Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку распачаў новы год з багатай праграмы, якая ўлічвае патрэбы як этнічных беларусаў Падляшша, так і беларускай дыяспары. Наш сенняшні “Госць Рацыі” – дырэктар Цэнтра Анатоль Вап – распавёў пра сёлетнія планы, якія, акрамя традыцыйных культурных і адукацыйных ініцыятыў, магчымасцяў для ўзаемадзеяння і культурнага абмену, прадугледжваюць развіццё і міжнароднага напрамку.

РР: Раскажыце пра вашыя планы, пра настрой. І ўвогуле мэты гэтага года.
Анатоль Вап: Настрой вельмі добры. Планы маем цікавыя, маем што запрапанаваць нашаму беларускаму асяроддзю і не толькі, думаю, што ўсім жыхарам Падляшша. Планы нашыя разнастайныя, на розныя тэмы і розныя накірункі культурнай дзейнасці. Таму працы наш чакае многа. Але настрой добры ў нас. Ужо можам запрасіць, бо ў нядзелю, 2 лютага, будзе прадпрэм’ерны паказ фільму Юркі Каліны “Наша памяць” у кінатэатры “Форум”. І гэтую стужку пакажам яшчэ ў Бельску 7 лютага ў мясцовым доме культуры ў 18 гадзін. Усіх ахвотных запрашаем. У лютым таксама будзем рабіць дэкламатарскі конкурс з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. 1 сакавіка ў Падляшскім музеі народнай культуры будзем рабіць прэзентацыю кніжкі пра экспедыцыю Вацлава Ластоўскага ў 1928 годзе, якую выдала бібліятэка і музей імя Скарыны ў Лондане. Яе апрацавала Вольга Лабачэўская. У лютым яшчэ пабачаць свет дзве, а лепш сказаць, тры кніжкі, бо будзе кніжка Ганны Кадрацюк на беларускай мове. Выйдзе том успамінаў Ларысы Геніюш, але ў дзвюх кніжках. Адна будзе на беларускай мове, а другая будзе на польскай мове. Вельмі цікавыя, вельмі важныя ўспаміны для нас. Яны ўжо не раз друкаваліся таксама на польскай мове ў Беластоку. Фонд “Камунікат” выдаваў некалькі гадоў таму, але яна ўжо недаступная. Думаю, што варта будзе надрукаваць.
Вядома, рыхтуем святкаванне ўгодкаў абвяшчэння Незалежнасці Беларусі 25 сакавіка. Але гэта будзе ў гэтым годзе незвычайная падзея. Таму што пачнем святкаваць ужо 23 сакавіка. Гэта 100 гадоў з дня нараджэння нашага вялікага і важнага для нас, беларусаў Беласточчыны, паэта Віктара Шведа. Мы паставім у гэты дзень п’есу пра Віктара Шведа. Гэты спектакль скіраваны перадусім да маладых людзей, да дзяцей. І вядома, што 25 сакавіка будзем ужо святкаваць годна і ўсім будзе цікава прыйсці на святкаванне і на канцэрт.
А цягам года будзем розныя мерапрыемствы рабіць. Іх сам Цэнтр беларускай культуры будзе ладзіць, але больш розных мерапрыемстваў будзем ладзіць супольна з іншымі беларускімі арганізацыямі, ці з гміннымі асяродкамі культуры. Так кніжку Ларысы Геніюш выдаем з Фондам “Камунікат”, Дзень роднай мовы арганізуем разам з Фондам “Тутака”. І мы не раз гэта казалі, што саме важнае, каб нашае беларускае асяроддзе арганізоўвала супольна розныя праекты, розныя культурныя мерапрыемствы.
Будзем таксама старацца весці дзейнасць на школьнай адукацыйнай прасторы. Бо для нас вельмі важна пашыраць, заахвочваць людей, а перадусім дзяцей і моладзь, каб вывучалі беларускую мову. Будзем далей выдаваць дапаможныя матэрыялы для навучання беларускай мовы. Будзем супрацоўнічаць са школамі, рабіць школьныя пікнікі. Гэта важная ініцыятыва. І раз школы гэтага патрабуюць, і гэта дае магчымасць разам сустракацца, супольна нешта рабіць, інтэгравацца. І думаю, што гэта інвестыцыя ў будучыню заахвоціць цяпер дзяцей, а пасля моладзь і дарослых, каб штосьці рабіць для нашай беларускай справы. Будзем рабіць таксама два фестывалі. Будзе кніжка Анэты Прымакі, спадзяюся, што да канца гэтага года здолеем выдаць том апавяданняў Уладзіміра Някляева. Працуем над іншымі кніжкамі. Можа атрымаецца выдаць том паэзіі Анатоля Сыса на польскай і беларускай мовах. Анансуем новую выставу, яе арганізуем і падрыхтуем у гэтым годзе. Але адкрыццё будзе ў Падляшскім музеі ў студзені 2026 года – гэта выстава да 70-годдзя нашага тыднёвіка “Ніва”. Бо гэта вельмі важная для нас падзея. Гэта хроніка беларускага жыцця на Беласточчыне.
РР: Скажыце пару слоў пра міжнародны складнік. Ёсць размовы, што будзе супраца з Сербіяй.
Анатоль Вап: Думаем пра міжнародную супрацу. На жаль, немагчыма гэта рабіць з Беларуссю. У траўні супольна з Польскім інстытутам у Белградзе і Акадэміяй Супрасльскай арганізуем у Супраслі і Беластоку “Супрасльскі семінар”. Ён прысвечаны супрацы паміж Сербіяй і Польшчай, культурным кантактам і самае важнае развіваць гэтую супрацу.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя