Госць Рацыі – Юры Губарэвіч, каардынатар кампаніі “Кадравы рэзерв для Новай Беларусі”, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінета. Пра гэтую кампанію, яе мэты і людзей з ім размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.
РР: Нядаўна кампанія “Кадравы рэзерв для Новай Беларусі” дала такую справаздачу за год сваёй дзейнасці, пачынаючы са жніўня мінулага года. І адзначаецца, што за гэты час да кампаніі далучыліся 272 удзельнікі. Што гэтыя ўдзельнікі ўмеюць рабіць ці сапраўды гэта той рэзерв, які ў Новай Беларусі можна будзе выкарыстаць?
Юры Губарэвіч: Удзельнікі з абсалютна розным узроўнем кампетэнцыі, падрыхтаванасці, працоўнага досведу, навучання, якое яны атрымалі ў свой час. І гэта добра, таму што сістэма дзяржаўнага кіравання таксама прадугледжвае наяўнасць людзей, якія не з’яўляюцца ўніфікаванымі вінцікамі і прайшлі, умоўна кажучы, толькі праз Акадэмію навучання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэта павінны быць людзі з розных сфераў, якія перад усім маюць памкненне будаваць новую дэмакратычную краіну. І гэта асноўная характарыстыка. Усё астатняе падцягваецца. І задача кампаніі “Кадравы рэзерв” у тым, каб прапанаваць тыя магчымасці па навучанні, па стажыроўках, якія будуць адпавядаць нашым будучым патрэбам, патрэбам нашых удзельнікаў. Калі браць такі кароткі зрэз адкуль людзі прыходзяць, значная колькасць прыходзяць з бізнесу, са сферы ІТ, таксама ў нас ёсць перавага людзей, якія прыйшлі са сферы адукацыі. Вельмі шмат галін, якія можна ахапіць, тут можна казаць і пра людзей, якія працавалі і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці, і таксама людзі, якія прыйшлі з праваахоўных або сілавых структур, абсалютна розныя людзі, якраз якіх веды і кампетэнцыі спатрэбяцца ў Новай Беларусі.
РР: У вашай справаздачы я таксама звярнула ўвагу на такі момант, які тычыцца беларускай мовы. Вы адзначаеце, што схільнасці да выкарыстання беларускай мовы ва ўдзельнікаў таксама павялічваюцца і, можна сказаць, набліжаюцца да палавіны гэтых удзельнікаў.
Юры Губарэвіч: Я б сказаў пра большасць усё ж такі, таму што пытанне стаяла так. Ці ёсць дакладныя перавагі да беларускай альбо расейскай мовы. І ў гэтай сітуацыі расейскую мову абрала значная меншасць, недзе каля 10%, а большасць выказалася за беларускую. І таксама значная частка тых сказалі, што для іх у прынцыпе гэтае пытанне з’яўляецца неістотным.
Гэта не з’яўляецца нейкім такім крытэрам пры адборы ўдзельнікаў, бо я перакананы, што ў будучай дзяржаўнай службе Беларусі валоданне нацыянальнай, роднай мовай будзе абавязковым пры наборы на працу. Але мы ўжо сёння хацелі паглядзець, якія прэферэнцыі ў нашых удзельнікаў, у кадравага рэзерву ёсць адносна мовы, бо ёсць такі стэрэатып, што беларусам не падабаецца размаўляць на роднай мове, яны не хацелі б яе ўжываць на працы або ў штодзённым ужытку, і наша даследаванне паказвае, што гэта абсалютна не так.
РР: Я так разумею, што ў вас ужо былі два выпускі гэтых удзельнікаў?
Юры Губарэвіч: У нас было дзве анлайн навучальныя праграмы, і тут мы не гаворым, што гэта нейкія выпускі, бо кадравы рэзерв – гэта не ёсць адукацыйная ініцыятыва, прынамсі ў чыстым выглядзе. Адукацыйны кампанент для нас, безумоўна, важны, але мы маем людзей, якія самі могуць выкладаць, людзі з кандыдацкімі, доктарскімі ступенямі. І для іх можа гэта навучанне не мае значэння. Таксама ёсць прафесіяналы, якія дзясяткі гадоў працавалі ў сваёй сферы, і адзіныя веды, якія ім на сёння патрэбныя, гэта тое, як будуецца адміністраванне, кіраванне ў іхняй сферы ў дэмакратычных краінах. Таму наша навучальныя праграмы дастаткова гнуткія, падбіраюцца пад патрэбы ўдзельнікаў, але ёсць базавыя такія курсы, уводныя курсы. Так, мы два выпускі правялі, і гэта не азначае, што мы правялі навучанне і развіталіся з людзьмі. Мэта якраз іншая – акумуляваць тых людзей, якія хацелі б бачыць сябе ў камандзе рэфарматараў, у камандзе адміністратараў у дзяржкіраванні Новай Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя