BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская ў Давосе выказалася пра ІТ-статус Беларусі

Пасля дэмакратычных перамен, калі надыдзе час “аднаўляцца ад дыктатуры і рухацца да эканамічнага адраджэння”, для Беларусі важна вярнуць статус ІТ-краіны, заявіла Святлана Ціханоўская падчас дыскусіі “Будучыня Беларусі” ў межах Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе (Швейцарыя).

Беларусь, паводле яе слоў, раней была вядомая “выдатнымі стартапамі і ініцыятывамі”, нацыянальны ІТ-рынак трэба “зрабіць канкурэнтаздольным, прывабным, адкрытым для інвестараў з усяго свету”.

Сярод неабходных крокаў у гэтым кірунку Ціханоўская назвала “стварэнне ўмоў для вяртання на радзіму” спецыялістаў, а таксама стварэнне “атмасферы, якая дазволіць прадпрыемствам, таленавітым прадпрымальнікам і экспертам … прынесці з сабою фінансавы капітал, веды, досвед і кантакты”. Ціханоўская таксама адзначыла важнасць інвестыцый у новыя тэхналогіі, піша агенцтва “Позірк”.

Кошт паставак беларускага калію ў КНР істотна знізіўся

Кошт паставак беларускага калію ў Кітай за 2024 год знізіўся на 42,2% да 843,64 млн даляраў, сведчаць свежыя дадзеныя мытнай статыстыкі КНР. Беларусь стала другім пастаўшчыком калійных угнаенняў на кітайскі рынак у вартасным выражэнні. Расея за мінулы год павялічыла пастаўкі на 12% і стала лідарам. Пастаўкі з Канады знізіліся на 8,1%. Таксама буйным пастаўшчыком калійных угнаенняў у КНР быў Лаос.

У цэлым імпарт калійных угнаенняў у Кітай за мінулы год знізіўся на 20% у вартасным выражэнні да амаль 3,8 млрд долараў. Таксама летась на сусветным рынку калійных угнаенняў адзначалася зніжэнне цэн. (паводле reform.news)

Праблемы беларускіх півавараў

Кампанія «Лідскае піва» змяніла фармат бляшанкі для аднаго са сваіх прадуктаў. Цяпер тару патрэбнага аб’ёму нельга імпартаваць праз санкцыі, і з-за гэтага беларускія півавары не могуць выпускаць піва ў пінтах, піша Office Life.

У «Лідскім піве» адзначаюць, што ўважліва манітораць сітуацыю і пры першай жа магчымасці вернуць фармат піва ў пінтах. Пры гэтым піва ў шкляных бутэльках з такім жа аб’ёмам выпускаецца гэтак жа сама, як і раней. Паводле ўнутраных даных кампаніі, найбольш упадабаным фарматам у спажыўцоў з’яўляецца якраз бляшанка, якая займае 36% продажаў у адзінках.

Эксперты спрагназавалі рост сусветнага попыту на газ у 2025 годзе

У 2025 годзе попыт на газ у свеце ў параўнанні з мінулым годам можа вырасці на 2% – да 4,29 трлн кубаметраў. Пра гэта пішуць эксперты Міжнароднага энергетычнага агенцтва ў квартальнай справаздачы.

У мінулым годзе сусветны попыт на газ вырас на 2,8% – да рэкордных 4,21 трлн кубаметраў. Павелічэнне тлумачаць эканамічным ростам у асобных краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, на які прыпадае амаль 45% патрэбнасці ў газе. Акрамя таго, у еўрапейскіх краінах нязначна аднавіўся попыт на прамысловы газ, хоць у цэлым ён быў прыкметна ніжэйшы за дакрызісны ўзровень. (Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: прэс-служба офіса Ціханоўскай