Франак Вячорка ахвяраваў дарагі гадзіннік на дабрачынны аўкцыён. Атрыманыя грошы пойдуць на падтрымку беларускіх палітвязняў. Пра гэта першы дарадца Святланы Ціханоўскай распавёў у стрыме на Еўрарадыё.
Аўкцыён адбудзецца ці падчас другога марафону салідарнасці з палітвязнямі, ці падчас эстафеты салідарнасці, якую ладзяць Народныя амбасады Беларусі і Кааліцыя хуткай гуманітарнай дапамогі.
Пра планы выставіць свой гадзіннік за 5 тысяч даляраў на дабрачынны аўкцыён Вячорка заяўляў яшчэ вясной. Ён казаў, што гадзіннік Omega Seamaster Planet Ocean — падарунак ад сябра, атрыманы ў 2020 годзе (яшчэ “да таго, як былі створаны Офіс і Кабінет”).