BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзіміру Хільмановічу прысудзілі 5 гадоў калоніі і вялікі штраф

19 жніўня Гарадзенскі абласны суд завочна абвесціў прысуд журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу па крымінальнай справе. Палітычны карны прысуд аформіў суддзя Ігар Собалеў. Па сукупнасці артыкулаў ён прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.

Публіцыста звінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Але фармальная сутнасць абвінавачвання дагэтуль невядомая. Уладзімір Хільмановіч ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года.

Суд не зняў арышт з большай часткі маёмасці журналіста: тэлевізар, пральная машына, лядоўня, будынак у вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёну, двухпакаёвая кватэра ў Гародні застаюцца пад арыштам. Усё гэта плануецца канфіскаваць у разе нясплаты штрафу. На мове судовай бюракратыі гэта гучыць як «обратив на него взыскание в счёт имеющихся по делу денежных взысканий в случае неуплаты в добровольном порядке».