“Тэорыя херсонскіх вокнаў. Як выжывае горад у 2025 годзе” – гэты дакументальны фільм зняў беларускі журналіст Сяргей Прохараў разам са сваёй жонкай Аленай, якія знаходзіцца ва Украіне падчас баявых дзеяннў. Сярод герояў – валанцёры, якія пацярпелі ад абстрэлаў, і простыя гараджане, якія дапамагаюць адзін адному і гораду выжываць, на чым усё і трымаецца, – распавялі нашыя сённяшнія Госці Рацыі ў гутарцы з Алісай Поль.

РР: Раскажыце, як узнікла ідэя зняць гэты фільм? І як гэта адбывалася?
Сяргей Прохараў: Фільм гэты быў зняты літаральна цягам месяца-паўтара. То бок, мы пачалі працу над ім і падрыхтоўку ў апошнія дні 2024 года – у першыя дні 2025. І ўжо ў сярэдзіне месяца мы каля пяці дзён непасрэдна знаходзіліся ў Херсоне, жывучы там і паказваючы рэаліі таго, што там адбываецца. Асновай стужкі стала падборка бачання сітуацыі і самога жыцця ў горадзе героямі – звычайнымі жыхарамі. Гэта, напрыклад, валанцёры, вадзіцель маршруткі, які пацярпеў ад расейскага дрона, пенсіянерка, якая даглядае кветкі ў горадзе, нягледзячы на тое, што ад яе дома фактычна паловы не засталося. Усе гэтыя людзі прайшлі акупацыю і ні разу не выязджалі з Херсона. Нехта падвяргаўся катаванням у расейскім палоне. Вельмі многа ўсяго прайшлі, але замест таго, каб з’ехаць з горада, яны, нават страціўшы дом, умудраюцца ствараць нейкія арганізацыі, якія дапамагаюць такім жа як і яны. І гэта вельмі класны прыклад натхнення, калі бачыш такіх людзей і чуеш гэтыя гісторыі.
У плане ўкраінска-беларускага ўзаемадзеяння таксама, мне падаецца, гэта такі цікавы момант, бо гэты фільм мы зрабілі фактычна ўдваіх без нейкага іншага ўдзелу. Гэта таксама, мне падаецца, добры прыклад таго, як беларусы і ўкраінцы могуць аб’ядноўвацца вакол нечага станоўчага.
РР: Як нарадзілася ідэя фільму і што вы праз яго хацелі паказаць для беларусаў і ўкраінцаў?
Алена: Тэхнічна гэта знята на два мабільныя тэлефоны, што было актуальна, бо горад закрыты для наведвання, толькі праз спецпропускі. Адбываюцца абстрэлы дронамі, яны фактычна палююць за людзьмі. І фактычна знаходзіцца ў Херсоне – гэта такая рулетка, выжывеш ці не. Для мяне, як рэжысёра, было важна паглядзець на горад, які больш за год таму быў вызвалены. Тады ўсе расказвалі, як усё ў Херсоне класна. Потым быў этап, калі быў патоп. Тады шмат журналістаў туды прыязджала і прадстаўнікоў міжнародных СМІ. І пасля пра яго ўсе забыліся, быццам там нічога не адбываецца, і ўсё ўжо ўладкавалася. Насамрэч, не. Гэта фактычна адзіны фарпост, які ёсць на беразе Дняпра. У некалькіх кіламетрах ад іх знаходзяцца расейцы, якія пастаянна абстрэльваюць і якія не даюць людзям жыць. І мне было вельмі цікава даведацца ў жыхароў Херсона, што іх там трымае?
“У фільме суровыя рэаліі, абстрэлы, адкрытыя гераічныя гісторыі. Асобная тэма – карціна палітуцекача, які з’ехаў з Беларусі, і з 2020 года працягвае жыць ва Украіне і супрацьдзейнічаць крамлёўска-лукашэнкаўскай прапагандзе як журналіст і блогер, ваенны карэспандэнт (гаворка пра самога аўтара стужкі)”, – дадаў Сяргей Прохараў.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя