BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пентагон зняпраўдзіў заяву Ірана пра паражэнне авіяносца

Вайна на Блізкім Усходзе. Цэнтральнае камандаванне Узброеных сіл ЗША выступіла з афіцыйным зняпраўджаннем інфармацыі, распаўсюджанай іранскім Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі пра нібыта паспяховае паражэнне амерыканскага авіяносца «Аўраам Лінкальн» чатырма балістычнымі ракетамі.

У Пентагоне назвалі гэтую заяву прамой хлуснёй і падкрэслілі, што флагманскі карабель працягвае выконваць свае баявыя задачы ў рэгіёне. «Выпушчаныя ракеты нават блізка не наблізіліся да цэлі», — гаворыцца ў паведамленні. 

Між тым, у выніку іранскага ракетнага ўдару па ізраільскім горадзе Бэйт-Шэмэш, што за 40 кіламетраў ад Ерусаліма, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненні. На месцы трагедыі працягваюцца пошукі людзей пад заваламі. 

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў таксама заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Персідскай затокі, якія сталі адказам на ваенныя аперацыі ЗША і Ізраілю. Афіцыйныя асобы Кувейта заявілі 1 сакавіка, што ад іранскіх атак 1 чалавек загінуў і 32 атрымалі раненні.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек і параненыя больш за 700.

Беларускае Радыё Рацыя