
Жыў у Баранавічах цудоўны чалавек Віктар Сырыца (1953-2015). Гэта быў сапраўдны дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі, педагог, гісторык, краязнаўца.
Нарадзіўся Віктар Сырыца 5 сакавіка 1953 года ў вёсцы Слабодка Нясвіжскага раёна. У 1979 годзе скончыў Менскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Гісторыя і замежная (французская) мова”.
Далейшы яго лёс і дзейнасць былі звязаны з Баранавічамі, дзе Віктар працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдніх школах № 6, № 8, № 20, у недзяржаўным эканоміка-юрыдычным каледжы. Пасля звальнення па палітычных матывах у 2006 годзе беларус працаваў рэпетытарам.
З 1994 па 2001 год Віктар Сырыца быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, неаднаразова ўдзельнічаў у выбарах у гарадскі, абласны саветы дэпутатаў.
З 1996 да 2015 года ён быў кіраўніком Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Дзякуючы Віктару ў Баранавічах рэгулярна праводзіліся розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі кніг, віктарыны, конкурсы.
На адных з прэзідэнцкіх выбарах Віктар Сырыца быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў Баранавічах і адзіны прагаласаваў супраць зацвярджэння выніковага выбарчага пратаколу на знак пратэсту супраць фальсіфікацый. Калі Мікола Статкевіч быў за кратамі, Віктар Сырыца адведваў ягонага бацьку Віктара Статкевіча, які жыў у Баранавічах.
За палітычныя погляды Віктара Сырыцу ў часе перадвыбарчай кампаніі 2006 году звольнілі з пасады выкладчыка ў Баранавіцкім каледжы.
Як краязнаўца і гісторык, Віктар Сырыца шмат друкаваўся ў прэсе. Ён быў ініцыятарам і арганізатарам гістарычных чытанняў да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, святаў, фэстаў (у тым ліку фэсту 2 чэрвеня 2013 года ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай 1863 года). Краязнавец актыўна даследаваў гісторыю паўстання 1863 года ў Баранавіцкім краі.

Фэст “Бітва пад Мілавідамі”. У першым шэрагу Уладзімір Гундар, Мікола Купава і Віктар Сырыца
Віктар Сырыца з’яўляўся адным з ініцыятараў устаноўкі памятнага знака Палонкаўскай бітвы 1660 года, перадачы «Люблю наш край» на баранавіцкім радыё.
Вялікім дасягненнем Віктара Сырыцы стала аднаўленне пад яго кіраўніцтвам дома-сядзібы ТБМ у аграгарадку Русіны, што знаходзіцца ў прыгарадзе Баранавічаў.

Віктар Сырыца і Уладзімір Арлоў
За сваю грамадска-палітычную дзейнасць неаднаразова падвяргаўся рэспрэсіям з боку ўладаў у 2013-2015 гадах.
У 2016 годзе рашэннем Рады Руху “За Свабоду” была заснаваная прэмія імя Віктара Сырыцы. Ёй уганароўваліся аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны.
На вялікі жаль, Віктару Сырыцу лёс адмераў толькі 62 гады. Памяць пра яго ў Баранавічах не ўшанавана, але ён застаўся ў памяці сваіх землякоў, сяброў і ўсіх тых, хто ведаў гэтага светлага і сумленнага чалавека.






