
Такім людзям, якім быў краязнавец з Віцебска Мікола Плавінскі (1927-2009), трэба ставіць помнікі, адкрываць мемарыяльныя шыльды, выдаваць іх даследаванні асобнымі кнігамі, распавядаць у друку. А Мікола Плавінскі пры жыцці так і не выдаў ніводнай кнігі, хоць напісана ім было шмат. І ніхто яму не падказаў, не дапамог. А шкада… Ды і цяпер творчая інтэлігенцыя Віцебшчыны маўчыць, не рупіцца, а тым болей пра гэта не дбаюць улады. Ды і дбаць не будуць. Праўда, адна невялікая брашурка ўсё ж пабачыла свет пад назвай “Юр’ева горка з арліных вышынь” (Віцебск, 1994). Але гэта кропля ў моры з усяго таго, што даследаваў, адшукаў і апублікаваў Мікола Плавінскі.
І нават блізкія сябры яму не дапамаглі выдаць кнігу артукулаў, хоць ён іх ніколі пра гэта не прасіў. А сябраваў краязнавец з Віцебска з Рыгорам Барадуліным, Янкам Брылём, Васілём Быкавым, Зоськай Верас, Нілам Гілевічам, Сяргеем Грахоўскім, Уладзімірам Караткевічам, Аляксеем Каўкам, Зянонам Пазьняком, Янам Скрыганам, Міколам Улашчыкам, Станіславам Шушкевічам (старэйшым), Генадзем Кісялёвым, Генадзем Каханоўскім… Ды ўсіх пералічыць немагчыма. Уявіце, просты рабочы чалавек з Віцебска, у вольны час даследуе сваю зямлю, лёсы землякоў, вядзе перапіску, удзельнічае ў шматлікіх навукова-краязнаўчых канферэнцыях. Ён цягам 30 гадоў выпісваў амаль усе рэспубліканскія выданні і склаў багаты прыватны архіў матэрыялаў пра Віцебшчыну і Беларусь. Матэрыялы ўтрымліваліся ў дзясятках спецыяльных шуфлядах, для захавання якіх пабудаваў асобнае памяшканне. Для спрашчэння карыстання сваімі фондамі краязнавец стварыў спецыяльную картатэку.
Актыўна займаючыся краязнаўчым вывучэннем гісторыі Віцебска і яго наваколляў, Мікола Плавінскі апублікаваў шмат матэрыялаў. Яго друкаваная спадчына на краязнаўчую тэматыку ўключае ў сябе больш за сотню артыкулаў у агульнабеларускім і мясцовым друку. На старонках друкаваных выданняў выступаў з артыкуламі, прысвечанымі роднаму краю, рэцэнзіямі на кнігі пра Беларусь, пісаў публіцыстычныя артыкулы ў абарону беларускай мовы, гісторыі, культуры.
Па словах беларускага гісторыка Генадзя Кісялёва, беларускай мовай Мікола Плавінскі валодаў як сапраўдны літаратар.
Родам Мікола Плавінскі быў з вёскі Уланавічы Віцебскага раёна. Гісторыяй і родным краем зацікавіўся яшчэ са школы. Ужо тады сабраў вялікую бібліятэку, але яна загінула падчас Другой сусветнай вайны.
У гады вайны Мікола Плавінскі быў сябрам Саюза беларускай моладзі. За гэта яго засудзілі да 10 гадоў сталінскіх лагераў. Тэрмін пакарання адбываў на Кубані і Урале. Вярнуўшыся дадому ўладкаваўся ў Віцебскую мехкалону № 43 Беларускай чыгункі, дзе працаваў цесляром да выхаду на пенсію. Па службе шмат вандраваў (разам з мехкалонай) па Беларусі, Літве, Заходняй Расіі. У час летняга адпачынку аб’ездзіў амаль увесь былы СССР (як чыгуначнік меў права на бясплатны квіток). Быў у Хабараўску, Новасібірску, Узбекістане, Каўказе, Малдавіі і іншых рэгіёнах СССР. Аглядаў цэнтры гарадоў, наведваўся ў кнігарні. Свае ўражанні занатаваў у некалькіх дзесятках блакнотаў, на аснове якіх рабіў альбомы.
