Беларусь выказала зацікаўленасць у арганізацыі вытворчасці камбайнаў на тэрыторыі Ірана. Пра гэта паведаміў міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў, піша БелТА.

Паводле міністра, стварэнне зборкі беларускай сельгастэхнікі на іранскай пляцоўцы дасць магчымасць значна знізіць лагістычныя выдаткі. Міністр адзначыў, што работа ў гэтым кірунку ўжо распачата, а беларускі бок гатовы прапанаваць «шырокі спектр магчымасцей для паглыблення прамысловай кааперацыі». Акрамя камбайнаў, абмяркоўваюцца і пастаўкі іншай тэхнікі: сельскагаспадарчай, грузавой і нават кар’ерных самазвалаў.
У Жлобіне заўважылі, што з комінаў БМЗ рэдка ідзе дым
Нязвыклую карціну сталі назіраць жыхары Жлобіна: з комінаў Беларускага металургічнага завода перастаў пастаянна ісці дым, як гэта было раней. Цяпер завод дыміць толькі час ад часу. Гэта азначае, што печы перыядычна выключаюць, піша «Флагшток».
Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. У канцы ліпеня на БМЗ сцвярджалі, што па выніках першага паўгоддзя завод спрацаваў з прыбыткам. Як не раз паведамлялася незалежнымі рэсурсамі, праблемная сітуацыя склалася на заводзе праз падзенне вытворчасці. Увесну работнікаў некаторых цэхаў сталі адпраўляць у адпачынкі за свой кошт, а ў жніўні ссунуліся тэрміны выдачы заробкаў.
Пасылкі з Ozon затрымліваюцца
Беларускія пакупнікі скардзяцца, што іх пасылкі з расійскага маркетплэйсу Ozon затрымліваюцца. Кампанія абяцае, што хутка сітуацыя нармалізуецца.
Тэлеграм-каналы пішуць, што грузавікі з таварам стаяць у чаканні адгрузкі да пяці дзён, пакупнікі адмяняюць заказы, а прадаўцы маюць страты. Усё гэта нібыта звязана з кадравым крызісам у Ozon. Baza сцвярджае, што затрымкі даставак звязаныя з тым, што з 1 жніўня маркетплэйс цалкам адмовіўся ад паслуг аўтсорсінгавых фірмаў, але складское кіраўніцтва не паспела набраць патрэбную колькасць работнікаў. У самім офісе кампаніі інфармацыю аб праблемах на складах абверглі.
Заробкі ў сярэдніх і буйных кампаніях Польшчы
У ліпені сярэдні заробак у карпаратыўным сектары дасягнуў амаль 9000 злотых брута. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года сярэдні заробак амаль на 8% вышэйшы. Ён расце хутчэй, чым цэны ў крамах, хоць эканамісты чакалі большага.
Варта адзначыць, што заробкі, пра якія паведамляюць чыноўнікі Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), паказаны ў брута. Пасля ўліку ўзносаў і падаткаў сярэдні польскі работнік з працоўным дагаворам атрымлівае значна менш. У ліпені на рукі было прыблізна 6 400 злотых. Прыкладна 1 220 злотых забіраюць узносы ў ZUS (пенсійныя, па інваліднасці і хваробе). Яшчэ 690 злотых ад агульнай сумы ідзе ў Нацыянальны фонд аховы здароўя (NFZ), а 590 злотых — на авансаванне падаходнага падатку.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: belsteel.com (цэх на заводзе БМЗ).






