсавых сітуацыях душа чалавека імкнецца да свабоды, да сям’і, да блізкіх, і стымулюе нейкія такія творчыя памкненні.
РР: Ці можам мы раскрыць нейкія таямніцы. Вы кажаце, што большасць аўтараў кнігі яшчэ за кратамі. Як да вас траплялі гэтыя тэксты? Ці знойдзем адказ на гэтае пытанне?
Алена Лапцёнак: Так, адказ знойдзем, таму што насамрэч самая большая колькасць твораў стала вядомая і пісалася менавіта ў першыя гады пасля 20-га году, і тут ёсць адна прычына – гэтыя людзі знаходзіліся ў СІЗА, а ў СІЗА ў іх было дастаткова часу, і на той момант яны яшчэ вельмі спадзяваліся, што хутка выйдуць на волю. То бок, у іх было яшчэ больш аптымізму, і таму самі творы былі дастаткова светлыя, пазітыўныя. І акрамя ўсяго гэтага людзі радасна дзяліліся гэтай інфармацыяй. То бок, калі ты атрымаў верш, ты адразу яго выстаўляў і паказваў, вось, маўляў, атрымаў ліст ад Белавуса, а ён верш напісаў. Пазней камунікацыя стала складаная. Многія людзі знаходзяцца ўвогуле без якой-кольвечы сувязі. І ў калоніях чалавек працуе, у яго мала вольнага часу. І калі нешта яны і пішуць, то яно не пранікае на волю.
Цалкам размова:
Прэзентацыя распачнецца ў 18.30 у беларускіх хабе «Новая Зямля», падчас яе асобнік кнігі можна будзе атрымаць у падарунак.
Беларускае Радыё Рацыя