BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бліскучыя перспектывы на афрыканскім рынку?

У найбліжэйшы час пастаўкі беларускай прадукцыі на афрыканскі кантынент павінны дасягнуць як мінімум $1 млрд. Паводле віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча, апошнія два гады назіраецца стабільны рост экспарту тавараў і паслуг, таму цяпер перад краінай ставяцца яшчэ больш амбіцыйныя задачы.

Афрыка, адзначыў чыноўнік, — вельмі перспектыўны рэгіён. Беларусь, па яго словах, ужо мае станоўчы вопыт працы з Нігерыяй і Зімбабвэ. У гэтых краінах выкарыстоўваецца комплексны падыход: спачатку пастаўляецца тэхніка, ствараюцца сэрвісныя цэнтры і навучаецца мясцовы персанал, пасля арганізуецца зборка тэхнікі, а з цягам часу — супольныя вытворчасці, у тым ліку па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

Акрамя эканамічных праектаў, супраца пашыраецца і ў іншых сферах — адукацыі і ахове здароўя.

Сотні літоўскіх фур затрымаліся ў Беларусі пасля закрыцця мяжы

Некалькі соцень грузавікоў літоўскіх транспартных кампаній не могуць вярнуцца ў краіну пасля таго, як Літва на месяц закрыла мяжу з Беларуссю. Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў “Linava” заклікае ўрад тэрмінова разам з прадстаўнікамі бізнесу шукаць выйсце з сітуацыі.

Частка перавозчыкаў выязджае з Беларусі праз памежныя пераходы з Латвіяй і Польшчай. Аднак і там утварыліся велізарныя чэргі. Да таго ж, пошук аб’язных шляхоў павялічвае выдаткі і парушае ланцужкі паставак. Кіроўцы гадзінамі не маюць яснай інфармацыі, некаторыя сутыкаюцца з праблемамі забеспячэння і адпачынку.

29 кастрычніка ўрад Літвы пастанавіў закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.

Фермеры Польшчы зладзяць «пахаванне польскай сельскай гаспадаркі»

Тытунёвая прамысловасць далучаецца да пратэстуючых фермерскіх груп. Вытворцы баяцца забароны на вырошчванне тытуню, якая вынікае з правілаў Еўразвязу і Сусветнай арганізацыі па ахове здароўя (СААЗ). Трэцяга лістапада фермеры плануюць вулічную акцыю, падчас якой запаляць свечкі перад канцылярыяй прэм’ер-міністра. Гэта павінна сімвалізаваць «пахаванне польскай сельскай гаспадаркі», паведамляе Businessinsider Polska.

Як падкрэсліваюць арганізацыі тытунёвых вытворцаў, рашэнне адносна іх будучыні будзе прынята падчас саміту па пытаннях аховы здароўя ў Жэневе, які пройдзе з 17 па 22 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: @InfoMinZW / Х (прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагуа, 11.05.2025).