BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Міжнародная канферэнцыя аб адказнасці за злачынствы — моцны крок да мэты

У пятніцу, 13 верасня, у Вільні адбудзецца міжнародная канферэнцыя «Адказнасць за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», арганізатарам якой выступае «Цэнтр права і дэмакратыі (Justice Hub)». Мэтай канферэнцыі з’яўляецца акрэсленне шляхоў прыцягнення дыктатара Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека.

Адкрые міжнародную канферэнцыю Эвеліна Дабравольска, міністр юстыцыі Літвы, а таксама прэзідэнтка-элект Святлана Ціханоўская.

Удзел у канферэнцыі плануе прыняць намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Таксама сярод удзельнікаў будуць эксперты НАУ, Офіса Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, праваабарончых арганізацый, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Генеральнай пракуратуры і Міністэрства юстыцыі Літвы, дэпутаты Еўрапарламента, юрысты ў сферы міжнароднага права з Літвы, ЗША, Aўстрыі, Бельгіі, Грузіі і іншых еўрапейскіх краін, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпусу.

Канферэнцыя будзе складацца з трох асноўных частак:

1) Пераадоленне бар’ераў на шляху да ўніверсальнай юрысдыкцыі: прававыя і практычныя перспектывы.

2) Ад канцэпцыі да рэальнасці: Спецыяльны трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі.

3) Санкцыі супраць прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

У рамках канферэнцыі Павел Латушка і прадстаўнікі НАУ прэзентуюць напрацоўкі па выкарыстанні існуючых міжнародна-прававых механізмаў для прыцягнення Лукашэнкі і яго памагатых да адказнасці.

Асобна будуць прадстаўлены прапановы НАУ па далейшым павелічэнні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.

«Мы рухаемся сістэмна і мэтанакіравана да нашай галоўнай мэты — прыцягнення Лукашэнкі і яго паплечнікаў да адказнасці за злачынствы, якія яны здзейснілі і працягваюць здзяйсняць супраць беларускага народа. Міжнародная канферэнцыя праводзіцца з мэтай аб’яднання намаганняў прадстаўнікоў краін, міжнародных арганізацый, прававых і праваабарончых ініцыятыў, і для большага матывавання і эфектыўнага ўключэння ў дасягненне нашай галоўнай мэты — адказнасці Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму за злачынствы. Міжнародная канферэнцыя ў Вільні аб адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых за злачынствы супраць беларускага народа — гэта моцны крок да нашай мэты», — адзначыў напярэдадні адкрыцця міжнароднай канферэнцыі Павел Латушка.