Завяршыўся матч за Суперкубак УЕФА, у якім сустракаліся іспанскі “Рэал” і італьянская “Аталанта”. Гульня праходзіла на стадыёне “Нарадовы” ў Варшаве. На 59-й хвіліне матчу лік адкрыў паўабаронца мадрыдскага «Рэала» Федэрыка Вальвердэ з перадачы Вінісіуса Жуніёра. На 68-й хвіліне свой дэбютны гол за “Рэал” забіў нападнік Кіліян Мбапэ. Яму асіставаў найлепшы гулец гэтага матча Джуд Белінгем. “Рэал” у рэкордны шосты раз выйграў Суперкубак УЕФА.
Сяргей Кавальчук вярнуўся ў берасцейскае “Дынама”
50-гадовы спецыяліст пачаў працу ў якасці куратара маладзёжнага футбола. У абавязкі Кавальчука ўваходзіць курыраванне старэйшых ліцэнзійных узростаў СДЮШАР «Дынама-Брэст», кантроль і падрыхтоўка юных футбалістаў да пераходу ў дублюючы склад. Таксама Сяргей Пятровіч будзе ўдзельнічаць у селекцыйнай рабоце рэзервовай і асноўнай каманды. Сяргей Кавальчук – знакавая для «Дынама-Брэст» асоба. У якасці гульца, трэнера і функцыянера ён аддаў клубу больш за 20 гадоў. Як гулец, Сяргей Пятровіч правёў 178 матчаў у перыяд з 1996 па 2004 год, пасля чаго стаў галоўным трэнерам спачатку дубля, а затым і галоўнай каманды клуба, ля руля якой правёў 239 матчаў. Пры непасрэдным удзеле Сяргея Пятровіча, які таксама займаў пасаду спартыўнага дырэктара, дасягнуты ўсе асноўныя поспехі ў гісторыі “Дынама-Брэст”. У прыватнасці, былі заваяваны сем трафеяў, сярод якіх тытул пераможцы чэмпіянату Беларусі ў 2019 годзе.
Хакеісты “Хіміка” згуляюць з “Нёманам” у раўндзе плэй-ін Кубка Салея
Наваполацкі “Хімік” прабіўся ў кваліфікацыйны раунд плэй-ін другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі – Кубка Руслана Салея. У заключным матчы групавога этапа “Хімік” на сваім лёдзе сустракаўся з “Лакаматывам”. Асноўны час скончыўся з лікам 2:2. Авертайм наймацнейшага не выявіў, а ў серыі булітаў гульцы “Хіміка” рэалізавалі ўсе спробы і суперніка ўсё ж такі даціснулі – 3:2. Такім чынам, клуб з Наваполацка заняў другое месца ў групе “В”, набраўшы дзевяць ачкоў у шасці матчах. Пуцёўку ў “фінал чатырох” Кубка Салея, куды ўжо адабраліся “Віцебск” і “Юнацтва”, “Хімік” аспрэчыць з гарадзенскім “Нёманам”, які фінішаваў трэцім у пуле “А”. Паядынак адбудзецца на поўначы краіны 28 жніўня.
Менскія дынамаўцы абыгралі ХК “Нарыльск” у таварыскім матчы
Хакеісты менскага “Дынама” здабылі першую перамогу ў серыі таварыскіх матчаў напярэдадні новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі. У сераду падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава сустракаліся з прадстаўніком Усерасійскай хакейнай лігі “Нарыльскам”. Паядынак прайшоў на лёдзе канькабежнага стадыёна “Мінск-Арэны”, склад “Дынама” практычна поўнасцю складаўся з беларускіх гульцоў. “Зубры” адкрылі лік на пятай хвіліне матча намаганнямі Цімафея Каўгарэні, а ўсяго праз 25 секунд віншаванні ад партнёраў прымаў ужо Раман Гарбуноў. У сярэдзіне стартавага перыяду дакладны кідок нанёс Мікалай Салыга, а праз паўхвіліны Гарбуноў аформіў дубль – 4:0. У канцоўцы першага гульнявога адрэзка дынамаўцы злёгку расслабіліся, дазволіўшы гасцям скараціць адставанне ўдвая. Другая трэць выдалася куды менш выніковай: гледачы ўбачылі толькі адну закінутую шайбу – Гарбуноў стаў аўтарам хет-трыка. У заключнай 20-хвілінцы супернікі забілі па разу, за “зуброў” вызначыўся Сяргей Кузняцоў. Фінальная сірэна зафіксавала лік 6:3 на карысць “Дынама”.
Азаранка знялася з турніру WTA-1000 у Цынцынаці
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не выступіць на турніры ў амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У першым раундзе беларуска, якая займае 19-е месца ў сусветным рэйтынгу, павінна была сустрэцца з італьянкай Лючыяй Бранцэці, у якой 68-я пазіцыя, але незадоўга да старту вырашыла зняцца з турніру. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з траўмай пляча, з-за якой на мінулым тыдні яна не змагла дайграць турнір у Таронта. У 2013 і 2020 гадах Азаранка станавілася пераможцай спаборніцтваў у Цынцынаці. Трэцяя ракетка планеты Арына Сабаленка пачне турнір з другога раунда, дзе яе суперніцай будзе італьянка Элізабэта Качарэта.
На Паралімпіядзе выступяць 8 беларусаў у нейтральным статусе
На Паралімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы прымуць удзел восем беларускіх спартоўцаў. Яны дапушчаны да Параалімпіяды ў нейтральным статусе. Пра гэта паведамляе Sputnik, спасылаючыся на намесніка дырэктара РЦАП па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Аляксандра Флеркі. У плаванні выступяць Ігар Бокій, Дзмітрый Салей, Максім Вашкевіч, Яўген Кавалёнак, Ягор Шчалканаў і Анастасія Зудзілава. У лёгкай атлетыцы на арэну выйдуць кідальніца дзіды Лізавета Дабравольская і кідальнік булавы Уладзіслаў Грыб. Паралімпіяда пройдзе з 28 жніўня па 8 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя






