BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Беларускае свята ў Кракаве чакае падтрымку, каб жыць далей»

Беларускі летні Пікнік Letucień, які ўжо некалькі гадоў праводзіцца ў Кракаве і стаў адной з самых яркіх культурных падзей беларускай дыяспары ў Польшчы, можа не адбыцца ў 2025 годзе. Арганізатарам фестывалю тэрмінова патрэбна фінансавая падтрымка: без збору 70% ад патрэбнай сумы да 1 чэрвеня — свята давядзецца скасаваць.

Бо Letucień — бясплатны, валанцёрскі фэст і жыве дзякуючы супольнасці: без спонсараў, без ганарараў, але з вялікай любоўю. Гэтая падзея штогод яднае беларусаў з усяго свету і паказвае сучасную беларускую культуру ў Польшчы — праз музыку, адукацыю, літаратуру, дзіцячыя пляцоўкі і кірмашы.

Сёння пра сітуацыю, у якой апынуўся фестываль, пра яго каштоўнасць для беларусаў за мяжой і пра тое, як кожны можа дапамагчы, мы пагаворым з “Госцяй Рацыі” — прадстаўніцай аргкамітэту Letucień Аленай Белавусавай.

РР: Раскажыце, калі ласка пра саму ідэю імпрэзы Letucień, якое робіцца разам. Як яно задумвалася і ці захаваўся такі імпульс падтрымкі супольнасці ў гэтым годзе?

Алена Белавусава: Імпрэза пачалася ў 2020 годзе, калі беларусы Кракава ўпершыню сабраліся вялікай талакой і самі зладзілі ў арыгінальным сэнсе пікнік. То бок прыйшлі людзі са сваёй ежай на коўдрах, з музыкай і гітарай. Упершыню адчулі такую еднасць. Пасля пачалася больш арганізаваная імпрэза са сцэнай, з выканаўцамі, з рознымі актыўнасцямі, заняткамі для дзяцей і дарослых, з адукацыйнымі пачынаннямі. Але чацвёрты год гэта ладзіцца ў цэнтры горада ў адным з найвялікшых паркаў Кракава, Гэта робіцца для таго, каб і беларусы маглі прыйсці, пабавіцца, пазнаёміцца, пагутарыць адзін з адным. І для таго, каб паказаць гораду Кракаву, якія беларусы ёсць і наколькі мы адкрытыя да супрацы, да сяброўства і наколькі беларусы гасцінныя да палякаў-наведвальнікаў у гэты дзень.

РР: Напэўна, у вас ёсць свае складанасці, можа, пытанні з гэтым фестывалем, бо, як вы адзначылі ў сваім звароце наконт падтрымкі фестывалю, 40% выдаткаў пакрылі данаты саміх удзельнікаў. Ці чакаеце вы актыўнасці сёлета і ці ёсць такая патрэба?

Алена Белавусава: Дакладна, у мінулым годзе мы сабралі больш за 38 000 злотых праз сэрвіс краўдфандынгу. І хацелася б зазначыць, што гэта не толькі ад фізічных удзельнікаў пікніка, але ўвогуле ад суполкі беларусаў з усяго свету, якія хацелі б дапамагчы такому фестывалю адбыцца. Канешне, мы спадзяемся на не меншую падтрымку сёлета. 

З фінансаваннем, я думаю, як і ў многіх некамерцыйных арганізацый, ёсць пытанне. На дадзены момант адзіны наш спонсар – гэта горад Кракаў, які дае два малых гранты, якія гарантаваныя кожнай НДА арганізацыі ў горадзе Кракаў. То бок вось ад іх мы маем падтрымку. Пакуль у чаканні адказаў па некалькіх грантах, але з досведу мінулых гадоў, канешне, спадзяемся, але не разлічваем

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З “Госцяй Рацыі”, прадстаўніцай аргкамітэту Letucień Аленай Белавусавай, размаўляла Вольга Сямашка.

Падтрымаць фестываль Letucień можна тут.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара Letucień