Варшаўскі шэлтар для былых беларускіх палітзняволеных, арганізатарам якога з’яўляецца музыка Сяргей Доўгушаў, другі раз прымае экс-палітвязняў. Першыя насельнікі шэлтара ўжо знайшлі сабе жытло і працу. Якія ўмовы ў часовым доме для былых палітзняволеных? Як доўга там можна знаходзіцца? І ў чым найбольш маюць патрэбу былыя палітзняволеныя? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае суарганізатар шэлтара, кіраўнік Дома творцаў Сяргей Доўгушаў у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Вызваляюцца палітвязні, некаторыя з іх можа з’едуць ці іх дэпартуюць з Беларусі за мяжу. Ці можа шэлтар прыняць новых палітвязняў, ці зараз і так ён запоўнены?
Сяргей Доўгушаў: Заўсёды дзверы адчыненыя, заўсёды хочацца дапамагаць. І ёсць такія правілы, што палітвязні пражываюць у нас да двух месяцаў. І за гэты час якраз знаходзяць сабе новае жытло, працу і так далей. І якраз засяляюцца новыя. На сённяшні дзень у Варшаве тры шэлтары, таму калі не да нас, то да Ганны Федаронак можна патрапіць, для таго яны і існуюць зараз, каб дапамагаць тым, хто вызваліўся, хто апынуўся ў вымушанай эміграцыі.
РР: Давай гісторыю згадаем пра шэлтар, які ты суарганізаваў. Калі ён узнік і чаму? Бо ўсе прызвычаіліся, што ты музыка, а тут вось шэлтар.
Сяргей Доўгушаў: Гісторыя адкрыцця шэлтара пачалася ў снежні 2025 года. Таму што вызвалілі якраз пэўную колькасць палітвязняў і хацелася нейкім чынам дапамагчы. А сапраўды ў Варшаве быў шэлтар адзін яшчэ Ганны Федаронак, але не хапала ўсё роўна месцаў. Тут з’явіўся такі добры варыянт дома, і разам з Домам творцаў мы вырашылі дапамагчы, адкрыць такі яшчэ адзін дом, дзе будуць жыць і атрымоўваць рэабілітацыю, бясплатнае пражыванне вызваленыя былыя палітвязні. Вельмі хутка арганізаваліся, былі валанцёры. І зараз ён функцыянуе, ёсць цэлая каманда тых, хто прыглядае за домам, хто адміністрыруе, засяляе, прымае. Я вельмі цешуся, што беларусы такія актыўныя і вельмі дапамагаюць адзін адному. Гэта вельмі важна. І дзякуй усім спонсарам, хто асабліва ахвяраваў на пачатку адкрыцця шэлтара, хто зараз дапамагае.
РР: Колькі чалавек можа прыняць шэлтар?
Сяргей Доўгушаў: У нас атрымоўваецца два дамы – Дом творцаў таксама дапамагае, калі неабходна засяліць былых палітвязняў. Шэлтар да 10 чалавек прымае, каб камфортна людзям было жыць. Па два чалавекі ў пакоі. Важна, каб людзям было камфортна. Таму ўсё зрабілі для таго, каб былі ўмовы вельмі камфортныя, каб чалавек мог спакойна выдыхнуць, не думаць ні аб чым, дзе спаць і што есці. У шэлтары таксама наладзілі працэс, што для былых палітвязняў нават бесплатныя прадукты харчавання. То бок, кожную нядзелю робіцца дастаўка.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






