BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ягелонія» не здолела адыграць два галы ў іспанскага «Бетыса»

На футбольных палях Еўропы ўчора прайшоў вялікі футбольны дзень.

У Беластоку на вуліцы Сланечнай цуда не здарылася. «Ягелонія» не здолела адыграць два галы ў іспанскага «Бетыса» пры перапоўненай «Хортэн Арэне». Нагадаем, што тыдзень таму беластачане прайгралі «Бетысу» ў Севільі 0:2. На апошняй хвіліне першага тайма «Яга» забіла гол у вароты «бетыкусаў», але сістэма VAR зафіксавала становішча па-за гульнёй. У сярэдзіне другога тайма каманды цягам трох хвілінаў абмяняліся галамі. Спачатку браму Славаміра Абрамовіча «распячатаў» Бакамбу, на што адказаў хуткім голам беластоцкі македонец Дарка Чурлінаў. Каб адквітаць яшчэ два галы ў «Ягелоніі» не хапіла ўжо ні часу ні, гледзячы па ўсім, сілаў. Такім чынам беластоцкая дружына завяршыла рэкордны для сябе еўрасезон на стадыі 1/4 фіналу Лігі канферэнцый. «Бетыс» жа ў паўфінале трапляе на італьянскую, «Фіярэнтыну», якая ў Фларэнцыі згуляла ўнічыю 2:2 са славенскім «Цэле», дзе асістэнтам галоўнага трэнера працуе беларускі спецыяліст Іван Маеўскі, і дзякуючы выяздной перамозе крочыць у паўфінал.

Лёс другой паўфінальнай пары Лігі канферэнцый вызначыўся ў супрацьстаянні лонданскага «Чэлсі» і варшаўскай «Легіі», што праўда без удзелу беларуса Іллі Шкурына. Пасля разгромнай паразы ад «сініх» 0:3, «армейцы» сабраліся і здолелі такі перамагчы на «Стэмфард Брыдж» 2:1. Але па суме дзвюх сустрэч у паўфінал крочыць «Чэлсі», якія трапіў на пераможцу пары з венскага «Рапіда» ды стакгольмскага «Юргардэна». Там аўстрыйцы тыдзень таму перамаглі ў Швецыі 1:0. Але на «Альянс Арэне» ў Вене гуляючы з 7 хвіліны ўдзесяцёх, а са 110 удзевяцёх, былі разгромленыя шведамі з лікам 1:4. І такім чынам у паўфінале згуляюць «Юргардэн» ды «Чэлсі».

Але самы сапраўдны трылер, футбольная гісторыя, учора пісалася на палях Лігі Еўропы.

Лонданскі «Тотэнхэм» у Франкфурце пасля папярэдняй нічыёй 1:1 перамог мясцовы «Айнтрахт» з мінімальным лікам 1:0. Яго супернік вызначыўся ў матчы на «Стадыё дэль Алімпіка» ў Рыме, сведкамі якога сталі болей 55 000 гледачоў. Дзе «Лацыё» прымаў «Бодзё» з нарвежскага Глімта. Адагрэўшыся пасля паразы 0:2 у заснежаным нарвежскім запаляр’і, «рымскія гладыятары» на апошняй хвіліне гульні пераводзяць матч у дададзены час – 2:0. У якім праз 10 хвілінаў выходзяць у супрацьстаянні 3:0. Але толькі ў дадазеным часе нарвежцы прызвычаіліся да гульні ў незвычайных для сябе субтрапічных шыротах, забіваюць гол і пераводзяць гульню ў пасляматчавыя пенальці. Дзе ў браме тварыў цуды Мікіта Хайкін, які і вывеў «Бодзё Глімт» у паўфінал да «Тотэнхэма».

«Атлетык» у Більбаа пасля выяздной нічыёй 0:0 выйграў 2:0 у шатландскага «Рэйнджэрс» і выйшаў на пераможцу ў матчы, які ўвойдзе ў футбольную гісторыю, якая пісалася ўчора на «Олд Трафард». Там сустракаліся «Манчэсцер Юнайтэд» і «Алімпік» з Ліёна. Нагадаю, што першая гульня скончылася з лікам 2:2. Ужо ў першым тайме «МЮ» павёў з лікам 2:0 і здавалася б усё вырашана. Але «Ліён» сабраўся і ў другім тайме параўняў лік да 2:2 і перавёў гульню ў дададзены час. У дададзеным часе «Ліён» у меншасці робіць неверагоднае і да 105-й хвіліны даводзіць лік да 4:2 на сваю карысць. Здавался б, усе пытанні знятыя, але … напэўна ў «Манчэсцер Юнайтэд» засяліўся дух сэра Бобі Чарльтана і каманда пачала тварыць самы сапраўдны футбольны цуд. На 114 хвіліне Фернандэс скарачае адставанне 3:4. На 120 хвіліне гульні Майну зраўнівае лік 4:4. А на 121-й кампенсаванай ужо хвіліне часу ветэран «манкуніанцаў» па мянушцы «Бульдозер» Гары Магваер забівае галавою хіба што самы галоўны мяч у сваёй кар’еры, робіць лік 5:4 на карысць «Манчэсцер Юнайтэд» і выводзіць яго ў паўфінал Лігі Еўропы на, вышэй згаданы ўжо,«Атлетык» з Більбаа.

За такую драму, за такую фантастычную гульню мы і любім футбол!

Пяройдзем цяпер да міні-футболу. Зборная Беларусі, дзякуючы паспяховаму выступленню ў адборы на Чэмпіянат Еўропы, узнялася ў рэйтынгу УЕФА з 22-га на 15-ы радок. Лёсаванне турніра, удзел у якім прыме зборная Беларусі, пройдзе 24 кастрычніка ў Коўне. Турнір адбудзецца з 20 студзеня па 7 лютага наступнага года ў Рызе ды непасрэдна ў Коўне. Апроч каманд-гаспадынь, у чэмпіянаце згуляюць Арменія, Беларусь, Іспанія, Польшча, Партугалія, Славенія, Украіна, Францыя, Харватыя ды Чэхія. У стыках апошнія пуцёўкі аспрэчаць Бельгія, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Грузія, Італія, Казахстан, Румынія ды Славакія. Удзельнікі фінальнай стадыі будуць падзелены на чатыры квартэты. У 1/4 фіналу выйдуць па дзве лепшыя каманды з кожнай групы.

Пяройдзем да навінаў хакею. Учора прайшоў пяты матч у фінальнай серыі беларускай Экстралігі. У ім менскае «Юнацтва» на сваёй пляцоўцы перамагло «Віцебск» з лікам 3:1. І такім чынам лік у серыі да чатырох перамогаў стаў 2:3 на карысць віцеблянаў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя