
Беларускі грамадскі актывіст, вязень ГУЛАГу Мікола Канаш (1926-2006) і паэтка Ларыса Геніюш пазнаёміліся ў Інце ў 1949 годзе. Жаночы чацвёрты ОЛП (особые лагера политических) у якім знаходзілася Ларыса Геніюш, быў недалёка ад мужчынскага лагера — кіламетраў чатыры. Там адбываў тэрмін за прыналежнасць да СБМ (Саюз беларускай моладзі) і Мікола Канаш. Паміж лагерамі працавала пошта, хоць нярэдка здараліся і правалы. Паэтка вяла вялікую перапіску і кожнаму адрасату давала псеўданім. Міколу часцей за ўсё называла сынам ці братам. Ён працаваў у шахце, на адбойным малатку, штодня выбіваючыся з сіл. Праца гэтая лічылася найцяжэйшай. Выкарыстоўвалі на ёй пераважна маладых і хто меў тэрмін зняволення на 25 гадоў. Але час для перапіскі Мікола Канаш знаходзіў. Лісты ад яе хаваў у самой шахце, а некаторыя проста нішчыў. Праўда, сустрэцца ў ссылцы ніяк не атрымлівалася.

Пасля смерці Сталіна, у 1954 годзе, калі дыхаць стала вальней, яму ўсё ж удалося першы раз спаткацца з беларускай паэткай. Аднойчы, калі Ларыса Геніюш працавала на таварнай базе — адкідвала снег ад дзвярэй, «прабівала» пад’езды, яны сустрэліся. Але неўзабаве Міколу Канаша пагналі па этапах, і сувязь паміж імі перарвалася. Але аднаго дня ў рукі яму трапіла газета “Уголь стране”, што выдавалася ў Інце спецыяльна для зняволеных. На адной са старонак ён убачыў верш на рускай мове “Уголь”. Пад ім стаяў подпіс — Лариса Гениуш. Яны зноў наладзілі, на гэты раз ужо афіцыйную, перапіску.
У 1955 годзе паэтку ўзялі на этап з лагера пасёлка Абяз і павезлі ў Казахстан. З таго часу іх сувязі зноў перарваліся. І толькі ў 1970 годзе, тады Мікола Канаш яшчэ жыў у Комі АССР, пошта прынесла яму ліст з роднай Беларусі. Ларыса Антонаўна пісала: “Столькі часу мінула… Я цябе шукала і думала па-рознаму… Чакаю ў госці…”.
Спадар Канаш сядае на самалёт і ляціць у Беларусь аж у Гародню. Адтуль аўтобусам у Зэльву. Пастукаў у дзверы. Адчыніла незнаёмая яму жанчына.
—Вам каго? — спытала яна.
—Мне Ларысу Антонаўну.
—Я і ёсць. А хто будзеце вы?
—Я — Мікола Канаш.
—А чым вы гэта дакажаце?..
—Пастараюся даказаць…
—То заходзьце ў хату, — запрасіла спадарыня Геніюш…
Так яны спаткаліся. А потым, калі Мікола Канаш у 1973 годзе назаўсёды пераехаў з Комі ў Беларусь, сустракаліся часцей. У адным з нтэрв’ю 1993 года Мікола Канаш прыгадваў: “Я тады быў яшчэ малады, і па спартыўнай выпраўцы і вопратцы многія мяне лічылі супрацоўнікам органаў дзяржбяспекі. Наведваўся, а праз дзень ці два знікаў у невядомым напрамку. Літаральна праз некалькі гадзін мог аказацца ў Вільні ці ў Менску, альбо ў Латвіі ці ў Паставах. А з сабою вёз новыя вершы, сфатаграфаваныя на пазітыўную плёнку, праяўленую там жа, у Ларысы Антонаўны. Плёнка займала вельмі мала месца і пры зразумелых абставінах магла быць знішчана ці выкінута ў дарозе. Прыязджаў у Зэльву без шапкі і акуляраў, а недзе ў Баранавічах надзяваў і тое, і другое. Магчыма, усё гэта было і залішне, але, прайшоўшы праз многія выпрабаванні, сутыкнуўшыся з мноствам прадажных стукачоў, вымушаны мы былі так рабіць. Ларыса Геніюш у гэтых адносінах была вельмі прадбачлівая. І многіх наведвальнікаў проста з парога выпраўляла з ветрам…”.

