BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Барыс Гарэцкі: Спадзюся, большасць нашых медыя гэты крызіс вытрымаюць

Як сусветныя працэсы ўплываюць на беларускі журналісцкі сектар і нават шырэй. Пра гэта між іншым размова далей з нашым госцем – намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім.

Грамадская дыскусія пра фінансаванне СМІ зараз толькі разгараецца, вырашальным фактарам тут ёсць – эфектыўнасць СМІ.

РР: Якія зараз найважнейшыя праблемы беларускай журналісцкай супольнасці? Напэўна фінансаванне?

Барыс Гарэцкі: Праблемы фінансавання сёння не толькі ў медыя, але і ў грамадскага сектара, і ў многіх іншых сферах. Мы планавалі, што скарачэнне сродкаў для медыя будзе хутчэй ў 2026 годзе. Але прэзідэнт ЗША паскорыў працэсы. Гэта вялікая страта насамрэч. Ёсць тут два моманты, пра якія варта сказаць: што страчаны вялікія сродкі, і цяпер яны нібыта замарожаны на 90 дзён, але хутчэй за ўсё гэтыя сродкі ўжо не вернуцца на тыя праграмы, нават калі яны будуць размарожаны, я ўпэўнены, што новая адміністрацыя прэзідэнта ЗША зробіць усё магчымае, каб сродкі не выдаткоўваліся на тое, на што яны не хочуць.

То бок мы рэзка ўвайшлі ў фінансавы крызіс. Ён адбыўся нечакана – не было часу на падрыхтоўку. З другога боку ў 2025 годзе некаторыя беларускія медыя ўжо паспелі стаць на пэўныя «ногі» ў новай рэальнасці. Можна ўжо зрабіць выснову, што гэта не будзе так разбуральна, яка магло б быць, калі б гэта здарылася ў 2021 – 2022 годзе, калі медыям патрэбна была крызісная падтрымка, калі ўсе выязджалі, перазапускалі новыя рэдакцыі. Зараз ёсць верагоднасць, што частка медыяў уратуецца.

Безумоўна, мы страцім кагосьці на медыя-полі. Я кажу «безумоўна», гэта значыць, прагнозы такія, што хтосьці відавочна не выжыве, хтосьці будзе кааперавацца між сабою, але мацнейшыя захаваюцца. І ворагі беларушчыны могуць не расслабляцца. Я спадзяюся, што Радыё Рацыя была, ёсць і будзе.

РР: Таксама гэтая сітуацыя выклікала вялікую дыскусію ў журналісцкай супольнасці, у медыя прасторы, ёрнічаюць трошкі прапагандысты на гэты конт, маўляў, вось вам паказалі, як трэба жыць. Як гэта можна аб’яднаць у адно: і нашыя прафесійныя размовы пра тое, як сапраўды забяспечыць сваё існаванне, ну і каб не цешылася вельмі прапаганда?

Барыс Гарэцкі: Насамрэч прапаганда можа святкаваць, таму што Трамп сапраўды вельмі блізкі па сваіх пазіцыях да Лукашэнкі. Я думаю, што паміж імі бліжэйшым часам будзе працягвацца гандаль. Вызваленне трох палітвязняў – гэта ўжо відавочны крок насустрач Амерыцы. І я думаю, што Лукашэнка будзе ўсё рабіць для таго, каб зняць санкцыі з калійных накірункаў, з «Белавія» і г.д., таму што гэта агромністыя страты для Лукашэнкі. Я думаю, за грошы ён гатовы і выпускаць палітвязняў, і яшчэ штосьці рабіць. У пэўным сэнсе прапагандыстам пашанцавала, яны атрымалі проста падарунак. Як бы моцна яны тую Амерыку ненавідзелі, але менавіта з боку Амерыкі сёння яны атрымліваюць гэты падарунак.

Цалкам размова:

Спецыфіка беларускай сітуацыі палягае ў тым, што пасля пратэстаў 2020 году – медыя ў Беларусі патрапілі пад рэпрэсіі: знішчылі ўсе незалежныя СМІ, якія траслявалі непадцэнзурную уладам інфармацыю. Большасць нашых калег, у тым ліку і Беларускае Радыё Рацыя прызналі экстрэмісцкімі, што яшчэ больш ускладняе працу журналістаў у Беларусі.

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя