Супраць вядомай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай распачалі крымінальную справу паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Ніну Багінскую ў мінулым годзе тройчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за «несанкцыянаванае пікетаванне». Агульная сума штрафаў склала 7200 рублёў. Акрамя гэтага, на яе складзеныя яшчэ пяць пратаколаў. Прычынай быў шпацыр па цэнтры Менска са значкам бел-чырвона-белага колеру на адзенні, а таксама неаднаразовая так званая «дэманстрацыя бел-чырвона-белай сімволікі» на вуліцах сталіцы.
Па звестках «Вясны», хутка над Нінай Багінскай пачнецца працэс у судзе Першамайскага раёна Менска. Як стала вядома, падчас следства па крымінальнай справе жанчыну некалькі разоў накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: “Вясна”






