BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Менску судзяць псіхолага са стажам за «садзейнічанне экстрэмізму»

Псіхолага з вялікім стажам Наталлю Верабей судзяць за «садзейнічанне экстрэмізму». Хутчэй за ўсё, яе затрымалі за дапамогу палітвязням, мяркуюць праваабаронцы.

Наталлі 60 гадоў. У прафесіі яна як мінімум з нулявых. У сацыяльна-педагагічным цэнтры Савецкага раёна Менска працуе найменш з 2011 года. Невядома, ці звольнілі яе праз крымінальную справу, бо на сайце цэнтру яна дагэтуль лічыцца сярод работнікаў і нават дзеячоў прафсаюза.

Таксама невядома, калі Наталлю затрымалі, але апошняя навіна пра яе выйшла напрыканцы мінулага года, хоць раней пра яе рэгулярна пісалі афіцыйныя каналы — напрыклад, канал адукацыі Савецкага раёна. Таксама адметна, што яе судзяць у той жа час, што і людзей, якіх затрымалі за дапамогу палітвязням. Але сутнасць абвінавачання дакладна невядомая.

Суд над Наталляй пачнецца 1 кастрычніка. Жанчыне пагражае да сямі гадоў калоніі. Невядома, ці яна за кратамі або яе пакінулі пад падпіскай.

Беларускае Радыё Рацыя