Шчыра сябраваў Мікола Плавінскі з краязнаўцам і пісьменнікам Генадзем Каханоўскім з Маладэчна. У кастрычніцкім нумары “Маладосці” за 1984 год Генадзь Каханоўскі пра яго згадаў так:
“Выбраўшыся ў дарогу, трэба лічыць усе дні, вечары, гадзіны, каб дома сумленне не заядала ад нечага недаробленага. Пасля дзённых паездак па Віцебшчыне іду да мясцовага калекцыянера і краязнаўца Міколы Хведаравіча Плавінскага, пра кампетэнтнасць якога ўжо пісаў Генадзь Кісялёў. Просты рабочы абраны членам Цэнтральнага савета рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Друкуецца, добра ведае край…
На прыцішаным завулку Перамогі ў Віцебску ў змайстраваных сваімі рукімі драўляным доміку жыве дабрадушны чалавек, заўсёды энергічны, падцягнуты. Гаспадар быў дома і ветліва сустрэў мяне. У знешнім выглядзе яго ўгадваўся хутчэй даследчык гісторыі краю, чым сталяр.
Для сапраўднага краязнаўца мае пытанні не былі нечаканасцю. Пра ўсіх маіх герояў ён чуў, чытаў, цікавіўся сам. І калі для настаўніцы з Васількоў што Вярыга-Дарэўскі, што Рыпінскі — усё абстрактнасць, то для сталяра Віцебска ПМК-43 Міколы Плавінскага гэта рэальнасць. Завёў мяне ў свой пакой-бібліятэку. Талковы падбор літаратуры па гісторыі і культуры Падзвіння. Рэдкія выданні. Мала хто з інтэлігентных віцебчукоў можа пахваліцца такой бібліятэкай, такімі скарбамі, якія мае просты рабочы.
Вярнуўшыся позна ўвечары з работы, ён штодня праглядае ўсю сваю багатую перыёдыку. Тут жа робіць выразкі, падпісвае складае ў ім самім змайстраваныя скрыначкі: “Тэатр”, “Музей”, “Літаратура”. “Археалогія”, “Фальклор”, “Вайна 1941-45 гг.” і г.д. Больш за сотню такіх скрыначак. Вось дзе сапраўдны архіў краязнаўца! І ніколі не чуў, каб гэты чалавек вытыкаўся дзе сваімі ведамі, а яны ж даволі глыбокія, ці каб настырна ставіў пад сумненне кампетэнтнасць іншых”.

артыкул Генадзя Каханоўскага з аўтографам
Шэраг здабыткаў і адкрыццяў зробленыя віцебскім краязнаўцам Міколам Плавінскім, маюць важнае значэнне не толькі для краязнаўства Віцебшчыны, але і гістарычнай навукі Беларусі. Прыкладам, у 1974 годзе ён адшукаў мясцовасць, дзе знаходзілася былая вёска Пуцявішча, такім чынам лакалізаваў месца дзеяння паэмы “Тарас на Парнасе” і месца жыхарства галоўнага героя – палясоўшчыка Тараса, а дзякуючы дзейнасці Генадзя Кісялёва, увёў яе ў навуковы ўжытак. Знаходка стала важным аргументам у вырашэнні спрэчкі адносна аўтарства паэмы на карысць Канстанціна Вераніцына.
Мікола Плавінскі знайшоў месца пахавання Ігната Манькоўскага – беларускага асветніка ХІХ стагоддзя, аднаго з верагодных аўтараў першай паэмы на беларускай мове “Энеіда навыварат”, які пражываў у маёнтку Мілае, цяпер гэта вёска Мазалава Віцебскага раёна.
Высветліў месца пахавання Дарты Пліекшане (Грышкоўскай) – маці народнага латышскага паэта Яна Райніса і стаў ініцыятарам усталявання на гэтым месцы памятнага знака.
Мікола Плавінскі 17 гадоў перапісваўся са спеваком Міхасём Забэйдам-Суміцкім. У 1963 годзе ён пабыў на яго канцэрце ў Віцебску. У беластоцкай “Ніве” надрукаваў артыкул пра гэтую падзею. Толькі ў 1988 годзе ў “Віцебскім рабочым” быў надрукаваны гэты артыкул-згадка, хоць за яго рэдактара ўсё роўна выклікалі ў Менск “для тлумачэнняў”. Лісты спевака краязнавец перадаў у Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва.

Мікола Плавінскі шмат гадоў даследаваў жыццë і дзейнасць беларускага пісьменніка 1920-1930-х гадоў Зміцера Жыткевіча. Склаў ягоную біяграфію і напісаў артыкул пра пісьменніка для бібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”.
Мікола Плавінскі вельмі часта прымаў удзел у навуковых канферэнцыях, быў дэлегатам устаноўчага з’езда ТБМ, Першага з’езда беларусаў свету, Устаноўчага з’езда Беларускага краязнаўчага таварыства. Яго любілі і паважалі, а Рыгор Барадулін прысвяціў яму свой верш.
Сёння на Віцебшчыне імя Міколы Плавінскага забыта. Памятаюць яго толькі сябры і тыя, каго цікавіць гісторыя роднага краю.
Валянціна Кузьменка, Беларускае Радыё Рацыя






