У Беларусі налічылі 243 спецыялізаваныя аб’екты грамадскага харчавання, якія прапануюць стравы, што адлюстроўваюць аўтэнтычнасць рэгіянальнай кухні. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Мінгандлю Ірына Лішай.

“Гэта традыцыйныя стравы з бульбы — дранікі, бабкі і клёцкі. Таксама ў меню ўваходзяць беларускія супы: халаднікі, грыбныя і сытныя супы, мясныя стравы, такія як мачанка і верашчака, а таксама хатнія каўбаскі. Традыцыйныя блінцы і аладкі з рознымі начынкамі таксама займаюць важнае месца ў меню. Асартымент страў можа вар’іравацца ў залежнасці ад рэгіёна і святаў”, — удакладніла чыноўніца. Яна дадала, што ў краіне актыўна развіваюцца айчынныя сеткі грамадскага харчавання пад уласнымі брэндамі.
17 млн рублёў: запазычанасць па заробках у Беларусі — BELPOL
На 1 лістапада заработная плата не была выплачаная ў 50 арганізацыях Беларусі. Сума пратэрмінаванай запазычанасці складала 20,3 млн рублёў. Да 1 снежня ўжо ў 64 арганізацыях дапусцілі нявыплату заробку. Такімі дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта падзяліўся BELPOL з Еўрарадыё. Менск лідзіруе па колькасці арганізацый, якія дазваляюць сабе затрымліваць заробкі работнікам. Найменш такіх прадпрыемстваў у Гомельскай вобласці.
Пасля адмены санкцый «Белавія» будуе планы на палёты ў ЗША
Пасля таго, як ЗША адмянілі санкцыі супраць беларускай авіякампаніі Belavia, яна пачала больш актыўна развіваць сетку сваіх маршрутаў. У сувязі з гэтым узнікла пытанне, ці магчымыя ў будучыні палёты ў Злучаныя Штаты, піша Office Life. І хоць у 2026 годзе рэйсаў у ЗША пакуль чакаць не варта, але праца ў гэтым кірунку вядзецца, у якасці найбольш перспектыўнага напрамку разглядаецца Ню-Ёрк.
Апошнім часам у Belavia з’явіліся тры далёкамагістральныя самалёты. Два з іх ужо эксплуатуюцца, што дазволіла адкрыць рэйсы на Хайнань, у В’етнам і на Шры-Ланку. Цяпер кампанія збіраецца пачаць палёты ў Тайланд.
Польская чыгунка мае намер закупіць звышхуткасныя цягнікі
Пасля дзесяцігоддзя існавання з хуткаснымі цягнікамі Pendolino, у Польшчы хочуць зрабіць яшчэ адзін крок. Разам з праграмай Цэнтральнага камунікацыйнага порта вылучаны калідоры для звышхуткаснай чыгункі. Чакаецца, што яна будзе працаваць з максімальнай хуткасцю 320-350 км/г, а не 200 км/г. Да канца снежня мае быць абвешчаны тэндар на набыццё такіх цягнікоў. Праект таксама будзе ўключаць будаўніцтва сэрвіснага цэнтра і доўгатэрміновае абслугоўванне рухомага складу. Кошт аднаго цягніка ацэньваецца прыкладна ў 130 мільёнаў злотых.
PKP Intercity плануе падпісаць кантракт на новы рухомы састаў у сярэдзіне 2027 года.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






