
Васілёчкі сінія –
Кветачкі някідкія,
Абвілі наміткаю
Вы палеткі жытнія.
Вочкамі нябеснымі
Сусвет сузіраеце
І мяне, гаротнага,
Пра шчасце пытаеце.
Няма шчасця, родныя:
У чужой староначцы
Думкі невясёлыя
Ткуцца, як красёначкі.
Выгнаны я злыднямі
З зямелькі радзімае,
Аб’яўлены ворагам
Ліхою часінаю.
Болем сэрца поўніцца
І тугой нясцерпнаю.
Веру: на Радзіму я
Вярнуся хоць вершамі.
Вы прыветна стрэнеце,
Васількі блакітныя,
Песні эмігранцкія,
Што з пакутаў вытканы.
Гэтыя радкі некалі напісала настаўніца роднай мовы, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху ў 1980-1990-х гадах, шчырая беларуска з Салігорска Марыя Мацюкевіч (1949-2003). Верш называецца “Маналог паэта-эмігранта”. Ён вельмі актуальны і сёння.
Марыя Мацюкевіч пражыла толькі 54 гады. За свой кароткі зямны шлях Марыі Сцяпанаўне давялося зведаць шмат шчаслівых і радасных хвілін: любімая праца (настаўніца роднай мовы і літаратуры), выгадаваць і “падняць” малых дзетак – дачушку Алену і сыночка Сцяпана, дачакацца і калыхаць унучкаў – дарагую Гануську і маленькага Сцяпанку. Але не заўсёды лёс быў літасцівы да яе. Давялося перажыць усё: і непаразуменне калег і начальства, і не заўсёды матэрыяльны дастатак сям’і, клопаты і турботы за лёс дзетак. Але сама цяжкі боль напаткаў яе з прычыны трагічнай гібелі дарагога сыночка Сцяпана. Тым больш, што ні хвароба падкасіла маладога прыгожага хлопца, а страшная трагедыя, якая адбылася на вачах салігорцаў 9 траўня 2000 года ля фантану ў цэнтры Салігорска. Як ні старалася Марыя Сцяпанаўна знайсці сведак таго здарэння, даведацца пра абставіны бойкі, якая каштавала маладога жыцця яе сына, нічога не атрымалася. Гэта падкасіла здароўе і самой матулі. У выніку – у Марыі Мацюкевіч не вытрымала сэрца.
Як пісаў Уладзімір Арлоў: “Марыя была ўпэўнена, што вулічную бойку, у якой загінуў сын, справакавалі яе “куратары”. А крымінальная справа паводле факту сынавай смерці была распачата толькі пад ціскам няўцешнае маці”…
Марыя Мацюкевіч нарадзілася ў вёсцы Заўшыцы Салігорскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыла Заўшыцкую васьмігодку, потым – Крывіцкую сярэднюю школу. Вышэйшую адукацыю атрымала на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Морацкай і Рогаўскай васьмігадовых школах, загадвала Заўшыцкай прыклубнай і Чырвонадворацкай сельскімі бібліятэкамі на Салігоршчыне.
З 1970 года жанчына жыла ў Салігорску. Працавала кур’ерам у рэдакцыі аб’яднанай газеты “Шахцёр”, выхавацелькай у дзіцячым садку. А з 1977 года і да канца сваіх дзён працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры сярэдніх школ №№ 9 і 11 горада Салігорска.

Марыя Мацюкевіч сядзіць злева падчас сустрэчы з паэтам Генадзем Бураўкіным
Марыя Мацюкевіч актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці горада і краіны. Пры яе непасрэдным удзеле ў Салігорску і раёне была створана арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”. На грамадскіх асновах жанчына выдавала газету “Рагнеда”, якая мела на мэце далучыць чытачоў да гісторыі рэгіёна, да цудоўнай духоўнай спадчыны Салігоршчыны і ўвогуле ўсёй зямлі беларускай. Яна брала ўдзел у Першым з’езде беларусаў свету, у Міжнароднай канферэнцыі па пытаннях эканамічнага гаспадарання ў Беларусі і суседнііх дзяржавах.

Марыя Мацюкевіч і Вольга Іпатава
З лістапада 1994 года Марыя Мацюкевіч была сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. У студзені 1995 года яна ўзначальвала Салігорскую філію Грамады. На першай сесіі ІІІ з’езда БСДГ абіралася сябрам Цэнтральнай рады партыі. На другой сесіі была вылучана кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета па Салігорскай Паўночнай выбарчай акрузе № 212.

Марыя Мацюкевіч была творчай асобай, яна сама рэдагавала тэксты да сваёй газеты “Рагнеда”, пісала матэрыялы, а ў вольны час стварала паэтычныя творы на самыя розныя тэмы. У вершах і артыкулах жанчыну хваляваў лёс Бацькаўшчыны, лёс роднай мовы, яна хораша і шчыра апявала прыгажосць роднага краю. Шмат сваіх вершаў паэтка прысвяціла ўнукам, дзецям, сябрам, а таксама каханню.

Марыя Мацюкевіч з унучкай Гануляй
Марыя Мацюкевіч была і засталася сапраўднай патрыёткай Беларусі, дачкой беларускага народа, шчырай руплівіцай роднага слова і выдатным педагогам. Сваім жыццём, сваёй працай, вялікай грамадскай дзейнасцю беларуска пакінула адметны і напаўторны след у сэрцах многіх людзей. Асабліва тых, хто яе ведаў, кантактаваў з ёй, працаваў, сустракаўся, быў яе вучнем. Беларусь яшчэ годна ўшануе яе імя.




