BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Гайнаўцы прайшла сустрэча прадстаўнікоў Мінабароны з жыхарамі памежжа

У Гайнаўцы прайшла сустрэча прадстаўнікоў Міністэрства абароны і польскага войска з жыхарамі памежных з Беларуссю раёнаў, усхваляваных планамі дзяржавы пабудовы так званага “Усходняга Шчыта”.

fot. Marek Zabrocki

Гэта першая такая сустрэча з жыхарамі наконт пабудовы умацаванняў, каментуе наш рэдакцыйны калега, які таксама жыхар памежнай зоны, Міхал Андрасюк.

РР: Ці гэтая сустрэча развеяла пытанні? Ці ёсць упэўненасць пра будучыню нашага рэгіёну?

Міхал Андрасюк: На жаль, не развеяла. Прадстаўнікі і ўраду ў асобе віцэ-міністра і двух генералаў, якія прыехалі разам з ім, запэўнівалі ўсіх прысутных, што нічога дрэннага нас не чакае, нічога не зменіцца. “Усходні Шчыт” – гэта такая інвестыцыя, якая амаль не будзе ніякім чынам уплываць на жыццё мясцовага насельніцтва. Але калі былі пытанні больш падрабязныя, больш дакладныя, то замест таго, каб адказаць на пытанне, адказ быў зноў жа – нічога не зменіцца, не будзе ніякіх перасяленняў, высяленняў і так далей. Але пытанняў было шмат: і пра “Усходні Шчыт”, і пра дарогі, і пра камунікацыі і тэлекамунікацыі. Войска ўсё запэўнівае, што вырашыць усе гэтыя праблемы. Можна жартам сказаць, што ўсё будзе добра, можа нават лепш.

РР: Сустрэча праходзіла ў вялікай зале ў Гайнаўскім доме культуры. Ці шмат людзей прыйшло?

Міхал Андрасюк: Зала была поўная, як на добрым канцэрце. Толькі настрой быў не надта канцэртны. Пытанні застаюцца, пытанні пра чалавечыя лёсы. А войска больш кажа пра бяспеку, пра пагрозу вайной, пра тое, пра што войска найлепей ведае. Складана дыскутаваць з тэмай бяспекі, бо кожны хоча жыць бяспечна.

РР: Твая родная вёска Войнаўка знаходзіцца 2 – 3 кіламетры ад мяжы. Ці ты атрымаў упэўненасць, што не будзе высялення гэтай вёскі? Бо найбольшы жах, найбольшыя апасенні былі, што будуць гэтую зямлю купляць, прычым, дзяржава сваю цану будзе даваць і нажытак пакаленняў людзей стане ўласнасцю арміі. У Беластоку намеснік міністра Цэзары Томчык сказаў, што абсалютна гэтага не будзе, хаця могуць быць выключэнні.

Міхал Андрасюк: І тут было тое ж “хаця”. Я спытаў, хто будзе шацаваць усе гэтыя нерухомасці, якія знаходзяцца на мяжы. І  на якіх прынцыпах. Па якіх коштах? І калі б я атрымаў хаця б частковы адказ на сваё пытанне, добра, можа быў бы крыху спакайнейшы. Але адказ быў адзін: не будзе ніякіх высяленняў. Гэта калі чалавека пытаеш, скажыце нам, сёння аўторак, а што будзе ў сераду? А ён табе адказвае – ніякай серады не будзе. Будзе аўторак, аўторак, аўторак…

РР: Ці было абяцанне падрабязней інфармаваць пра іншыя крокі, прынамсі тыя, якія не з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай?

Міхал Андрасюк: Так, міністр запэўніў, што будзе прысутны на Падляшшы і на памежжы, усюды, дзе будзе будавацца “Усходні Шчыт”. Будзе размаўляць з людзьмі, сустракацца з жыхарамі і мясцовымі ўладамі. Трэба чакаць, што сваё абяцанне выканае.

РР: Мне здаецца, што замест рэгіёна, які павінен славіцца прыродай, аграсядзібамі, агратурызмам, атрымаем нейкі палігон. Ці было пытанне пра цывільны кантроль над арміяй?

Міхал Андрасюк: Не, на жаль, такіх пытанняў не было. Мне здаецца, што людзі, якія прыйшлі на сустрэчу, не вельмі зарыентаваныя, што такое армія і ваенны закон. Больш хвалявалі іх праблемы штодзённыя, уласныя.

Жыхароў прыгранічных мясцовасцяў хвалююць няясныя планы аб высяленнях ці адчужэннях са сваіх зямельных участкаў.

Раней у Падляшскім ваяводскім упраўленні прадстаўнікі Міністэрства нацыянальнай абароны і войска размаўлялі наконт  “Усходняга Шчыта” з прадстаўнікамі мясцовай улады.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя