
Ян Драўніцкі
Пра педагога, настаўніка вышэйшай катэгорыі і краязнаўца Яна Драўніцкага (1932-2018) доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс аднойчы сказаў: “Аглядаючы зробленае нястомным пастаўскім рупліўцам, ловіш сябе на думцы: наколькі ж своечасова ў Беларусі пачалі надаваць больш увагі малым гарадам і былым мястэчкам. Але відавочна, быць ім перыферыйнымі, правінцыйнымі, ці па-еўрапейску заможнымі і культурнымі — залежыць у немалой ступені ад энтузіястаў. Такіх, да прыкладу, як Ян Драўніцкі…”.
Гэта, сапраўды, так. Ян (Іван Пятровіч) Драўніцкі адкрыў беларусам постаць нашага суайчынніка Людвіка Хамінскага. Гэты нястомны кнігавыдавец і калекцыянер жыў у Альшэве на Мядзельшчыне, меў там у бібліятэцы славуты “Альшэўскі летапіс”. Ян Драўніцкі ж першым устанавіў, што летам 1914 года на Астравеччыне, у Клюшчанах і Баранях, ставілася ў прысутнасці аўтара купалаўская “Паўлінка”. Урэшце, ён апублікаваў сенсацыйны артыкул пра беларускія, мядзельскія карані адважнага французскага даследчыка акіянскіх глыбіняў Жака-Іва Кусто (1910-1997). І шмат-шмат яшчэ. Пра Жака Кусто Ян Драўніцкі распавядаў і пісаў шмат разоў, што вядомы акіянограф вынайшаў акваланг, кіраваў доследамі на судне “Каліпсо”, прыстасаваў для работы пад вадой кінакамеру і асабіста зняў каля 90 дакументальных фільмаў, а сярод іх — “Залатую рыбу” і “Свет без сонца”, якія былі адзначаныя прэміяй “Оскар”. Гэта ён прыдумаў і распрацаваў падводныя хаткі, дзе чалавеку можна жыць і працаваць. Гэта ён меў… беларускае паходжанне?!
“Да апошняй думкі мяне падштурхнула сустрэча, якая адбылася ў Вільнюсе ў красавіку 2007 года, — распавядаў Іван Пятровіч Драўніцкі. – Маёй субяседніцай выпадкова стала зямлячка з Мядзельшчыны Валерыя Пятроўна Кусто, якая нарадзілася ў 1916 годзе. Яна паведаміла мне, што гадоў з дзесяць назад, пасля смерці французскага вучонага на яе выйшлі дыпламатычныя работнікі ў сувязі з тым, што ёй належала атрымаць частку спадчыны па нябожчыку. Тады жанчына зацікавілася сваімі продкамі. Аказалася, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя дзесьці пад Мядзелем пражываў невядомы нам сёння чалавек з прозвішчам Кусто (ці Куста), які меў двух сыноў. Адзін з іх, Францішак, — гэта дзед Валерыі Пятроўны. Другі ж паехаў у Францыю на заработкі і там застаўся жыць, а сын яго, Леанард, меў нейкія адносіны да суднабудаўніцтва, камерцыі. Леанард Кусто быў двойчы жанаты, яго ж малодшы сын, Жак Іў (1910—1997), якраз і быў тым славутым рамантыкам-падводнікам. А паколькі брата Валерыі Пятроўны Станіслава (1922—1955) ужо не было ў жывых, яна заставалася адзінай спадкаеміцай даволі заможнага акіянографа (з 1957 года ён з’яўляўся дырэктарам славутага Акіянаграфічнага музея ў Манака) па “беларускай” генеалагічнай лініі. Аднак, узважыўшы ўсе акалічнасці, Валерыя Кусто ад спадчыны адмовілася. Калі дыпламатычныя работнікі наведалі яе другі раз, яна падпісала пра гэта адпаведны дакумент…”.

