Прыватныя тэлеканцэрны TVN i Polsat на будучым тыдні будуць унесеныя ў спіс польскіх стратэгічных кампаній, пра гэта гаворыцца ў паведамленні Канцэлярыі прэм’ер-міністра Польшчы ў сацыяльнай сетцы Х.

Паводле прэм’ера Дональда Туска, мэта такога кроку – ахова медыяфірмаў ад варожага паглынання.
„TVN i Polsat будуць унесеныя ў спіс кампаній, якія будуць ахоўвацца дзяржавай ад агрэсіўнага або варожага паглынання, небяспечнага для дзяржаўных інтарэсаў Польшчы. У апошні час з’явілася шмат чутак, што на Усходзе павялічылася зацікаўленне набыццём СМІ ў Польшчы альбо ўплывам на працу польскіх медыя”, – адзначыў ён.
Туск таксама сказаў, што падобная практыка ўжо існуе і як прыклад прывёў прыватны тэлекамунікацыйны канцэрн Orange Polska.
Тэлебачанне Polsat з 42 каналамі з’яўляецца ўласнасцю шматпрофільнага холдынгу Grupa Polsat, кантрольны пакет акцый якога належыць польскаму мільярдэру Зыгмунту Соляжу-Жаку.
У сваю чаргу кампанія TVN, якая мае 24 тэлеканалы, была заснаваная польскімі бізнесменамі ў 1990-х гадах. Зараз яна – уласнасць амерыканскага гіганта Warner Bros. Discovery. Нядаўна з’явілася інфармацыя, што амерыканцы плануюць прадаць TVN, а ў якасці патэнцыйнага пакупніка разглядаецца чэшскі канцэрн PPF.






