Першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал тэніснага турніру на парыжскіх грунтовых кортах «Ралан Гарос». У чвэрцьфінале яна за 2 гадзіны перамагла 7-ю ракетку кітаянку Цыньвэнь Чжэн з лікам 2:0 – 7:6, 6:3. Пры гэтым у першым сэце беларуска саступала з брэйкам 2:4. Цікава, што Арына ўзяла матч-рэванш у кітаянкі, бо менавіта тая тры тыдні таму спыніла яе з лікам 2:0 у чвэрцьфінале папярэдняга турніру ў Рыме.

У паўфінале ж беларуска сустрэнецца з 5-й ракеткай полькай Ігай Свёнтэк, якая ўчора прайшла ўкраінку Эліну Світоліну. Іх матч адбудзецца заўтра 5 чэрвеня.
Для Сабаленкі гэта будзе 11-ы паўфінал на турнірах «Вялікага шлема», у тым ліку другі на «Ралан Гарос». Яе баланс у паўфіналах топ-турніраў – 5:5.
Адкрыты чэмпіянат Францыі, прызавы фонд якога складае 56 352 000 еўра, завершыцца 8 чэрвеня.
Зорка гарадзенскага футбола 56-гадовы Павел Бацюта прызначаны на пасаду галоўнага трэнера «Маладэчна».
Апошнім месцам працы спецыяліста быў «Нёман». Бацюта з’яўляўся асістэнтам галоўнага трэнера гарадзенцаў з 2016 па 2020. У 2002 – 2005 гадах выступаў за каманду «Падляшша» з Бялай Падляскі.
Пасля 11 тураў «Маладзечна», не набраўшы ніводнага ачка, займае апошні радок у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі ў Вышэйшай лізе.
Трансфер Кірэева ў «Вілем ІІ» сарваўся пасля вылету каманды ў Д2 Нідэрландаў.
20-гадовы беларускі паўабаронца «Льерса», які выступае ў другім дывізіёне чэмпіянату Бельгіі, Максім Кірэеў не стане гульцом нідэрландскага «Вілем ІІ».
Трансфер не адбудзецца з-за таго, што клуб пасля вылету ў Д2 чакаюць фінансавыя абмежаванні.
У польскай экстракласе ў наступным сезоне будзе гуляць чарговы беларускі футбаліст. Ім стаў 20-гадовы паўабаронца плоцкай «Віслы» Глеб Кучко. Яго каманда фінішавала на 3-м месцы ў Д2 Польшчы, што дазволіла ёй згуляць у плэй-оф за выхад у Экстракласу. У паўфінале каманда Глеба прайшла варшаўскую «Палонію», а беларус правёў на полі ўвесь матч, атрымаўшы жоўтую картку на 90+9-й хвіліне, якая стала чацвёртай у сезоне і не дазволіла згуляць у фінале, дзе яго аднаклубнікі перамаглі «Медзь» з Легніцы (2:0) і аформілі выхад у Экстракласу. Глеб Кучко правёў за мінулы сезон 12 матчаў у складзе «Віслы», у якіх адзначыўся 2 галамі.
Міжнародная рада футбольных асацыяцый удакладніла правілы гульні ў футбол адносна сітуацыі з падвойным дакрананнем футбалістаў да мяча пры выкананні пенальці.
Гэта ўдакладненне датычыцца сітуацый, калі выканаўца 11-метровага ўдару выпадкова датыкаецца да мяча падчас удару абедзвюма нагамі адначасова або калі мяч адразу пасля ўдару дакранаецца яго другой нагі.
З гэтага часу, калі гулец выпадкова падчас выканання пенальці зробіць падвойны дотык па мячу – пенальці будзе перабівацца, калі футбаліст заб’е мяч у гэтым эпізодзе.
Гэтыя змены ў правілах уступяць у сілу з 1 ліпеня, але могуць прымяняцца на турнірах і да наступлення гэтай даты.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