Працы Яна Драўніцкага
Нарадзіўся Ян Драўніцкі ў вёсцы Гвоздавічы на Пастаўшчыне. Закончыў Камайскую сямігодку, Пастаўскае педвучылішча, курсы выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры пры Аршанскім педінстытуце, а таксама завочна Менскі педістытут. Працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры, выкладчыкам нямецкай мовы, дырэктарам сельскіх школ Мядзельскага раёна.
Працуючы настаўнікам Ян Драўніцкі з 1958 года пачаў займацца краязнаўствам. Прыродная ўласцівасць дакапацца да сутнасці, глыбей раскрыць тэму клікала рупліўца ў дарогу. З магнітафонам у руках ішоў ён да людзей, запісваў, занатоўваў тое, што магло лёгка страціцца, бо існавала толькі ў вуснай форме. Быў частым госцем Мядзельскага краязнаўчага музея, архіваў у Глыбокім, Вільні, Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску, вядучых бібліятэк Санкт-Пецярбурга.

Працы Яна Драўніцкага
Веданне іншых моў дазваляла даследчыку працаваць з дакументамі напрамую, без дапамогі перакладчыкаў. Натхнілі займацца краязнаўствам сустрэчы і стасункі з цікавымі, неабыякавымі да гісторыі людзьмі. Гэта былі – Алесь Рылько, Іосіф Быхавец, Мікола Ермаловіч, Адам Мальдзіс, Генадзь Каханоўскі, Яўген Рапановіч, Мікола Улашчык, Яраслаў Звяруга, Міхась Чарняўскі, Канстанцін Каратай, Аркадзь Нафрановіч, Якуб Якубоўскі і іншыя даследчыкі Беларусі.
Лёсы людзей, гісторыя краю цікавілі Яна Драўніцкага даўно, але ў шчыльную заняцца любімай справай змог толькі тады, калі выйшаў на заслужаны адпачынак. На ніве адукацыі ён адшчыраваў 48 гадоў. Яшчэ 14 гадоў вёў краязнаўчы гурток. У цэлым на працягу 62 гадоў займаўся выхаваннем падрастаючага пакалення! Сферамі зацікаўленасці ў краязнаўстве былі фальклор, тапаніміка, лакальная гісторыя, знакамітыя людзі, нараджэнцы мясцовасці. Геаграфічна тэрыторыя даследаванняў супадала з тэрыторыяй вадазбору ракі Страчы і яе прытокаў: Астравеччына, Мядзельшчына, Пастаўшчына.

Працы Яна Драўніцкага
Адкрыццямі шчодра дзяліўся з грамадскасцю. Цікавыя, змястоўныя артыкулы з’яўляліся на старонках розных рэспубліканскіх выданняў. Асобнымі кнігамі былі надрукаваны яго даследаванні: «Мая Віленшчына», «Прафесар музыкі з Камай», «Мастакі з дынастыі Ромераў», «Тутэйшая. Гэлена Ромер-Ахенкоўская», «Легенды і паданні Нальшчанскага Паазер’я», «Пастаўская беларуская настаўніцкая семінарыя», «Пастаўскае педагагічнае вучылішча ў люстэрку часу», «Спадчына Міжазер’я», «Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі» і іншыя.
Разам са школьнікамі Ян Драўніцкі прымаў удзел у экспедыцыях, экскурсіях, у правядзенні творчых імпрэз краязнаўчай тэматыкі. Ён распрацаваў і здзейсніў паходы па маршрутах “Чароўны родны край Астравеччына”, “Полацкі тракт”, “Па экалагічных сцежках блакітных азёр”, “На радзіму Казіміра Сваяка”, “Сцежкамі Габрыелі Пузыні” і дзесяткі іншых. Правёў з настаўнікамі і вучнямі шматлікія этнаграфічныя вечары на самыя розныя тэмы. Ён быў па прафесіі – настаўнік, а па прызванні сваім – краязнавец, пісьменнік, журналіст. Шмат сваіх матэрыялаў Ян Драўніцкі напісаў, прысвечаных Адаму Міцкевічу, Міколу Улашчыку, Адаму Гурыновічу, Фларыяну Ждановічу, Паўліне Мядзёлцы, Янку Быліну, Фларыяну Даноўскаму і іншым вялікім людзям нашай Бацькаўшчыны.
Святлана Цішык, Беларускае Радыё Рацыя






