BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Газпрам» пабудуе пад Менскам завод па вытворчасці звадкаванага газу

Комплекс звадкавання прыроднага газу будзе пабудаваны ў Менскай вобласці за сем месяцаў, паведаміла гендырэктар кампаніі «Газпрам гелій сэрвіс» Любоў Брыш на пасяджэнні некалькіх камісій Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі.

Тэрмін здачы прадпрыемства ў эксплуатацыю — 2025 год. Браш адзначыла, што пакуль у Беларусі не развіта адпаведнае заканадаўства, і пабудаваць завод па выпуску звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) цяпер практычна немагчыма. Аднак было знойдзена рашэнне. Пляцоўкай для прадпрыемства будзе зона з асаблівым прававым рэжымам — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Завод пабудуюць у прывязцы да аналагічнага прадпрыемства ў Валгаградскай вобласці

У Віцебскай вобласці ўпершыню пачалі шукаць нафту

Як піша sb.by, беларускія геолагі працуюць каля пасёлка Ходцы ў Сенненскім раёне. Яшчэ ў 1960-я праведзеныя даследаванні паказалі “перспектыўнасць Аршанскай упадзіны як нафтаноснай структуры”. Таму калі з’явілася патрэба здабываць больш нафты, выбар быў прадвызначаны.

Глыбіня свідравіны, якая атрымала назву Аршанская 101, складзе 1350 метраў. Работы на ёй плануецца завяршыць у 2025 годзе. Калі інфармацыя пра наяўнасць нафты пацвердзіцца, будуць запланаваныя далейшыя дзеянні. У Беларусі ў год здабываюць каля 1,9 мільёнаў тон нафты, што складае 15% ад патрэба эканомікі. Дагэтуль нафту ў РБ здабывалі ў асноўным ў Гомельскай, Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях.

У жніўні МАЗ прадаў у Расеі толькі 5 аўтобусаў

За восем месяцаў 2024 года продажы аўтобусаў МАЗ на расейскім рынку скараціліся на 53,9%. Калі летась за студзень — жнівень беларускі завод прадаў у Расею 709 адзінак тэхнікі, дык сёлета — усяго 327. Пра гэта сведчаць даныя кампаніі “АСМ-холдынг”, заўважыла «Еўрарадыё».

У жніўні зафіксавалі антырэкорд. У МАЗа атрымалася прадаць у Расею толькі пяць адзінак аўтобусаў. Гэта было б найгоршым вынікам, калі б не справаздача “Урала”, які ў жніўні прадаў на расійскім рынку толькі два аўтобусы. Галоўнай прычынай падзення продажу эксперты называюць праблемы з якасцю. З 2022 года аўтобусы беларускага вытворцы з жахлівай перыядычнасцю гараць. Мяркуецца, што прычына ў заходніх санкцыях: на вытворчасці замежныя камплектуючыя замянілі “аналагічнымі”. У РФ звяртаюць увагу, што кітайскія запчасткі не такія надзейныя, як еўрапейскія.

І ў такой сітуацыі МАЗ будуе новы завод для зборкі аўтобусаў. Яго плануюць запусціць у пачатку 2025 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.