BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кім іншаземцы працуюць у Беларусі?

У Беларусі ўжо год дзейнічаюць спрошчаныя правілы для ўезду замежных работнікаў. МУС падзялілася статыстыкай за мінулы год. Паводле яе, летась у краіну прыехалі 9,5 тысяч замежных працаўнікоў з краін, якім патрабуецца праходзіць легалізацыю. І яшчэ 3,9 тысяч — з Еўразійскага эканамічнага саюза, піша выданне «Беларусы і рынок».

У мінулым годзе, як і ў папярэднія перыяды, на першым месцы па колькасці прыезджых работнікаў стаяць расейцы, а на другім — кітайцы. У тройку лідараў прабіўся Туркменістан. Большасць тых, хто прыехаў з Кітая і Украіны, сталі рабочымі і кваліфікаванымі спецыялістамі. Прыезджыя з Туркменістана ў большасці сталі работнікамі сферы абслугоўвання і рабочымі.

Пры гэтым на рынку працы ў Беларусі надалей назіраецца дэфіцыт кадраў. Па стане на 8 ліпеня патрабуецца амаль 162 тысячы работнікаў.

Эксперты патлумачылі, чаму ўсыхаюць валютныя запасы Беларусі

Эксперты Еўразійскага банка развіцця прааналізавалі, чаму ў Беларусі ў чэрвені працягнулі зніжацца золатавалютныя рэзервы. За мінулы месяц яны скараціліся на 52,9 млн даляраў – да 8 млрд 358,5 млн.

– Гэта абумоўлена як памяншэннем кошту манетарнага золата на 23,4 млн даляраў з-за зніжэння сусветных цэн, так і зніжэннем рэзервовых актываў на 24,7 млн даляраў, – адзначаюць аналітыкі.

Чыноўнікі плануюць, што на канец года ЗВР павінны складаць не менш за 6 млрд даляраў, прыгадвае news.zerkalo.io.

Беларусы, здаецца, дабіліся саступак ад польскага Santander

У супрацьстаянні беларусаў і польскага банка Santander, здаецца, намеціўся зрух, піша сайт devby.io. У адным з беларускіх чатаў выклалі афіцыйны адказ банка кліентцы, якая паскардзілася на патрабаванне ў вызначаны тэрмін прадаставіць від на жыхарства ў Польшчы, іначай будзе адключаны шэраг банкаўскіх паслуг. У адказе Santander у чарговы раз спасылаецца на адзін з артыкулаў рэгламенту Рады Еўразвязу, які датычыць уведзеных супраць Расеі і Беларусі санкцый. Але прадстаўнік банка дадае, што ў сувязі з доўгім разглядам заяў аб відзе на жыхарства, банк будзе ўлічваць дату падачы дакументаў на Карту побыту.

Гарналыжнага комплексу ў Менску не будзе. Інвестары падкачалі

Планы па ўзвядзенні крытага лыжнага комплексу ў сталіцы памяняліся. Такога аб’екта не будзе, беларускія інвестары падкачалі. Пра гэта на “Радыё-Мінск” расказаў прадстаўнік сталічнага выканкама Віктар Гуцько.

Як паведамлялася, каля ракі Свіслач у раёне вуліцы Арлоўскай планавалася ўзвесці крыты круглагадзічны лыжны комплекс. Для інвестара гэтага спартыўнага аб’екта ў свой час выдзелілі зямельны ўчастак, аднак ва ўстаноўлены заканадаўствам перыяд работы так і не пачаліся. Пляцоўка была канфіскаваная. Сама тэрыторыя стане часткай новай зялёнай зоны.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Shutterstock.