Ліст Міколы Канаша да Дануты Бічэль
Мікола Канаш адбыўшы сталінскія лагеры, а потым адпрацаваўшы шмат гадоў шахцёрам, меў добры заробак і пенсію. Таму ён часта высылаў Геніюшам пасылкі, асабліва, калі адпачываў на Поўдні, то адтуль слаў апельсіны, лімоны, іншую на той час экзатычную садавіну ў Зэльву. Гэта дзякуючы Міколу, мы маем сёння дзесяткі, а то і сотні фотаздымкаў з выявамі Геніюшаў, іх сваякоў і сяброў, фотаздымкі хаты, пакояў, дзе жыла вялікая паэтка. Бо ў хаце Ларысы Антонаўны і Івана Пятровіча ён заўсёды быў самым дарагім госцем.
Нарадзіўся Мікола Канаш у вёсцы Азярана на Браслаўшчыне, там атрымаў пачатковую адукацыю. Калі пачалася Другая сусветная вайна, пераехаў у Паставы, дзе вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі, потым далучыўся да Саюза беларускай моладзі. А калі, пасля вайны, служыў у войску, яго арыштавалі падчас камандзіроўкі і асудзілі на 25 гадоў за ўдзел у СБМ. Пакаранне адбываў у Інце, у лагеры, акрамя Ларысы Геніюш, пазнаёміўся з сябрам падпольнай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі паэтам Віталем Губарэвічам, чые вершы перадаваў Ларысе Геніюш для ацэнкі, а таксама з іншым удзельнікам СБМ — Пятром Рашэтнікам.
Пасля вызвалення беларус мусіў застацца ў высылцы ў Комі АССР працаваць у шахтах. Праз шмат гадоў пасля вызвалення атрымаў прапанову атрымаць кватэру і пуцёўку на адпачынак у Карлавых Варах, але ўзамен трэба было ў мясцовай газеце пакаяцца за сваё далучэнне да СБМ у маладосці — пазней Мікола Канаш казаў: «Не, і яшчэ раз не, — адказаў я. Здраднікам радзімы не лічыў сябе ніколі».
У высылцы Мікола Канаш сустрэў сваю будучую жонку — украінку Соф’ю, якую таксама засудзілі на 25 гадоў «за нацыяналізм», у прыватнасці за тое, што падняла з зямлі ліст, які кінуў на дол адзін з палонных байцоў Украінскай паўстанцкай арміі, калону якіх гналі па вуліцы. Міколу і Соф’ю таемна павянчаў былы зняволены ўкраінскі ўніяцкі святар.
У 1973 годзе Мікола Канаш атрымаў мажлівасць вярнуцца ў Беларусь, але з усіх гарадоў яго пагадзіліся прыняць толькі ў Жлобіне, дзе ён потым і жыў да канца жыцця. У 1990-я гады і пазней Мікола Канаш, як піша пісьменнік Уладзімір Арлоў у сваёй кнізе “Імёны свабоды”(Мінск, 2007) афіцыйна не далучаўся ні да якіх грамадскіх арганізацый у Жлобіне, але сябраваў з мясцовымі асяродкамі БНФ і ТБМ, моладзь з якіх, паводле Соф’і Канаш, стала наведвала кааператыўную кватэру Канашаў.
Памёр і пахаваны шчыры беларус у Жлобіне.
Аксана Бельская, Беларускае Радыё Рацыя






