Польшча больш не ўваходзіць у лік вядучых краін Еўропы з адмоўнымі паказчыкамі інфляцыі. Цяпер Румынія знаходзіцца ў складанай сітуацыі, акрамя таго, сутыкаецца з празмерным дэфіцытам.

Узровень інфляцыі ў Польшчы толькі нязначна вышэйшы за сярэдні па Еўрапейскім звязе. Так, штогадовая спажывецкая інфляцыя ў еўразоне ў кастрычніку склала 2,1%, у Еўразвязе – 2,5%, а ў Польшчы інфляцыя ў кастрычніку склала 2,9% года да года. Найменшыя гадавыя тэмпы інфляцыі былі зафіксаваны на Кіпры (0,2%), у Францыі (0,8%) і Італіі (1,3%). Найвышэйшыя гадавыя паказчыкі інфляцыі былі зафіксаваны ў Румыніі (8,4%), Эстоніі (4,5%) і Латвіі (4,3%).
Названы рэгіёны Беларусі, дзе будуюць найбольш жылля
У Белстаце расказалі, што ў Беларусі за дзесяць месяцаў бягучага года арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 33 тысячы новых кватэр. Усяго ў эксплуатацыю ўвялі больш за 3,21 млн квадратных метраў жылой плошчы, – на 8% больш, чым за аналагічны перыяд летась.
Больш за ўсё жылля пабудавалі ў Менскай і Берасцейскай абласцях, а таксама ў сталіцы, найменш – на Віцебшчыне.
У Налібоцкай пушчы прадаецца стары млын на беразе ракі
У Беларусі выставілі на аўкцыён стары млын на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Аб’ект трапіў на продаж праз запазычанасці ўласніка, якім апошнім часам быў індывідуальны прадпрымальнік, піша Realt.by. Таргі прызначаныя на 4 снежня. Рэшткі млына ацанілі ўсяго ў 1800 рублёў (каля 600 даляраў).
Млын размешчаны ў вёсцы Рудня-Пільнянская Стаўбцоўскага раёна, прыкладна за 70 км ад Менска. Ён стаіць у цэнтры вёскі, на беразе ракі Уса. Як сцвярджаюць гісторыкі, пабудова ўзнікла на мяжы XIX і XX стагоддзяў, але ў савецкі час была закінутая і паступова разбуралася. Новы ўладальнік разам з будынкам плошчай каля 190 квадратных метраў атрымае ў арэнду і зямельны ўчастак у 27 сотак.
Польшча атрымае мільярды злотых на распрацоўку электрамабіля
Заяўка Electromobility Poland – кампаніі, адказнай за праект польскага электрамабіля – атрымала станоўчую ацэнку ў конкурсе Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі. Кампанія прэтэндуе на 4,5 млрд злотых з Краёвага плана аднаўлення (KPO) для стварэння хабу электрамабільнасці і будаўніцтва завода аўтамабіляў у Яважне. Цяпер пачнуцца перамовы наконт канчатковай інвестыцыйнай дамовы, піша Business Insider Polska. Праект польскага брэнда электрамабіляў мае назву Izera.
Праект хочуць рэалізаваць ў форме сумеснага прадпрыемства. Партнёрам павінен стаць адзін з кітайскіх аўтамабільных гігантаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: wyposazamysklepy.pl.





