Госць эфіру – Павел Латушка – кіраўнік НАУ, намеснік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету. З ім падсумоўваем асноўныя падзеі адыходзячага 2024 года.

РР: Пяройдзем да працы АПК, які цягам гэтага года адчуў кадравыя змены, некалькі чалавек пакінулі Кабінет, некаторыя асобы далучыліся. Як Вы ацэньваеце працу ў гэтым годзе і ці можна назваць галоўнае дасягненне працы АПК за гэты год?
Павел Латушка: Па-першае, мы так заводзім пытанне, што быццам нешта катастрафічнае адбылося, што чальцы Кабінета сышлі з яго. Гэта ж нармальна. У гэтым і ёсць дэмакратыя. Гэта тады недэмакратыя, калі адзін чалавек сядзіць чацвёрты дзясятак і кантралюе ўладу. І вырашае за ўсіх. А тут кожны чалавек можа вырашыць свой лёс. А галоўнае, што з гэтага вынікае. Што Кабінет абнавіўся. Наша мэта – гэта інстытут. І не пытанне ў тым, ці будзе там Латушка, Кавалеўскі, Астапенка ці хтосьці іншы. Пытанне ў тым, што будзе інстытут, які будзе змагацца ў такіх складаных і цяжкіх умовах, калі мы знаходзімся за мяжой, а не маем пад сабой беларускую глебу нашай Бацькаўшчыны, нашай Радзімы, каб змагацца за нацыянальныя інтарэсы нашай дзяржавы, за кожнага і кожную беларуса і беларуску, і за беларускі народ.
Гэта не адмоўны прыклад, гэта вельмі добры прыклад, што інстытут фактычна заіснаваў. Увогуле сама тэма інстытуалізацыі дэмакратычных сілаў Беларусі – яна беспрэцэдэнтная. Ніколі ў гісторыі, апошнія дзесяцігоддзі то напэўна, не было сітуацыі, калі дэмакратычныя сілы ў нейкай краіне стваралі свае інстытуты. У нас ёсць абраная прэзідэнтка-элект, у нас ёсць АПК, які створаны яе рашэннем, але адначасова ўсе члены Кабінета прайшлі справаздачнасць і ўзгадненне праз Каардынацыйную Раду – КР другога склікання ці КР трэцяга склікання. І гэта трэці інстытут – прадстаўнічы, які абраны беларусамі. І сёння, калі я адстойваю нейкую праграму, дзеянні, стратэгію, то яна прапісана ў праграме нашай кааліцыі, яна рэалізуецца праз тыя інструменты, якія мае АПК.
РР: Народнае Антыкрызіснае Упраўленне, Вы асабіста, актыўна лабіруеце прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказанасці, асабіста Лукашэнкі за ўчыненыя злачынствы. На якім этапе гэтая праца?
Павел Латушка: Па-першае, мы інстытуалізаваліся ў кантакты з міжнароднымі партнёрамі. У нас ёсць стратэгічны дыялог з ЗША, ён вельмі канкрэтны і прадметны, з вынікамі, у нас ёсць кансультатыўная група з ЕЗ. І гэты дыялог вядуць інстытуты – як прэзідэнтка-элект, Кабінет, КР, так і прадстаўнікі розных ініцыятыў. У нас стратэгічны дыялог з Канадай. У нас прайшла канферэнцыя ўпершыню ў гісторыі – канферэнцыя высокага роўню па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце. Мы ўзмацняем сваю міжнародную суб’ектнасць. Гэта выключна. Такога не было раней.
РР: На Вашую думку як чалавека, як палітыка, як дыпламата, ці ўсё ж такі наступны год стане больш важкім і вырашальным для Беларусі, чым 2024? І магчыма вашыя пажаданні нашым слухачам па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
Павел Латушка: Я веруючы чалавек, які верыць у перамогу, матывуе іншых, матывуе сам сябе. Я лічу, што не трэба сыходзіць з настрою, што ўсё прапала, усе стаміліся і трэба скончваць і пагаджацца з тым, што бандыт пры ўладзе, які здзекуецца з беларусаў і здзяйсняе злачынствы. Не, трэба быць моцнымі. Бо той моцны, хто верыць. Ён лягчэй пераадольвае цёмныя часы. І гэта нам важна зразумець. Мы даб’емся выніку і дэмакратычнай вольнай Беларусі. Мяне ніхто не пераканае ў іншым. Я ў гэта веру. І гэтую веру перадаю іншым у новы 2025 год. Будзем моцнымі!
Цалкам гутарка ў далучаным гукаввым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






