BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лукашэнка не паехаў на граніцу з Украінай

Праўладныя тэлеграм-каналы прагназавалі паездку Лукашэнкі на граніцу з Украінай. Замест гэтага ён інспектуе калгас пад Оршай.

Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў пра знішчэнне на ўсходзе Беларусі некалькіх паветраных цэляў, якія ляцелі з боку Украіны.

Рэакцыяй на гэта стаў ягоны загад аб узмацненні групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім кірунках. А Мінабароны паказала кадры перакідвання тэхнікі ў прызначаныя раёны.

Дзяржаўныя СМІ ў сваю чаргу пачалі кампанію па абвінавачанні Украіны ў жаданні ўцягнуць у вайну Беларусь. А тэлеграм-канал «Беларускі сілавік», які мае больш за 309 тысяч падпісчыкаў, напісаў, што ў нядзелю Лукашэнка «верагодней за ўсё» паедзе на граніцу з Украінай.

Скрыншот допіса тэлеграм-канала «Беларускі сілавік»

Гэты допіс перапосцілі многія тэлеграм-каналы, сярод якіх ёсць і канал гарадзенскага ГУБАЗіК.

Падобна, ананімны аўтар «Беларускага сілавіка» выдаў жаданае за рэчаіснасць. Бо прэс-служба Лукашэнкі ў нядзелю апублікавала фота, як Лукашэнка прыехаў у агракамбінат «Юбілейны» ў Аршанскім раёне.