У Маскве вынеслі прысуд па справе аб падпале чыгуначнага вагона. 20-гадовага грамадзяніна Беларусі Іллю Аляшкевіча асудзілі на 16 гадоў калоніі. Яго знаёмаму, жыхару Расеі, прысудзілі 15 гадоў.

Абодвух прызналі вінаватымі ў «тэрарыстычным акце», нібыта здзейсненым у інтарэсах Украіны, паведамляе «Коммерсант».
Паводле матэрыялаў справы, маладыя людзі шукалі хуткі заробак і праз Telegram выйшлі на невядомага чалавека, які прапанаваў ім грошы за падпал рамонтнага чыгуначнага вагону ў Падмаскоўі. Інцыдэнт адбыўся на станцыі Быкава.
Кантраверсійнай акалічнасцю справы, узбуджанай у лістападзе 2024 года, было тое, што першапачаткова інцыдэнт разглядаў як тэракт, аднак у ФСБ прыйшлі да высновы, што ў дзеяннях абвінавачаных няма прыкметаў тэрарыстычных матываў. Там лічылі, што гаворка можа ісці пра пашкоджанне транспартных сродкаў — значна менш цяжкае злачынства. Нягледзячы на гэта, следства вярнулася да артыкулу аб тэрарызме, які прадугледжвае значна больш суровыя пакаранні.
Беларускае Радыё Рацыя






