BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яраслаў Кірвель: Тут межы было выбудаваць фізічна лягчэй

Беларуска-польскі мастацкі пленэр завяршыўся ў Варшаве. Яго ладзіла арт-рэзідэнцыя “Дом Творцаў”. Цягам тыдня культурныя дзеячы камунікавалі паміж сабой і стваралі свае працы. Вынік цяпер можна ўбачыць на выставе “Масты культуры” на пляцоўцы “Gallery” (ul. Tarczyńska 3). Самым маладым удзельнікам падзеі стаў беларускі мастак, які цяпер жыве ў Польшчы, Яраслаў Кірвель. Ён распавядае пра адметнасці івэнту нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

Яраслаў Кірвель
Яраслаў Кірвель


РР: Як тваімі вачыма адбываўся мастацкі пленэр?

Яраслаў Кірвель: Гэты пленэр для мяне быў такой школай жыцця і адчуваннем сябе дарослым чалавекам сярод іншых дарослых мастакоў. Бо яны былі аўтарытэтнага ўзросту ў адрозненне ад мяне. У нейкім сэнсе мне дапамагло тое, што я маляваў асобна ад іх. Тое, што я маляваў на тым пленэры, мякка кажучы, ім бы перашкодзіла ствараць свае карціны і прытрымлівацца іхняга рытму працы, бо мой рытм працы быў, мякка кажучы, экспрэсіўным не толькі ў форме таго, што я маляваў, а ў форме таго, што я слухаў, як я сябе захоўваў. як я кідаў часам пэндзлямі ў палатно.

РР: А як наогул так сталася, што ты далучыўся да гэтага пленэру.

Яраслаў Кірвель: Я пазнаёміўся з Андрэем Духоўнікавым, калі ён у папярэдні раз прыехаў на рэзідэнцыю ад “Дома творцаў”, дзе былі сабраныя беларускія мастакі з Беларусі, з замежжа, з Польшчы. І мяне намесніца дэкана нашай акадэміі паклікала перакладаць для іх экскурсію ў Акадэміі мастацтваў. Я гэта ўсё старанна пераклаў, з польскай на беларускую, потым мяне папрасілі перакласці тое ж самае на факультэце графікі. Я, канешне, пагадзіўся, бо мне цікава было. Проста так мне б не паказалі. У выніку – і для мяне экскурсія была, і для іх экскурсія была. І яшчэ такі досвед перакладчыцкай працы, я быў тады вельмі выматаны, але потым мяне забралі з сабой на рэзідэнцыю “Дом творцаў”.

Мы так паразмаўлялі добра, пазнаёміліся са спадаром Андрэем. Потым яшчэ тое ж самае адбылося ўжо і на яго лекцыі, якая была пасля адкрыцця выставы “Дома творцаў”. Там я ўжо паказаў яму свае малюнкі, ён там паказаў крыху свайго, распавёў пра сваё жыццё і даў пару добрых парадаў. Пасля праз некалькі месяцаў, літаральна месяц таму, ён мне піша: Яраслаў, ці хочаш ты далучыцца да нашага пленэру. Я пагадзіўся. Даюць прастору памаляваць, кормяць студэнта, гэта важна. І яшчэ даюць свае фарбы і палатно. У выніку я пагадзіўся і ў мяне была свая персанальная майстэрня на тыдзень. І я фактычна для сябе цяпер ведаю, як я хачу працаваць як мастак, якія ў мяне павінны быць умовы працы. Бо калі ты працуеш у Акадэміі мастацтва, то ты не адзін, заўжды з табой хтосьці ў акадэміі, заўжды штосьці адцягвае тваю ўвагу і ты крыху губляешся ў стварэнні карціны., табе трэба выбудоўваць межы. А тут гэтыя межы было выбудаваць фізічна лягчэй

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя